Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улада і грамадзтва перад выклікам тэрору?


Дзяржаўныя інстытуты і грамадзтва праходзяць выпрабаваньне тэрактам. Як успрыняло насельніцтва прыход тэрору ў Беларусь? Як дзейнічалі органы ўлады ў гэтыя дні? Чым гатовыя ахвяраваць грамадзяне дзеля бясьпекі?

Удзельнікі: філёзаф Валянцін Акудовіч і мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч.

Уладзімер Мацкевіч
Валянцін Акудовіч
Валер Карбалевіч

Як успрыняло насельніцтва прыход тэрору ў Беларусь?


Валер Карбалевіч: «Хоць і быў ужо прэцэдэнт 4 ліпеня 2008 году, але ўсё ж можна сказаць, што тэрарызм — гэта новая зьява для Беларусі. Выбух 11 красавіка стаў шокам для беларускага грамадзтва. Як яно прарэагавала на гэты выклік?».

Валянцін Акудовіч: «Беларусь часта параўноўваюць з жанчынай. Дык калі скарыстацца гэтай мэтафарай, то 11 красавіка Беларусь страціла цноту. Больш яна ўжо ніколі ня будзе той нявіннай краінай, якой шмат каму ўяўлялася дасюль.

Неўзабаве пасьля тэракту мне патэлефанавала мая 85-гадовая маці з далёкага мястэчка Сьвіслач. Пасьля таго як даведалася, што яе дзеці і ўнукі ацалелі, выкрыкнула: „Божа, што гэта робіцца! У нас ніколі такога не было, каб свае нішчылі сваіх!“.

Так, пасьля 11 красавіка мы назаўсёды сталі іншымі. І ў аснове рэакцыі грамадзтва ляжыць гэтае неўсьвядомленае пакуль узрушэньне ад страчанай цноты. Толькі час дасьць адказ, якімі мы будзем у сваёй нязвыклай іншасьці».

Уладзімер Мацкевіч: «Гэта быў амаль чаканы шок. Людзі чагосьці такога чакалі. Бо напружаная атмасфэра неяк прадыктавала чаканьне чагосьці вельмі дрэннага. І яно адбылося.

Да нас прыйшла зьява, распаўсюджаная па ўсім сьвеце — тэрарызм. Цяпер і Беларусь — частка гэтага сьвету. Мы не схаваліся ў сваёй „стабільнай“ краіне, якая звычайна ігнаруе ўсясьветныя тэндэнцыі. Цяпер схавацца немагчыма. Мы павінны праявіць салідарнасьць з усім сьветам. Таму што барацьба з тэрарызмам — гэта ўжо і наша агульная справа».

Як дзейнічалі органы ўлады ў гэтыя дні?


Карбалевіч: «Наколькі эфэктыўна дзейнічалі ў такой нязвыклай сытуацыі дзяржаўныя інстытуты? Вось Лукашэнка дэманстратыўна праводзіць нараду зь сілавікамі, усяляк дэманструе актыўнасьць. А як ацаніць працу праваахоўных органаў, гарадзкіх уладаў, мэдычных установаў?».

Акудовіч: «Каб ня пэўная паказушнасьць, якая, магчыма, мела свой станоўчы псыхалягічны эфэкт для людзей, якія бачылі моцную і актыўную ўладу, то я б станоўча ацаніў працу дзяржаўных органаў. Мабілізавана было ўсё, што можна. Наладжана была праца транспарту. Пацярпелым была хутка і якасна аказана мэдычная дапамога. Сумневы і пытаньні выклікае хуткае раскрыцьцё злачынства. Але, напэўна, на гэта былі кінуты ўсе сілы».

Мацкевіч: «У мяне дваістае стаўленьне да працы ўладаў. З аднаго боку, вельмі апэратыўна спрацавалі мэдыкі, міліцыя. Годным чынам паводзілі сябе звычайныя людзі, якія выносілі параненых.
Тэрарысты не разьбіралі, хто там быў у мэтро: апазыцыянэры ці прыхільнікі Лукашэнкі.

Але засмучае той піяр і кампанія супраць апазыцыі, якую глядзець брыдка. Тэракт стаў падставаю для высьвятленьня адносінаў паміж палітычнымі суб’ектамі. Прычым гэта тычыцца ня толькі ўладаў, але і шмат каго з процілеглага палітычнага боку. Некаторыя зь іх, замест таго каб праявіць спачуваньне, салідарнасьць, пачалі абвінавачваць кагосьці, ня маючы для гэтага падставаў і фактаў. То бок, як ні цынічна гэта гучыць, палітычныя бакі імкнуцца скарыстаць гэтую нагоду дзеля дасягненьня сваіх уласных мэтаў.

Трагедыя павінна выклікаць салідарнасьць, еднасьць народа. Мы ўсё ж такі адзін народ. Тэрарысты не разьбіралі, хто там быў у мэтро: апазыцыянэры ці прыхільнікі Лукашэнкі».

Чым гатовыя ахвяраваць грамадзяне дзеля бясьпекі?


Карбалевіч: «Амэрыканскае грамадзтва пасьля тэракту 11 верасьня 2001 году дало свайму кіраўніцтву карт-блянш на актыўную палітыку ў рэгіёне Блізкага Ўсходу. Тэракты ў Расеі далі Крамлю магчымасьць і права правесьці ваенную апэрацыю ў Чачні. А які карт-блянш даюць беларусы свайму кіраўніцтву пасьля 11 красавіка?

Зноў жа, нават у дэмакратычных краінах тэракты прывялі да пэўнага абмежаваньня індывідуальнай свабоды дзеля бясьпекі. Гледзячы па прапагандысцкай кампаніі супраць апазыцыі і незалежнага грамадзтва, ці беларускія ўлады таксама імкнуцца скарыстаць спрыяльны момант дзеля таго, каб закруціць усе гайкі? Да якіх межаў гатовае грамадзтва дазволіць гэта рабіць?».

Акудовіч: «Цалкам натуральна, што кожны тэракт змушае ўлады любой краіны да абмежаваньняў свабодаў. І звычайна грамадзяне сустракаюць гэта з паразуменьнем. Бо якімі б ні былі істотнымі дэмакратычныя правы і свабоды, але іх не зраўнаць з каштоўнасьцю ўласнага жыцьця.

Іншая рэч, калі ўлада скарыстоўвае сытуацыю тэракту для сваіх палітычных мэтаў. Менавіта гэта мы цяпер і назіраем. Што тычыцца апазыцыі, то некалькі выпадкаў там былі і ня надта прыгожыя. Але тое, што ўлада відавочна, не хаваючыся, нават брутальна пачала скарыстоўваць гэтую сытуацыю дзеля сваіх мэтаў, вельмі нядобра.
Улады і Расеі, і Беларусі карыстаюцца тэрактам ня толькі дзеля павышэньня бясьпекі грамадзтва, але і дзеля сваіх палітычных мэтаў. І, можа, найперш дзеля сваіх мэтаў, што самае прыкрае.

Зразумела, што цяпер уладзе вельмі цяжка ўтрымліваць умовы сацыяльнага кантракту з народам. Паколькі сацыяльна-эканамічнага патэнцыялу для гэтага не хапае, то яна будзе раскручваць рэпрэсіўныя мэханізмы. Прычым ня толькі адносна апазыцыі, якая цяпер небясьпекі для ўладаў не ўяўляе, а адносна грамадзтва як такога. Гэтая кампанія ўсё роўна неўзабаве пачалася б і без тэракту. А тут падстава прыйшла сама сабою. Гэта дрэнна ня толькі з маральна-этычнага боку. Проста такім чынам дэманструецца розьніца паміж дэмакратычнай і аўтарытарнай дзяржавай. Улады і Расеі, і Беларусі карыстаюцца тэрактам ня толькі дзеля павышэньня бясьпекі грамадзтва, але і дзеля сваіх палітычных мэтаў. І, можа, найперш дзеля сваіх мэтаў, што самае прыкрае».

Мацкевіч: «Беларускае грамадзтва, грамадзянская супольнасьць не настолькі моцныя, каб спыніць наступ таталітарызму і парушэньне свабодаў. Ёсьць сфармуляваны прынцып: той, хто ахвяруе свабодай дзеля бясьпекі, не заслугоўвае ні свабоды, ні бясьпекі. Гэта праблема ўсіх грамадзтваў, у тым ліку амэрыканскага. Прычым абмежаваньне асабістых правоў не прадухіляе тэрактаў.

Свабода павінна падмацоўвацца адказнасьцю грамадзян. Калі гэтага няма, то даводзіцца ўскладаць абавязкі гарантаваць нашу бясьпеку на дзяржаўныя органы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG