Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія прадпрыемствы рыхтуюцца да працы ў складаных фінансавых умовах


Радыё Свабода Ва ўрадзе не хаваюць, што падваеньне коштаў на газ нэгатыўна паўплывае на фінансавы стан беларускіх прадпрыемстваў. Урад абяцае падтрымаць некаторыя зь іх ды не падвышаць тарыфаў на камунальныя паслугі для насельніцтва. Тым часам валютны ажыятаж, які быў прыкметны ў Менску ў разгар газавага крызісу, пачаў аціхаць.

Чэргаў ля абменных пунктаў замежнай валюты пасьля навагодніх сьвятаў няма, прыпынілася й закрыцьцё дэпазытных рахункаў. Ажыятаж быў у пік газавага процістаяньня, паведаміла супрацоўніца аднаго зь менскіх банкаў:

Супрацоўніца: “Куплялі вельмі вялікія сумы валюты, ужо й валюты асабліва не хапала, яе з касы ў касу насілі. Такія сумы, як 2000 эўра, — чалавек жа не з зарплаты купляе”.

Былы старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч мяркуе, што ўладам удасца пазьбегнуць дэвальвацыі нацыянальнай валюты:

Багданкевіч: “Я не чакаю ажыятажу, лічу, што ёсьць рэзэрвы для таго, каб 2007 год пратрымацца”.

Да такіх рэзэрваў спадар Багданкевіч аднес фонд разьвіцьця, які складае 600 мільёнаў даляраў, 1,5 мільярда золата-валютных рэзэрваў Нацбанку, а таксама прафіцыт бюджэту за мінулы год, чаканыя даходы ад продажу “Белтрансгазу”.

Багданкевіч: “Думаю, што да канца году й на пачатку наступнага, калі цэны на газ будуць яшчэ павялічаныя да 67% ад усясьветнага кошту, тады можа быць паніка і абвал”.

Ва ўрадзе прызналі, што найперш пацерпяць прадпрыемствы, якія часткова возьмуць на сябе выдаткі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, таму што рост камунальных плацяжоў для насельніцтва захаваецца на ўзроўні 5 даляраў за двухпакаёвую кватэру на год.

Гаворыць першы віцэ-прэм’ер ураду Ўладзімер Сямашка:

Сямашка: “Безумоўна, падвышэньне тарыфаў для рэальнага сэктару эканомікі будзе, наступны год для эканомікі будзе складаны, надзвычай цяжка будзе плаціць прадпрыемствам. Але мы будзем падыходзіць дыфэрэнцыявана да прадпрыемстваў”.

Урад падтрымае валаўтваральныя гіганты, цэмэнтныя й азотныя заводы, але большасьць прадпрыемстваў апынецца на мяжы выжываньня, неэфэктыўныя прадпрыемствы пачнуць банкрутаваць, лічыць былы генэральны дырэктар “Амкадору” Васіль Шлындзікаў:

Шлындзікаў: “Многія зь іх і сёньня ўжо ацяпленьне выключылі й працуюць у халодных цэхах. Колькасьць такіх прадпрыемстваў павялічыцца”.

У Міністэрстве прамысловасьці, на менскіх аўтамабільным і трактарным заводах зазначаюць, што рыхтуюцца да працы ў новых умовах, але нешта камэнтаваць адмовіліся. Пакуль там яшчэ не плацілі паводле новых тарыфаў — для прадпрыемстваў кошт газу вырас да 150 даляраў, што ў паўтара разу болей за кошт, які Беларусь заплаціць “Газпрому”. Электраэнэргія з новага году падаражэе на 54%, цяпло — на 55%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG