Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Калі яны мяне не заб'юць"


Брама старой гарадзенскай турмы
Брама старой гарадзенскай турмы
На студзень 1951 году ў савецкім ГУЛАГу на тэрыторыі ад Салаўкоў да Магадану "сядзела" прыкладна 96,5 тысяч беларусаў. Паводле тых жа савецкіх архіваў, на студзень 1939 году сярод вязьняў сталінскіх турмаў налічвалася прыкладна 45 тысяч беларусаў. Прыблізна гэтулькі ж вязьняў, нават больш — 47 тысяч — мае і сучасная незалежная Беларусь.

Для людзей, якія ўтрымліваюцца ў шматлікіх беларускіх пэнітэнцыярных установах, а таксама для іх родных, блізкіх і проста цікаўных і будзе рабіцца наш праект "Свабода ў турмах".

Пра новую праграму, якая будзе гучаць па нядзелях – дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук:

Лукашук: "Мы ведаем, што "Свабоду" слухаюць у няволі. Пра гэта расказвалі нам былыя вязьні, калі выходзілі на волю. Яны чулі галасы сваіх родных, сваіх сяброў у нашых перадачах. Мы расказвалі пра іх пратэсты, галадоўкі за кратамі, пра іх лісты і сустрэчы з адвакатамі, членамі сям’і. Лепш бы гэтай новай перадачы на Радыё Свабода не было. Лепш бы ня трэба было расказваць з-за мяжы пра жыцьцё ў беларускіх турмах і калёніях, у ізалятарах і на "хіміі", параўноўваць гэта з парадкамі для зьняволеных у іншых эўрапейскіх турмах. Пры ўмове, каб пра гэта расказвала беларуская прэса, каб парадкі там былі ясныя, празрыстыя, даступныя для кантролю грамадзтва. Нічога гэтага ў Беларусі няма. Справа ня толькі ў палітзьняволеных. Дзясяткі тысяч людзей у Беларусі асуджаныя на пазбаўленьне волі за гэтак званыя эканамічныя злачынствы, за парушэньні адміністрацыйнага характару, за няшчасныя выпадкі. Усё гэта — наступствы той палітычнай сыстэмы, якая ўсталяваная ў Беларусі. Ад гэтай сыстэмы цярпяць ня толькі тыя, хто за кратамі, але і іх бацькі, дзеці, сябры. У гэтай новай перадачы мы будзем расказваць пра жыцьцё за кратамі, пра гісторыю турмаў у Беларусі, пра тое, як захаваць здароўе ў няволі. Гэтая перадача будзе немагчымай без вашага, паважаныя слухачы, удзелу".

Зваротная сувязь


Нам можна напісаць: Менск-5, паштовая скрынка 111, або патэлефанаваць на аўтаадказьнік: +375 17 2 663952

Зь ліста палітвязьня Мікалая Аўтуховіча з Івацэвіцкай калёніі пра катаваньні ў СІЗА на Валадарцы:
Фрагмэнт ліста Мікалая Аўтуховіча

"Калі яны мяне не заб'юць"


"У маёй камэры сядзеў чалавек, якому людзі ў масках выбілі зубы. Гэтыя выбітыя зубы ён прынёс у камэру ў руках. Яго спрабавалі прымусіць не пісаць скаргаў. Чалавек супраціўляўся, і яго штучна "прышылі" да гучнай справы гомельскага аўтарытэта па мянушцы "Салдат". Карпусны, забіраючы гэтага чалавека з камэры, надзеў яму кайданкі, чаго звычайна не практыкуюць.

Яго завялі ў сутарэньне, у так званую камэру для буйных, або гумовую. Гэта маленькае памяшканьне, абабітае мяккім матэрыялам, каб, зьбіваючы, не разьбіць чалавеку галаву.

У гумовай камэры майго суседа чакалі двое ў масках. Яны пачалі яго біць і пры гэтым казалі: "Ну што, скардзіцца не перадумаў?".

Яшчэ мне давялося сустракацца з чалавекам, якога скалечылі падчас сьледзтва. Ён афіцыйна атрымаў паперы аб інваліднасьці. Калі ў мяне пачаўся суд, я хацеў агучыць гэты факт зь ягонай згоды. Але пра гэта стала вядома адміністрацыі. Інваліда запалохалі. Паабяцалі "павесіць" на яго яшчэ адно забойства. Ён моцна забаяўся, а таму я не агучыў гэты факт. Сядзельцу далі 12 гадоў і паабяцалі: калі ён будзе маўчаць, яму дапамогуць найхутчэй вызваліцца.

Таксама ў нашай камэры быў чалавек, які ноч праляжаў у кабінэце міліцыі ў позе "ластаўка". Рукі і ногі сашпільваюць за сьпінай разам. Нават празь месяц у яго настолькі былі сінія рукі, што было зразумела, чаму гэта. Прозьвішчы ўсіх удзельнікаў у мяне ёсьць. І я гатовы іх назваць.

Тое, што сёньня адбываецца ў турмах і калёніях, нельга назваць папраўчым працэсам. Мэтады запалохваньня часта спрацоўваюць, і зь людзей робяць зомбі або проста падатлівых жывёлін. З нас робяць краіну баязьліўцаў, сэксотаў, нягоднікаў. Гэтая палітыка нашай дзяржавы ідзе, напэўна, ад вялікай любові да свайго народу. А потым мы дзівімся, чаму так сумна.

Сумна таму, што шмат баязьліўцаў і мала мужчын.

Час усё зьменіць, і я выкладу мноства фактаў, калі яны, вядома, мяне не заб'юць".


Беларускія турмы. Гісторыя і сучаснасьць


У гэтай рубрыцы мы расказваем ня толькі пра цяперашні стан беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмы, але і пра гісторыю беларускіх турмаў і пра іхніх вядомых сядзельцаў.

Сёньня расповед пра адну з найстарэйшых турмаў краіны — гарадзенскую. Слова Сяргею Астраўцову.

Гарадзенцы: "Трымаць у цэнтры гораду гэтую страшэнную энэргетыку — немагчыма"

У старой частцы Горадні, у цэнтры гораду амаль цэлы квартал абнесены высозным мурам. Там знаходзіцца турма № 1: у адной камяніцы — сьледчы ізалятар, у астатніх — зьняволеныя за цяжкія злачынствы. У нядаўнія часы ў ізалятары сядзелі журналіст Павал Шарамет, лідэры прадпрымальніцкага руху Валеры Леванеўскі, Аляксандар Васільеў, прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч.

Старая гарадзенская турма - зьлева

За турэмнай сьцяной на высокай званіцы адлічвае час вежавы гадзіньнік, якому паўтысячы гадоў. Самім вязьням мець гадзіньнікі яшчэ ня так даўно забаранялася. Другую частку кварталу займае курыя каталіцкага біскупа. Яна і турма калісьці разам складалі вядомы ў Рэчы Паспалітай езуіцкі кляштар з калегіюмам. Расейскі цар Аляксандар І зрабіў тут турму, нядаўна мінула 190 гадоў з таго часу. Праўда, лічыцца, што яшчэ раней расейцы трымалі тут палонных французаў, так што астрожным традыцыям амаль дзьвесьце год.

Уладам заманулася цяпер прапанаваць у сьпіс сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО каля дваццаці аб’ектаў — на выбар, а сярод іх — гарадзенскі езуіцкі касьцёл і "кляштарны комплекс". Непадалёк ад іх жыве краязнаўца Алесь Госьцеў. Што ён думае наконт гэтых шанцаў?

Госьцеў: "Увесь гэты комплекс езуіцкага кляштара, які займаў цэлы гектар зямлі, адведзенай яшчэ Стэфанам Баторыем, можна сказаць, велізарную каштоўнасьць сабой уяўляе. Але пакуль там знаходзіцца турма, гэта дзікавата нейк гучыць".

Алесь Госьцеў распавядае пра свае асабістыя ўражаньні:

"Мне давялося гадоў пяць таму пабываць унутры на экскурсіі, я прыйшоў проста ў жудасьць. Там сядзіць больш ці менш паўтары тысячы чалавек, і тая аўра, якая там унутры, яна, канечне, ня можа не ўплываць на навакольле. І трымаць у цэнтры гораду, тым больш такога, як Горадня, страшэнную энэргетыку — таксама немагчыма. Турму адтуль трэба выводзіць. І потым за нейкі час можна прывесьці ў стан, больш-менш адпаведны ўзроўню ЮНЭСКО. Я ня думаю, што гэта зусім бязглуздая ідэя".

Дагэтуль у Горадні апавядаюць пра пісьменьніка Піліпа Пестрака, які ў гарадзенскай турме арганізаваў паўстаньне ў верасьні 1939-га. Чалавекам ён быў цікавым. Паэт Юрка Голуб асабіста ведаў Піліпа Пестрака, але сумняваецца наконт турэмнага паўстаньня:

"Ды наўрад. Гэта, канечне, домыслы. Ну якое там паўстаньне? Ніхто пра паўстаньне ў гарадзенскай турме ні гу-гу. Нідзе такога няма, ні ў якай дакумэнталістыцы".

Але тое, што пісьменьнік Піліп Пястрак быў вязьнем гарадзенскай турмы за польскім часам — гэта неаспрэчна.

Голуб: "Канечне, сядзеў, і яго як вызвалілі, яму не было куды падацца, дык ён хадзіў туды начаваць — у сваю камэру. Гэта факт. Хто расказваў? Ён сам і, па-мойму, Васіль Уладзіміравіч гаварыў".

Маецца на ўвазе Васіль Быкаў, які добра ведаў Піліпа Пестрака.

Аднойчы ў Горадні праходзілі дні літаратуры. Юрку Голуба як мясцовага паэта папрасілі заапекавацца Піліпам Пестраком, які пасяліўся ў гасьцініцы "Беларусь", распавядае Юрка Голуб:

"Ён стаіць, глядзіць у вакно, гаворыць: ведаеш, Юрка, я люблю ў Горадню прыяжджаць. Ну, я, жэўжык такі, пытаюся: чаму, Піліп Сямёнавіч? А ён кажа: а я тут адзінаццаць гадоў у турме праседзеў".

Валеры Леванеўскі некалькі месяцаў знаходзіўся за сьценамі турмы, гэта было ў 2004 годзе. Яго і Аляксандра Васільева зьняволілі на два гады за публічную зьнявагу прэзыдэнта.

Леванеўскі: "Па-першае, я згодны, што турма ў цэнтры гораду не павінна быць увогуле. У большасьці камэраў узімку страшэнны холад, улетку—страшэнная сьпёка. Там папросту няма чым дыхаць, калі камэры перапоўненыя. Сьцены настолькі прапахлі ўсім, што інфэкцыю падхапіць вельмі лёгка. Ёсьць камэры з пацукамі. Цябе аднаго замыкаюць, ты прачынаесься, яны па табе ходзяць. У маю бытнасьць гэта быў першы паверх, трынаццатая камэра".

Гарадзенскія турэмныя муры

Валеры Леванеўскі называе гэта "разнавіднасьцю катаваньняў". Асабліва цяжка ў турме тым, хто мае праблемы з сэрцам, кажа былы палітвязень. Добра, вядома, што ёсьць бібліятэка і нядрэнны чалавек — бібліятэкар, які нават напісаў кнігу пра гісторыю гарадзенскай турмы.

Леванеўскі: "Але не адной бібліятэкай жыве турма. Зрэшты, і выбар кніжак быў невялікі ў маю бытнасьць, у асноўным гэта былі працы Леніна і Маркса. Але адназначна турму трэба выносіць: ня месца ёй тут. Калі ідзеш па цэнтры гораду, на цябе ціснуць сьцены турмы".
(На здымку: брама гарадзенскай турмы; былы кляштарны квартал разам з турмой і езуіцкім касьцёлам, сёньня — катэдральным.)

Турма і здароўе


Калі ўявіць сабе мэдычную карту сярэднестатыстычнага беларускага вязьня, то ўбачым, што гэта мужчына так званага рэпрадукцыйнага веку. З прычыны спэцыфікі ўтрыманьня ён мае праблемныя зубы і, найчасьцей, страўнікава-кішачныя захворваньні.

Сярод іншых распаўсюджаных праблемаў — захворваньні дыхальнай, сардэчна-судзіннай сыстэмаў ды апорна-рухальнага апарату. З інфэкцыйных хваробаў — сухоты ды ВІЧ. Важная акалічнасьць: большая частка вязьняў — вымушаныя асэксуалы.

Экспэрты: "У вымушаным сэксуальным устрыманьні вязьняў тояцца падставы для сур’ёзных захворваньняў"

Заходнія экспэрты бачаць у магутнай гарманальнай перабудове арганізму, зьвязанай з вымушаным сэксуальным устрыманьнем, падставы для сур’ёзных захворваньняў.
Заходнія экспэрты бачаць у магутнай гарманальнай перабудове арганізму, зьвязанай з вымушаным сэксуальным устрыманьнем, падставы для сур’ёзных захворваньняў псыхічна-саматычнага характару. Яны рэкамэндуюць адміністрацыям турмаў заахвочваць зьняволеных-гетэрасэксуалаў рэгулярнымі сустрэчамі з процілеглым полам.

Для беларускіх вязьняў падобныя спатканьні — зьява рэдкая.

Як кажа 30-гадовы Барыс, які трапіў за краты другі раз, раней, калі ён быў жанаты і ўпершыню асуджаны, да яго раз на паўгода прыяжджала жонка. Цяпер яны ў разводзе. Ёсьць блізкая сяброўка, аднак зь сяброўкамі спатканьні не дазволеныя. Адсутнасьць жанчыны малады мужчына перажывае зь цяжкасьцю.

Барыс: "На псыхіцы гэта адбіваецца. Я гэта адчуваю. Раней, калі жонка прыяжджала, а гэта дазвалялася раз на паўгода, было неяк лягчэй. А цяпер гэтага няма. Гармоны гуляюць.

Часам цяжка трымаць сябе ў руках у нейкіх канфліктных сытуацыях. Зьяўляецца агрэсія".

Паводле Барыса, ён імкнецца перанакіроўваць свой тэмпэрамэнт на спорт. Іншыя сублімуюць энэргію ў творчасьць — пісаньне дзёньнікаў, нататак, вершаў, песьняў, карцін. У зьмешчаных у інтэрнэце дзёньніках колішніх зьняволеных таксама чытаем пра спробы вырашэньня праблемы, у тым ліку пра нязвыклы раней досьвед гомасэксуальных сувязяў, мастурбацыю.

Адзін з наведнікаў нашага сайту піша на форуме перадачы "Турма і здароўе":

"Тупое пазбаўленьне зносін з роднымі і блізкімі — пазбаўленьне спатканьняў і інтымных стасункаў з асобамі супрацьлеглага полу — такі строгі рэжым можа, напрыклад, зрабіць са зьняволеных маральных калек — патэнцыйных гвалтаўнікоў..."

Былы палітвязень, вэтэран МУС, віцебскі прадпрымальнік Сяргей Парсюкевіч пагаджаецца, што падобная праблема ёсьць.

Парсюкевіч: "Я думаю, такая праблема ёсьць. Хоць там некаторыя сядзельцы, дакладней — адміністрацыя некаторых турмаў, спрабуюць гэта вырашыць. Для прыкладу магу згадаць калёнію № 17 у Шклове. У гэтай мужчынскай калёніі проста раздавалі прэзэрватывы. Там у мэдчастцы быў вялікі пакет, і хто колькі хацеў, столькі і браў. У некаторых людзей ёсьць пэўныя схільнасьці, якія досыць хутка вырываюцца вонкі. Ёсьць адмысловыя людзі, "апушчаныя", якія задавальняюць гэтыя патрэбы. Уявіце сытуацыю, калі такі "апушчаны" выходзіць на волю. Што зь ім будзе далей? Калі з чалавека ўвесь час зьдзекуюцца, у яго па-любому ідзе назапашваньне нейкіх адмоўных эмоцый, назапашваньне злосьці. Чалавек выходзіць на свабоду менавіта з такім багажом. Гэта што — нармальна? Думаю, не".

Свабода ў турмах
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:20:07 0:00
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG