Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ўлады асудзілі «карту паляка». Што далей?


Канстытуцыйны суд Беларусі вырашыў, што польскі закон «Аб карце паляка» не адпавядае нормам міжнароднага права. Ініцыявала гэтае пытаньне 23 лютага Палата прадстаўнікоў, якая прапанавала суду разгледзець польскі закон на адпаведнасьць агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права.

Канстытуцыйны суд вырашыў, што некаторыя нормы закону аб карце паляка не адпавядаюць шэрагу міжнародных прававых актаў. Найперш — вызначэньне правамоцтваў грамадзкіх аб’яднаньняў, якія зарэгістраваныя ў Беларусі, на вырашэньне пытаньняў, зьвязаных з выдачай «карты паляка». Маўляў, гэтыя нормы распаўсюджваюцца на суб’ектаў права, якія знаходзяцца пад юрысдыкцыяй беларускай дзяржавы. Гэта не адпавядае прынцыпам сувэрэннай роўнасьці дзяржаў і неўмяшаньня ва ўнутраныя справы. Акрамя таго, паводле суду, нормы закону адносна выдачы «карты паляка», што мае рабіць консул Польшчы, парушаюць Венскую канвэнцыю і іншыя пагадненьні. Гэта ж тычыцца ільготнага візавага рэжыму і прывілеяў у галіне працаўладкаваньня для ўладальнікаў «карты паляка».

У судзе карэспандэнту «Свабоды», аднак, не адказалі на пытаньне, ці будзе мець гэта рашэньне якія-небудзь наступствы для тых грамадзянаў Беларусі, якія маюць «карту паляка». Свае высновы суд накіруе ў Палату прадстаўнікоў.

Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Валеры Фадзееў: «Што да ўладальнікаў карткі, то ім жа нейкія ільготы і прэфэрэнцыі прадстаўляе польскі бок. Я ня ведаю, якім чынам тут беларускі бок можа перашкодзіць гэтаму».

Старшыня не прызнаванага ўладамі Саюзу палякаў Анжаліка Арэхва не пагаджаецца са стаўленьнем суду да «карты паляка»:

«Карту паляка» прызнае польскі ўрад, і ўсе выдаткі, якія з гэтым зьвязаныя, нясе таксама Польшча. Калі інтарэсам Польшчы адпавядае тое, што людзі, якія маюць польскую нацыянальнасьць, будуць мець дакумэнт, які гэта пацьвярджае, то чаму не? Я тут ня бачу ніякіх «крымінальных» спраў. Польшча можа дазволіць рабіць бясплатныя візы для ўладальнікаў «карты паляка». Ня бачу, якія тут парушэньні».

Былы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Пятро Садоўскі раіць беларускім уладам увесьці «карту беларуса», супраць якой ніхто б не пярэчыў. Ён лічыць, што рашэньне Канстытуцыйнага суду ня мае ніякага дачыненьня да Польшчы.
А наш Канстытуцыйны суд, як і парлямэнт, — адмашку зрабілі, і прыняў рашэньне.

«Гэта ўсё ўпісваецца ў агульную кампанію ня вельмі разумнай канфрантацыі, пошуку зьнешніх ворагаў. Гэта складнік гэтай тупой кампаніі. А наш Канстытуцыйны суд, як і парлямэнт, — адмашку зрабілі, і прыняў рашэньне».

Палітоляг Вацлаў Арэшка лічыць «карту паляка» абсалютна нармальнай зьявай. Беларускія палякі і польскі ўрад маюць поўнае права карыстацца гэтым. Рашэньне суду ён называе «яшчэ адным крокам да зьнішчэньня свабоднай Беларусі».

«Калі тыя, хто хоча мець „карту паляка“, і надалей будуць яе хацець, то яны яе атрымаюць. Можа, рэжым увядзе нейкія санкцыі і пакараньні за гэта, то гэта тады будзе цікава».

Палітоляг Алесь Лагвінец называе рашэньне суду па «карце паляка» прагназаваным:

«Судзьдзі ў нас ня ёсьць незалежнымі, хоць фармальна павінны быць такімі. Яны выконвалі канкрэтную палітычную замову. І на гэтую палітычную замову яны выдалі адпаведнае рашэньне. Рашэньне ня можа лічыцца легітымным з дэмакратычнага гледзішча. Беларускія ўлады яшчэ не да канца адмовіліся ад канфрантацыйнай лёгікі ў стасунках з Польшчай, нягледзячы на тыя заявы, якія зрабіў Лукашэнка падчас уручэньня даверчых лістоў польскага пасла».

Паводле інфармацыі, агучанай у Палаце прадстаўнікоў, «карту паляка» на сёньня ў Беларусі маюць больш за 14,5 тысячы чалавек, а ўсяго ў краіне жыве 400 тысяч этнічных палякаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG