Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўлады зьмякчаюць абвінавачваньні некаторым палітвязьням?


Яшчэ некалькім палітзьняволеным абвінавачваньне перакваліфікавалі на мякчэйшае. Чым патлумачыць такія дзеяньні ўладаў? Ці азначае гэта пачатак торгу з Захадам?

Удзельнікі: намесьнік старшыні незарэгістраванага праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянцін Стэфановіч і кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі "БелаПАН" Аляксандар Класкоўскі.

Чаму перакваліфікавалі абвінавачваньне

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч: "Ірыне Халіп, Паўлу Севярынцу, Зьмітру Бандарэнку і Сяргею Марцалеву зьменена абвінавачаньне. З артыкула "Масавыя беспарадкі" абвінавачаньне перакваліфікаванае на "арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх". Санкцыі па гэтым артыкуле значна мякчэйшыя. Што гэта азначае? Беларускія ўлады сталі больш міласэрнымі? Чым гэта можна патлумачыць? Якія вэрсіі?".

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч: "Цяжка адгадваць за нашы ўлады. Найбольш верагодная вэрсія такая. Гэта рэакцыя на ціск з боку Захаду і ААН. І пад пагрозай эканамічных санкцый яны вымушаныя такім чынам зьняць напружаньне з гэтым пытаньнем.

Іншая вэрсія. У дачыненьні да гэтых асобаў у сьледзтва бракуе доказаў таго, што яны арганізоўвалі масавыя беспарадкі і бралі ў іх удзел. Хоць можна запярэчыць, што ў папярэдніх прысудах па гэтай справе не было яўных доказаў удзелу ў масавых беспарадках. Не было прадстаўлена і доказаў наяўнасьці саміх масавых беспарадкаў".

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі: "Па-першае, відавочна, што ўлада пачала даваць задні ход ці манэўраваць. І не таму, што там наверсе лепей учыталіся ў крымінальны кодэкс і ўбачылі, што перагнулі кій. І ня толькі пад ціскам міжнароднай супольнасьці беларускія ўлады раптам засаромеліся.

Прычыны гэтай перакваліфікацыі трэба шукаць не ў юрыспрудэнцыі, а ў эканоміцы і палітыцы. За што ўлады змагаліся, на тое і нарваліся. Перадкатастрофная сытуацыя ў эканоміцы прывяла да таго, што Крэмль прыпёр беларускія ўлады да сьценкі. За крэдыты Расея будзе прымушаць да здачы эканамічнага сувэрэнітэту.

І таму спатрэбіўся Захад. І пачынаецца гульня. Вядома, усіх выпусьціць — гэта страта твару. Трэба паказаць цьвёрдасьць. Гэта маленькія саступкі, каб зьявілася поле для гульні. Гэта каронны стыль беларускіх уладаў".

Чаму розным вязьням — розныя абвінавачаньні?

Карбалевіч: "Па справе 19 сьнежня асуджана восем чалавек, якім было прад'яўлена абвінавачваньне ў масавых беспарадках. І іншыя фігуранты справы 19 сьнежня таксама абвінавачваюцца па гэтым, цяжэйшым артыкуле.

Узьнікае наступнае пытаньне: дык што ж адбывалася на плошчы Незалежнасьці вечарам 19 сьнежня: масавыя непарадкі ці дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак? Або розныя людзі на адным і тым жа месцы ў адзін і той жа час удзельнічалі ў розных падзеях?".

Стэфановіч: "Наяўнасьць розных артыкулаў па адной справе не супярэчыць заканадаўству. Але мы, праваабаронцы, ад самага пачатку казалі, што 19 сьнежня ў Менску масавых беспарадкаў не было. І тыя працэсы над васьмю чалавекамі па гэтай справе пацьвердзілі нашы высновы. І гэтая перакваліфікацыя толькі пацьвярджае нашу пазыцыю. Мы крытыкавалі, што справа вылучаецца ў асобную вытворчасьць да таго, як скончылася ўсё сьледзтва. То бок яшчэ не было доказаў масавых беспарадкаў, а людзей пачалі судзіць. Таму ўзьнікаюць сумненьні адносна справядлівасьці прысуду гэтым васьмі палітвязьням".

Класкоўскі: "Цікава прасачыць гэты сюжэт з абвінавачаньнямі ў дынаміцы. Судзіць пачалі да суду. З высокіх трыбунаў і празь дзяржаўныя мэдыі арыштаваных абвясьцілі злачынцамі. Публікацыя ў газэтах называлася "За кулісамі адной змовы". То бок быў намер прышпіліць артыкул 357 (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады). І ўсе фігуранты справы 19 сьнежня, якіх цяпер падзялілі на гатункі, у той публікацыі аднолькава мазаліся чорным колерам.

Дзякуй Богу, што камусьці цяпер будзе мякчэйшае пакараньне. Але, напрыклад, за што абвінавачваецца ў масавых беспарадках былы кандыдат у прэзыдэнты Вус? Ён увогуле ні пры чым. Толькі за тое, што ня хоча даваць паказаньні супраць Статкевіча. А тыя асобы, якія фігуравалі ў газэтных публікацыях як змоўнікі, ідуць па лягчэйшым артыкуле.

Таму абсалютна бачна, што гэта палітычная справа, шытая белымі ніткамі, у ёй моцны прапагандысцкі складнік. Звышзадача — гэта "замачыць адмарозкаў" і ў прапагандысцкім сэнсе, і за краты пасадзіць.

Вось сьледчы ў абвінаваўчым заключэньні піша: "па надуманых прычынах нібыта несправядлівых выбараў" яны выйшлі на плошчу. Пры чым тут высновы БДІПЧ АБСЭ? Капітан росчыркам пяра вырашае, што выбары былі справядлівыя, і таму гэтыя людзі — злачынцы".

Торг з Захадам

Карбалевіч: "Самая папулярная вэрсія гэтага зьмякчэньня абвінавачаньня — гэта пачатак торгу з Захадам. Ці згодныя вы зь ёй? Здаецца, што іншыя дзеяньні ўладаў супярэчаць гэтай вэрсіі. Маю на ўвазе і крымінальную справу супраць Анджэя Пачобута, і візавыя санкцыі адносна 150 дзяржаўных і грамадзкіх дзеячаў Захаду".

Стэфановіч: "Ня столькі ціск міжнароднай супольнасьці, колькі пагроза эканамічных санкцый прымушае ўладу ісьці на саступкі. Таму што іншыя санкцыі не нясуць пагрозы беларускім уладам.

Здаецца, улады імкнуцца ня вырашыць пытаньне, а зьняць яго вастрыню. Тое, што дзесяці чалавекам перакваліфікавалі абвінавачваньне на мякчэйшае, не вырашае праблемы палітвязьняў. Бо каля 30 чалавек па-ранейшаму абвінавачваюцца ў масавых беспарадках, а восем чалавек асуджаныя па гэтым артыкуле. І далейшае зьмякчэньне пакараньня адбудзецца толькі пад пагрозай эканамічных санкцый".

Класкоўскі: "Без заходняй падтрымкі абысьціся немагчыма. Нават калі Расея і дасьць 3 млрд. даляраў, то іх хопіць толькі на некалькі месяцаў. А потым патрэбен новы крэдытны допінг, таму трэба зьвяртацца да МВФ.

Лукашэнка падчас інтэрвію газэце "Вашынгтон пост", адказваючы на пытаньне пра памілаваньне палітвязьняў, адказаў, што спачатку павінен адбыцца судовы прысуд, а там паглядзім. Вось такі альгарытм. Казуліна ў 2008 годзе літаральна выпхнулі за вароты калёніі, нават паперы ніякай не далі, і ён ня ведаў, на якой падставе яго вызвалілі. Так і тут усё будзе вызначацца палітычнай мэтазгоднасьцю. Хоць гэтыя саступкі Захад не задаволяць, але, магчыма, пачнецца закулісны торг".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG