Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальля Ільініч працягвае змагацца


Грамадзка-палітычныя актывісты з розных рэгіёнаў краіны ладзяць акцыю салідарнасьці з настаўніцай гісторыі вёскі Талька Пухавіцкага раёна Натальляй Ільлініч. Яны наведаюць галоўныя адміністрацыйныя установы Пухавіцкага раёну ў адказ на забарону ад чыноўнікаў правесьці пікеты ў падтрымку звольненай настаўніцы.

15 красавіка грамадзка-палітычныя актывісты з розных рэгіёнаў Беларусі плянавалі правесьці пікет у падтрымку Натальлі Ільлініч насупраць выканкаму Пухавіцкага раёну. Заяўкі падалі больш за 20 чалавек са Слуцку, Салігорску, Менску, Вілейкі, Жодзіна, Барысава і іншых гарадоў. Адмоўлена было ўсім. З гэтай нагоды актывісты маюцца наведаць пухавіцкіх чыноўнікаў, кажа адна з ініцыятарак акцыі падтрымкі Ларыса Насановіч з Салігорска:

"Мы хочам абыйсьці кабінэты ўсіх найбольш значных чыноўнікаў у Мар'інай Горцы – райвыканкам, пракуратуру, каб пачуць ад іх пэрсанальна ці намераныя яны нешта прадпрымаць па працаўладкаваньню Натальлі Ільлініч. Альбо яны адхрысьціліся ад яе, пусьціўшы ўсё на самацёк. Калі мы пачуем нематываваную адмову займацца гэтай сытуацыяй, то адна з мэтай нашых дзеяньняў – прыцягнуць да адказнасьці таго чалавека, які за ўсім гэтым стаіць – Данілевіч Таіса з абласной управы адукацыі. Засяродзім на ёй увагу міжнародных структур і няхай яна таксама папоўніць сьпіс неўязных".

Настаўніца гісторыі Натальляй Ільлініч – актывістка партыі БНФ і была сярод пэдагогаў, ад якіх Таіса Данілевіч патрабавала адмовіцца ад сяброўства ў палітычных партыях. Дырэктарка Талькаўскай сярэдняй школы Натальля Меркуль звольніла настаўніцу вышэйшай катэгорыі Натальлю Ільлініч 27 студзеня, пасьля таго, як у яе доме адбыўся ператрус у зьвязку з падзеямі 19 сьнежня ў Менску.

Афіцыйная прычына звальненьня – парушэньні ў выкананьні службовых абавязкаў. Пухавіцкі раённы суд падтрымаў гэтае рашэньне, не зважаючы на шматлікія пратэсты калегаў-настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў. Натальля Ільлініч, якая мае дачку-студэнтку, спрабавала ўладкавацца на іншае месца працы, але безвынікова і дагэтуль застаецца беспрацоўнай.Салігорскія актывісты абвесьцілі акцыю падтрымкі, якая маштаб якой стаў сюрпрызам для Натальлі Ільлініч:

"Я атрымала шмат пісьмаў, грашовых пераводаў і тэлефанаваньняў з усіх куточкаў Беларусі. Безумоўна, я вельмі рада і па-праўдзе казаць – нават не спадзявалася. Бо ў мяне такое ўяўленьне, што беларусы – людзі ня дужа салідарныя. Але вось гэтая кампанія паказала, што шмат людзей падзяляюць мае духоўныя і маральныя каштоўнасьці і гэта, канечне, надае мне сілы".

Ахвяраваньні ў падтрымку настаўніцы складалі таксама на сядзібе БНФ. Днямі сябры партыі перадалі гэтую дапамогу спадарыні Ільлініч, кажа адзін з партыйных актывістаў Сяржук Семянюк:

"Людзі складалі дапамогу дастаткова ахвотна. Магчыма, што за гэтыя месяцы проста выпрацаваўся такі інстынкт салідарнасьці, калі людзі апэратыўна і актыўна ідуць на дапамогу. Так было і гэтым разам. І самае галоўнае зараз спадзяваньне, што людзі ня стомяцца дапамагаць і ня стомяцца салідарызавацца. Пакуль што сытуацыя выглядае менавіта такі – як бы доўга ні цягнуліся рэпрэсіі з боку ўлады, усё роўна людзі будуць дапамагаць адзін аднаму".

З абскарджаньнем рашэньня суду Пухавіцкага раёну Менску, які падтрымаў пазыцыю адміністрацыі школы аб звальненьні настаўніцы, Натальля Ільлініч зьвярнулася ў Менскі абласны суд. Паседжаньне адбудзецца 25 красавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG