Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У кватэры Саньнікава і Халіп КДБ правёў трэці ператрус


У кватэры журналісткі Ірыны Халіп правялі ператрус. Разам з кім будуць судзіць актывіста штабу Статкевіча Сяргея Марцалева? Актывісту «Маладога фронту» Міколу Дземідзенку засталося сядзень на Акрэсьціна суткі.

8 красавіка ў кватэры былога кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава і журналісткі Ірыны Халіп КДБ правёў чарговы ператрус. Пра гэта Свабодзе паведаміла маці журналісткі Люцына Бяльзацкая.

«Колькі разоў яны тут ужо былі, што яшчэ можна знайсьці? Паводле нашых падлікаў, гэта трэці ператрус толькі КДБ, а яшчэ быў міліцэйскі. Меней за гадзіну яны нешта шукалі, кажа Ірына. Але мяне тады не было, падрабязнасьцяў ня ведаю».
Колькі разоў яны тут ужо былі, што яшчэ можна знайсьці?


Паводле Люцыны Бяльзацкай, падчас ператрусу ў хаце не было і трохгадовага Даніка. Аднак раней яму даводзілася прысутнічаць пры такіх дзеяньнях супрацоўнікаў КДБ. «Сядзеў не варухнуўшыся, моўчкі», — згадвала Данікава бабуля.

Чым патлумачылі супрацоўнікі КДБ неабходнасьць яшчэ аднаго ператрусу ў кватэры Саньніква і Халіп, Люцына Бяльзацкая ня ведае. 7 красавіка Ірына скончыла азнаямленьне з справай, у якой яна фігуруе як арганізатар дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

8 красавіка скончыў азнаямленьне з справай і Сяргей Марцалеў, актывіст штабу былога кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча. Паводле Зоі Яўменавай, бабулі вязьня, якая ім апякуецца, адвакат не выключае, што ўжо ў канцы красавіка пачнецца працэс. Разам з кім будуць судзіць Марцалева?

«У сярэдзіне тыдня ўжо мусяць адвакату паведаміць, у якім судзе будзе працэс. А судзіць Сяргея будуць разам з Ірынай Халіп і Паўлам Севярынцам».

Паводле праваабаронцаў у крымінальнай справе аб масавых беспарадках 19 сьнежня яшчэ 30 чалавек абвінавачаныя і 12 падазраваныя, а 8 ужо асуджаныя. Таксама 10 чалавек абвінавачаныя ў арганізацыі ці удзеле ў дзеяньнях, якія груба парушылі грамадзкі парадак. Паводле якога прынцыпу сьледчыя фармуюць групы абвінавачаных для накіраваньня спраў у суды, не тлумачыцца.

Правабаронца Наста Лойка: «Людзей аб’ядноўваюць у групы. Менавіта гэтак, групамі, справы будуць перадаваць ў суд. Такім чынам адзін судзьдзя будзе разглядаць адначасова справы некалькіх людзей.
Абсалютна не зразумела, чаму менавіта гэтыя людзі аб’яднаныя.
І раней пра адну такую групу пісалася на афіцыйным сайце МУС, і зараз мы ведаем, што справы ідуць не па адным чалавеку, а адразу па некалькі. Прыкладам, я ведаю пра адну пяцёрку людзей, якія ідуць разам у суд. Гэта Андрэй Саньнікаў, якога абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў, а зь ім 4 чалавекі, якіх вінавацяць паводле другой часткі таго ж артыкулу — за ўдзел у масавых беспарадках. Гэта Алег Гнедчык, Уладзімер Яроменак, Фёдар Мірзаянаў і Ільля Васілевіч. Пры гэтым абсалютна не зразумела, чаму менавіта гэтыя людзі аб’яднаныя. Наколькі мне вядома, паміж сабой былі знаёмыя толькі Мірзаянаў і Васілевіч».

Дарэчы, бацька Фёдара Мірзаянава, грамадзянін Расеі Рым Мірзаянаў, просіць дыпляматаў з пасольства Расеі ў Менску прысутнічаць на працэсе над ягоным сынам. Паводле бацькі, гэта можа выратаваць Фёдара Мірзаянава ад несправядлівага прысуду да зьняволеньня.

9 красавіка а 18 гадзіне з ізалятару на Акрэсьціна выходзіць актывіст «Маладога фронту», заяўнік шэсьця на Дзень Волі Мікола Дземідзенка, якога пакаралі арыштам на 15 сутак за ўдзел у несанкцыянавай акцыі. Сябры і праваабаронцы перадавалі Дземідзенку перадачы, дасылалі лісты падтрымкі. Пасьля падзей 19 сьнежня гэта ўжо другі адміністрацыйны арышт актывіста.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG