Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Life News даведаўся імёны магчымых арганізатараў выбуху ў мэтро

абноўлена

Расейcкі рэсурc Life News піша, што выбух на станцы мэтро Кастрычніцкая ў Менску арганізавалі аднакласьнікі зь Віцебска 25-гадовыя Дзьмітры К. і Улад К., а таксама нейкі 28-гадовы М.

“Міцька і Ўлад былі лепшымі сябрамі ў школе, вучыліся ў адным класе. Зь іншымі хлопцамі яны амаль не размаўлялі. Міцька заўсёды быў дзіўным і замкнёным, у школе вучыўся слаба”, - распавядае аднакласьнік затрыманых. “Цьвёрдая пяцёрка ў яго была толькі па хіміі. Вось тут яму роўных не было. Спачатку пэтарды рабіў, потым стаў майстраваць выбух-пакеты, вельмі магутныя. Ну і Ўлад заўсёды дапамагаў яму ва ўсім, быў яго адзіным сябрам”.

Скончыўшы школу, Дзьмітры К. і Улад К. паступілі ў ПТВ. Атрымаўшы прафесію сьлесара, яны ўладкаваліся працаваць на Віцебскі завод трактарных запчастак. Там яны і пазнаёміліся з трэцім затрыманым па падазрэньні ў выбуху 28-гадовым сьлесарам Мядзьведзевым.


Фотаздымак меркаванага падазраванага

Падпольная лабараторыя па вырабе выбухоўкі знаходзілася ў склепе пяціпавярхоўкі, дзе жылі сям'і Дзьмітрыя К. і Улада К..

“Пры ператрусе ў падвале аднаго з дамоў па 1-му завулку Рэпіна была выяўлена лябараторыя, дзе Дзьмітры К. зьбіраў выбухоўку”, - пацьвердзілі Life News ў праваахоўных органах Віцебска. “Акрамя выбуховых рэчываў у склепе знайшлі дзьве сотні падшыпнікаў, кавалкаў мэталю і арматуры, якія сьлесары прынесьлі з заводу. Зараз вядуцца праверкі ў склепах і на гарышчах суседніх дамоў”.

“Пасьля таго, як іх арыштавалі, яны здалі яшчэ аднаго змоўшчыка, таксама сьлесара завода трактарных запчастак. Яго прозьвішча М. Ён дапамагаў ім майстраваць выбухоўку”, - распавяла крыніца ў сілавых структурах Беларусі. “Яго затрымалі супрацоўнікі КДБ. Цяпер на заводзе праходзяць ператрусы і апытаньні. Высьвятляюць, хто з рабочых мог ведаць пра плянаваньне выбуху”.

"Дзьмітры К. у нас працаваў сьлесарам", — пацьвердзіў БелаПАН супрацоўнік аддзелу кадраў Віцебскага заводу трактарных запчастак.

Аднак паведаміць, колькі часу Дзьмітры К. прапрацаваў на прадпрыемстве і як ён сябе праявіў, начальнік аддзелу адмовіўся.

У Генэральнай пракуратуры, якая расьсьледуе справу пра тэракт у мэтро, інфармацыю, распаўсюджаную ў інтэрнэце, не камэнтуюць.

У КДБ Беларусі адзначаюць, што прозьвішчы падазраваных могуць быць названыя толькі пасьля таго, як ім выставяць афіцыйнае абвінавачаньне. Гэта павінна адбыцца на працягу 10 сутак пасьля затрыманьня, то бок — да 23 красавіка.

11 красавіка на станцыі мэтро “Кастрычніцкая” адбыўся выбух. 13 чалавек загінулі.

Расейскі інтэрнэт-партал Life News спэцыялізуецца на сэнсацыях. Журналісты парталу неаднойчы падавалі неправераную інфармацыю.

Дом і склеп меркаванага падазраванага ў справе выбуху ў мэтро




Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG