Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыя жалобы ў Берасьці



Акцыя жалобы ў сувязі з тэрактам ў менскім мэтро прайшла ў Берасьці. На цэнтральнай плошчы ў Берасьці сабралася каля сотні чалавек, каб выказаць сваю салідарнасьць з загіблымі і пацярпелымі ў тэракце ў менскім мэтро.

Інфармацыю пра акцыю распаўсюджвалі карыстальнікі інтэрнэту. Пра намер правесьці мерапрыемства ніхто не накіроўваў заяўкі ў мясцовую адмністрацыю. Як адзначаюць Андрэй і Інна Кухарчык, нехта зь юнакоў дамовіўся з пробашчам касьцёлу, што на цэнтральнай плошчы, каб а 18-й гадзіне загучалі званы, а сам спадар Андрэй папрасіў, каб рэклямны экран выключылі:

«Я дамаўляўся, каб папсовая музыка і рэкляма была выключана на сьвятладыёдным экране на плошчы. Дарэчы, знайшоў разуменьне, на экране падчас акцыі зьявілася чорная стужка са сьвечкай. Хаця меркавалася, што жалобныя мерапрыемствы будуць заўтра».

Да «нулявога кілямэтра» на плошчы людзі несьлі кветкі, запальвалі зьнічы. На акцыю прыйшла ў асноўным моладзь, што вельмі важна, — адзначае жыхарка Берасьця Марыя:

«Вельмі прыемна, што столькі маладых людзей адгукнуліся на гора іншых. Гэта цяжкая хвіліна, але ўсе яны разумеюць, што нам жыць у гэтым грамадзтве. Ніхто ня хоча, каб гэта паўтарылася».

Прысутныя на мерапрыемстве юнакі і дзяўчаты кажуць, што нават ня ведаюць асабіста тых, хто даслаў інфармацыю пра акцыю. Як гаворыць Натальля, вучаніца адной зь берасьцейскіх школ, проста немагчыма абыякава ставіцца да таго, што адбываецца ў краіне:

«Я даведался пра акцыю з інтэрнэту. І лічу, што тут сабраліся сапраўды неабыякавыя людзі да таго, што адбываецца ў нашай краіне».

На плошчы прайшоў імправізаваны пікет. Юнакі, валянтэры грамадзкай арганізацыі «Чырвоны крыж», прапанавалі прысутным шчыльным колам стаць ля помніка, абвясьцілі хвіліну маўчаньня, прапанавалі выступіць прысутным:

«Важна, каб мы гэта памяталі. І важна, каб яны таксама гэта ўзгадвалі. І каб болей ніхто не паўтарыў гэтакі зьверскі ўчынак. Няхай Бог бароніць наш горад, нашу Беларусь. Каб болей не было такіх трагедый».

Валянтэры «Чырвонага крыжа» прапанавалі прысутным ахвяраваць грошы для пацярпелых у трагедыі, якія былі адразу ж накіраваныя на рахунак грамадзкай арганізацыі. Супрацоўнікі праваахоўных органаў не перашкаджалі правядзеньню імправізаванага пікету.





Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG