Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэракт у Менскім мэтро: як ідзе расьсьледаваньне


У генэральнай пракуратуры кажуць пра затрыманьне падазраваных у справе тэракту, у міліцыі склалі фотаробаты падазроных і абяцаюць да канца аўторка вызначыцца з характарам і магутнасьцю прыстасаваньня, якое выбухнула ў менскім мэтро 11 красавіка.

Сьледчая група, якая займаецца тэрактам 11-га красавіка ў менскім мэтро, складаецца са сьледчых пракуратуры і КДБ. 12 красавіка намесьнік генпракурора Андрэй Швэд, які ўзначальвае сьледчую групу, паведаміў, што затрымалі падазраваных у зьдзяйсьненьні тэракту. Пры гэтым ён не ўдакладніў, што гэта за людзі і колькі іх, а таксама не паведаміў, ці яны грамадзяне Беларусі, ці замежнікі. Пётар Кісялёў з прэсавай службы пракуратуры Беларусі пералічыў "Свабодзе", што яшчэ зроблена сьледчымі:

"Справа заведзена па артыкуле "Тэрарызм", агледжана месца здарэньня, сабраныя сотні розных элемэнтаў выбуховага прыстасаваньня, вядзецца экспэртыза целаў загінулых. Да нас ужо прыбылі адмыслоўцы з Расеі, якія дапамагаюць высьвятляць усё, што тычыцца здарэньня".
Справа заведзена па артыкуле "Тэрарызм"

Дагэтуль супярэчлівая інфармацыя пра магутнасьць выбуховага прыстасаваньня, якое было выкарыстана невядомымі тэрарыстамі на станцыі "Кастрычніцкая". Кіраўнік сьледчай групы Андрэй Швэд кажа пра прыблізна 3 кіляграмы ў тратылавым эквіваленце. У міліцыі раней ацэньвалі магутнасьць бомбы ад 5 да 7 кіляграмаў у тратылавым эквіваленце. 12 красавіка міністар унутраных спраў Анатоль Куляшоў прызнаў, што магутнасьць дагэтуль вызначалі прыблізна, і паабяцаў да канца аўторка даць больш пэўныя адказы на пытаньні, што выбухнула і зь якой сілай:

Анатоль Куляшоў, міністар унутраных справаў
"Але можна з пэўнай доляй упэўненасьці казаць, што гэта было радыёкіраванае выбуховае прыстасаваньне".

Таксама Анатоль Куляшоў паведаміў, што міліцыя ўжо шукае пэўных асобаў, нібыта датычных да злачынства:

"Падчас працы мы атрымалі сьведчаньні грамадзянаў і на іх падставе склалі фатаробаты падазраваных асобаў. Зараз мы маем гэтыя фатаробаты, яны зараз памнажаюцца і будуць распаўсюджаныя, каб знайсьці гэтых асобаў".
Мы атрымалі сьведчаньні грамадзянаў і на іх падставе склалі фатаробаты падазраваных асобаў

Фатаробаты складзеныя на дзьвюх асобаў. Міністар Куляшоў не ўдакладніў, ці маюць асобы з фатаробатаў дачыненьне да тых, каго затрымалі сьледчыя з пракуратуры.

12 красавіка ў інтэрнэце зьявіліся паведамленьні наконт здарэньняў у аўтобусах і на іншых станцыях мэтро. Гэтыя зьвесткі не пацьвердзіліся. У сярэдзіне дня агенцтва Інтэрфакс са спасылкай на Савет бясьпекі паведаміла, што затрыманыя некалькі грамадзянаў, якія праз інтэрнэт распаўсюджвалі наўмысную дэзынфармацыю пра новыя тэракты ў Менску. Менская міліцыя ў сувязі з гэтым папярэдзіла грамадзян і мэдыі пра адказнасьць за распаўсюд неправераных зьвестак. Аляксандар Ластоўскі зь менскай міліцыі сказаў "Свабодзе":

"Ад міліцыі паўнамоцна заяўляю, што з падобнымі жартаўнікамі, якія распаўсюджваюць ілжывыя зьвесткі, міліцыя цырымоніцца ня будзе. Мы іх будзем адлоўліваць, а ў нас для гэтага ёсьць усе тэхнічныя магчымасьці, і прыцягваць да крымінальнай адказнасьці проста бязбожна".

12 красавіка стала вядома, што ў межах сьледзтва аб тэракце ў мэтро ў міліцыю на размову выклікаюць тых, каго затрымлівалі ўвосень 2010 году ў межах расьсьледаваньня спраў аб нападах на амбасаду Расеі ды іншыя будынкі ў Менску ў 2009—2010 гадах. У прыватнасьці, выклікалі на размову актывіста экалягічнага руху Ігара Багатчыка, а да эколяга і журналіста Ўладзімера Валодзіна міліцыя прыехала дамоў. Між тым, паводле зьвестак, справы аб нападах на амбасаду Расеі, ізалятар на Акрэсьціна, Палац прафсаюзаў ды іншыя будынкі ўжо расьсьледаваныя, абвінавачаньні па іх выстаўленыя актывістам анархісцкага руху Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG