Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйная жалоба – толькі ў Менску. Чаму?


Жалоба па ахвярах тэракту 11 красавіка абвешчана ў Менску, але не ва ўсёй Беларусі. Раней пасьля надзвычайных здарэньняў зь вялікай колькасьцю ахвяраў улады таксама звычайна не абвяшчалі агульнабеларускі дзень смутку. Жалоба нацыянальнага маштабу ў Беларусі была абвешчаная толькі аднойчы — пасьля цісканіны ў пераходзе станцыі мэтро "Няміга" ў траўні 1999 году, калі загінулі 52 чалавекі. Больш Лукашэнка свайго канстытуцыйнага права не скарыстоўваў.

13 красавіка на могілках у Калодзішчах пад Менскам пахаваныя дзьве ахвяры тэракту ў сталічным мэтрапалітэне — мужчына і жанчына, якія жылі ў грамадзянскім шлюбе. Нягледзячы на тое, што цягам сёньняшняга і заўтрашняга дзён хаваць загінулых будуць таксама ў Баранавічах і Старых Дарогах, жалоба абвешчаная толькі для сталіцы.

Між тым, сьведкі тэракту перакананыя: дзяліць невялікую краіну на часткі — тут спачуваць трэба, а дзесьці не абавязкова — лёгіка досыць прымітыўная. Гаворыць сьведка наступстваў выбуху Севярын Квяткоўскі:

"Безумоўна, я зьдзіўлены, што ўлады абмежаваліся толькі Менскам. Па-мойму, відавочна, што Менск — гэта ня проста горад, а сталіца, дзе кожны дзень бываюць людзі з усёй краіны. Таму гэта ўсё вельмі дзіўна. У нас не такая вялікая дзяржава — менш за 10 мільёнаў жыхароў ужо засталося, — каб дзяліць яе на нейкія асобныя часткі, на нейкія аўтаномныя гарады. Жывуць у Менску людзі зь іншых гарадоў, сваякі ўва ўсіх па ўсёй тэрыторыі. Таму я, шчыра кажучы, вельмі зьдзіўлены што жалоба абвешчаная толькі ў адным Менску, а не па ўсёй Беларусі".

Надзвычайныя здарэньні са значнай колькасьцю загінулых у Беларусі рэгістраваліся і раней. Прыкладам, у 2003 годзе на пажары ў Казлоўшчынскім доме-інтэрнаце на Гарадзеншчыне загінулі 30 чалавек. Трагедыя хоць і атрымала шырокі розгалас, але жалоба абвешчаная не была.

Некалькі гадоў таму Беларусь разьвітвалася з ахвярамі дзьвюх буйных авіякатастрофаў. У сакавіку 2005 году ў Танзаніі пацярпеў катастрофу транспартны самалёт Іл-76, на борце якога знаходзіліся сем беларускіх пілётаў і бортынжынэраў. Усе загінулі. Праз два гады, у сакавіку 2007-га, у Самалі мясцовыя баевікі зьбілі аналягічны самалёт з 11 беларускімі лётчыкамі і тэхнікамі. Гэтаксама ня выжыў ніхто. На менскіх Усходніх могілках яны пахаваныя побач. Але на дзяржаўным узроўні дзень смутку не абвяшчаўся.

Летась у красавіку ўсе суседзі Беларусі абвясьцілі жалобу ў сувязі з гібельлю ў авіякатастрофе пад Смаленскам прэзыдэнта Польшчы Леха Качынскага ды іншых высокапастаўленых асобаў польскай дзяржавы. Чакалі аналягічнага кроку і ад Менску. Але марна.

У кастрычніку 2010 году здарылася буйная тэхналягічная аварыя на аб'яднаньні "Пінскдрэў". Ад апёкаў і цяжкіх траўмаў памерлі 14 супрацоўнікаў прадпрыемства. Жалобу абвясьцілі рэгіянальнага маштабу — па Берасьцейскай вобласьці. Паказальна, што Аляксандар Лукашэнка ў гэты час аб'яжджаў рэгіён з інспэкцыяй, але ў Пінск не завітаў.

Між тым, як лічыць псыхоляг Дыяна Комлач, ня так важна, якія ў гэтым сэнсе дзяржава робіць публічныя жэсты. Галоўнае, каб была салідарнасьць паміж самімі людзьмі. Дарэчы, сама спадарыня Дыяна таксама апынулася ў цэнтры падзеяў 11 красавіка. Яна лічыць, што ёй пашчасьціла, бо атрымала пры выбуху толькі некалькі драпінаў. Цяпер ці не ўпершыню яна аказвае псыхалягічную дапамогу самой сабе:

"Я думаю, няма розьніцы — абвяшчаць жалобу, не абвяшчаць… Вось прачытала, што "Песьняры" адмянілі свае канцэрты. А можа, наадварот, трэба было даць канцэрт менавіта ў памяць пра тое, што адбылося. Пра тых людзей, якія загінулі, і пра тых, хто выжыў. То бок ня так важна, як гэта афіцыйна абвешчана, важна, як гэта людзі перажываюць. І я ўпэўненая ў тым, што хоць жалоба абвешчаная толькі ў Менску, смуткуе ўся краіна. Тут абсалютна ня важная форма, галоўнае, усе пра гэтую бяду ведаюць.

Мае сябры з Аўстрыі, зь Нямеччыны са мной зьвязаліся і дакладна гэтак жа сёньня сумуюць аб тых, хто загінуў. Са мной побач і мае сваякі, сябры, якія не знаходзяцца ў Менску... Учора я прыйшла на Кастрычніцкую плошчу, пасядзела там крыху, убачыла: ідуць людзі, адну-дзьве кветкі нясуць. І гэта было больш арганічна, чым прыйшла кампанія, якая патасна прынесла штук 30 гвазьдзікоў; яны іх разьмяркоўвалі, фатаграфаваліся. Гэта было занадта тэатральна. Нашмат важней, што адбываецца ў сэрцы чалавека".

За ўвесь час знаходжаньня ва ўладзе Аляксандар Лукашэнка абвяшчаў агульнанацыянальную жалобу толькі аднойчы. 31 траўня і 1 чэрвеня 1999 году ўся краіна разьвітвалася з ахвярамі цісканіны ў падземным пераходзе станцыі мэтро "Няміга".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG