Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У інтэрнэце пашыраецца поўны відэазапіс павешаньня Садама Хусэйна


Ганна Соўсь, Прага Відэазапіс апошніх хвілінаў жыцьця былога дыктатара Садама Хусэйна цяпер шырока распаўсюджваецца праз інтэрнэт. Аналітыкі выказваюць занепакоенасьць, што дэманстрацыя кпінаў і абразаў над Хусэйнам перад павешаньнем можа паглыбіць крызыс у Іраку як раз у той момант, калі прэзыдэнт Джордж Буш павінен абвясьціць новую стратэгію ЗША у Іраку.

Відэазапіс мабільным тэлефонам выкананьня сьмяротнага прысуду Хусэйну рэзка адрозьніваецца ад таго, што іракцы маглі пабачыць па дзяржаўнай тэлевізіі 30 сьнежня, калі былы дыктатар быў павешаны. Пакараньне сьмерцю дэманстравалася без гукавога фону. Аднак відэа, зробленае мабільным тэлефонам адным са сьведкаў, дадае гукі -- гэта абразы і кпіны ў дачыненьні да Хусэйна ў апошнія хвіліны яго жыцьця.

Як можна пачуць з запісу, адзін са сьведкаў праслаўляе радыкальнага шыіцкага клерыка Мактаду ас-Садра. Іншы голас называе імя дзядзькі ас-Садра, заснавальніка шыіцкай партыі, якога Хусэйн пакараў сьмерцю ў 1980 годзе. Далей гучаць крыкі пра адплату – кроў за кроў. Садам запытваецца: «І гэтак вы паказваеце сваю сьмеласьць?» Потым нехта заклікае супакоіцца, і асуджаны толькі пасьпявае сказаць: «Няма Бога акрамя Алаха, а Мухамад ягоны прарок».

Гэткая рэакцыя шыітаў, сьведкаў выкананьня сьмяротнага прысуду, выглядае як акт асабістай помсты шыітаў, якія цяпер дамінуюць у ірацкім урадзе. Іх перавага ва ўладзе многімі разглядаецца як пагроза для ірацкіх сунітаў, якія дамінавалі падчас кіраваньня Хусэйна. Цяпер паўстае пытаньне, наколькі гэты відэазапіс паўплывае на зьвядзеньне рахункаў паміж шыітамі і сунітамі, чаго хоча пазьбегнуць Вашынгтон.

Хусэйн афіцыйна быў пакараны сьмерцю за злачынствы супраць ірацкіх людзей у сувязі з масавымі забойствамі 148 шыітаў у мястэчку Дуджайль ў 1980 годзе пасьля замаху на Хусэйна. Пачаўся судовы разгляд абвінавачаньня ў масавых забойствах курдаў ў 1980 гадах.

Аналітыкі адзначаюць, што нават і без дэманстрацыі відэа расьце незадаволенасьць у суніцкіх раёнах Іраку. У панядзелак, 1 студзеня сотні людзей ў Дуджайлі пратэставалі ў сувязі з выкананьнем сьмяротнага прысуду Хусэйну.

Шмат мусульманаў-сунітаў у Іраку ды іншых краінах былі абураныя тым, што павешаньне адбывалася падчас заканчэньня штогадовага паломніцтва ў Мэку. І ўсё гэта падмацоўвае чуткі ў Багдадзе пра тое, што такое выкананьне прысуду было арганізаванае ЗША, каб абразіць мусульманаў. Брытанская "Дэйлі Тэлеграф"" цытуе ірацкага ўрадоўца, які канфідэнцыйна паведаміў, што амбасадар ЗША імкнуўся адкласьці выкананьне прысуду на два тыдні, аднак ягоныя заклікі былі праігнараваныя ірацкім урадам.

Сытуацыя ўскладняецца і тым, што неўзабаве Джордж Буш павінен абнародаваць новую стратэгію ЗША у Іраку. Як паведамляюць крыніцы ў Белым доме, Буш будзе імкнуцца павялічыць колькасьць амэрыканскіх сілаў у Іраку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG