Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лісты да Мілаша. Піша Пэтра Гулава


Новы допіс літаратурнага праекту да стагодзьдзя Чэслава Мілаша. Пры падтрымцы Міжнароднай сеткі літаратурных цэнтраў “Halma”і Эўрапейскага культурнага фонду.

Шаноўны спадар Мілаш,

быў летні ранак, чацьвёртая ці пятая гадзіна. Паветра, як е-мэйл усярэдзіне ракавіны – пералівы ружовага і шэрага, пішаце Вы ў 1958 годзе ў сваім эсэ «Родная Эўропа». Не е-мэйл, а эмаль, я ведаю. Мы з розных эпохаў. Я ўяўляю сабе, як Вы, зь белай сурвэткай на каленях, зусім як карэнны парыжанін, расчыняеце адну за адной ракавінкі ў малым утульным рэстаране на Манмартры. Амаль на трыццаць гадоў пазьней, улетку восемдзесят сёмага, я з бацькамі зьбіраю ракавіны на брудным пляжы сівой Балтыкі. Халодна, а пад хмарай і ў адзіным шапіку як вокам кінуць – толькі мучністыя польскія кілбаскі. У гатэлі на сьняданак – суп зь цёплага малака, ад якога нашыя зь сястрой страўнікі шторазу ўскалыхваюцца, як караблі.

Вы пішаце, што Прага, вашая першая заходнеэўрапейская сталіца, у трыццаць першым годзе ап’яніла Вас сваім паветрам, нібы зь пены, поўным сьмеху і музыкі. Тую “сардэчную цеплыню і ўсёабдымную чалавечнасьць“ Вам хацелася праглынуць. Тады Вам было дваццаць. Вы як сьлед ведалі
Першы выезд “за бугор”, як доўгі час казалі ў нас на Ўсходзе, - гэта ўспамін на ўсё жыцьцё.
толькі Літву, нясьмелы студэнт юрыдычнага факультэту Віленскага ўнівэрсытэту. Той шлях, на якім Вы зь сябрамі купілі ў Чэхаславаччыне каноэ, пераправілі яго да Бодэнскага возера і даплылі на ім па Рэйне як мага бліжэй да Парыжу – гэта была Вашая ідэя? Вы пішаце, толькі плян быў наступны, двукроп’е. Але ж менавіта гэтаму адносна кароткаму падарожжу на Захад Вы прысьвячаеце ажно пятнаццаць старонак сваёй «Роднай Эўропы». Першы выезд “за бугор”, як доўгі час казалі ў нас на Ўсходзе, – гэта ўспамін на ўсё жыцьцё, Вашая праўда (я ніколі не забудуся на свой вялікі вясёлкавы мяч зь венскай Mariahilferstrasse, калі мне было дзесяць. На дварэ быў 1990 год, акурат адкрылі межы, і па ўсёй Вене на крамах віселі шыльды: "Чэхі, ня крадзьце!").

Мяне цешыць, што для Вас той першай заходнеэўрапейскай сталіцай была менавіта Прага. Мы ніколі не адчувалі сябе тут па-заходняму. Дакладна не пры маім жыцьці. Мы заўсёды былі ў найлепшым выпадку Цэнтральная Эўропа, а часта ўсяго толькі Ўсходняя. Чым бліжэй на ўсход да Расеі, тым
Чым бліжэй на ўсход да Расеі, тым часьцей людзі будуць з вамі спрачацца, што вы знаходзіцеся менавіта і дакладна ў цэнтры Эўропы.
часьцей людзі будуць з вамі спрачацца, што вы знаходзіцеся менавіта і дакладна ў цэнтры Эўропы. Пра гэта вам будуць бажыцца ў Польшчы, у нас у Чэхіі, у Славаччыне, ва Ўкраіне і ў Беларусі. Пераконваць людзей у адваротным – гэта азначае адбіраць у іх надзею. Для палякаў чэхі ўжо адной нагою Захад, вось чаму вы адчуваеце да нас крыху яхідную любоў. Яхідную таму, што для вас, палякаў, мы маладушнікі з згорбленымі хрыбтамі, а зусім не такія героі, як вы. Я пішу “ў Вас” у Польшчы, хоць Вы нарадзіліся ў Літве і пражылі там сваю маладосьць. Але Вас гэта ня мучыць. Вы не выносіце нацыяналізму, таму такая алергія на правых. Вы называеце нацыяналістаў цемрашаламі, і мяне гэта не зьдзіўляе, хоць вельмі верагодна, што калі б ня Вашае куленепрабіўнае рэнамэ, у нас у Чэхіі Вы б з сваёй левай мінуўшчынай сёньня не знайшлі паразуменьня. Вы пішаце, што Вам цяжка знаходзіць агульную мову зь людзьмі, якія ня мелі марксісцкага досьведу. Але ж менавіта яны ў Чэхіі зразумелі б Вас значна лепш, чым старэйшыя. Для немалога ліку чэскіх інтэлектуалаў сярэдняга і старэйшага пакаленьня чалавек з кар’ерай дыплямата народнай рэспублікі быў бы прынамсі падазроным.

Дваццацігадовыя, алергічныя хутчэй на наш дзіўны капіталізм, якія пра кепствы чэскага камунізму ведаюць адно з школы, да падобных роляў ставяцца ў прынцыпе больш паблажліва. Але пад тымі, хто ня мае за сабой марксісцкай мінуўшчыны, Вы мелі на ўвазе хутчэй шушамець з Захаду, праўда? У Эўропе так іх можам абзываць толькі мы, шыракатварыя прадстаўнікі славянскіх народаў, і пры гэтым па-змоўніцку адно аднаму падміргваць. Ня думайце, што мяне гэта абмінула. Калі я ў васямнаццаць гадоў упершыню паехала ў Амэрыку, нешта ад той дыстанцыі засталося ўва
Супраць нашэсьця барбараў я рэгулярна загартоўваюся халоднай вадой, супраць выміраньня Эўропы змагаюся тым, што маю дзяцей.
мне дагэтуль. Сумбурная сумесь захапленьня і пагарды. Жаданьне бесклапотна ўсё гэта праглынуць, нафаршавацца гэтым, як індык, – адным словам, тое, што адчувалі Вы падчас свайго праскага візыту, я таксама ведаю, толькі з ЗША. Пакуль існуе камфорт, яны непераможныя ў сваёй прадукцыйнасьці, лёгіцы, адказнасьці і ўпэўненасьці ў сабе. Я б магла працягваць: у сваім кругаглядзе, гуманізьме, дэмакратыі. Калі мы адчынім дзьверы цяпліцы і ўсярэдзіну задзьме мароз з кітайска-сібірскіх стэпаў або забойчая сьпёка з арабскіх пустэльняў, увесь Захад прапаў. Супраць нашэсьця барбараў я рэгулярна загартоўваюся халоднай вадой, супраць выміраньня Эўропы змагаюся тым, што маю дзяцей. Сьмешна, праўда? Пачаць зь сябе – сьмешна?

Хай заходнеэўрапейцы мне даруюць. Бо дзеля чаго ж іншага мы высільваемся, калі ня дзеля таго, каб быць, як яны. І мы ўжо амаль такія ж, як яны. Хай бы немец, француз ці брытанец сказалі: нават і ня думайце, мы вас за вярсту пазнаем і пад вашымі чорнымі турыстычнымі акулярамі, але каўказец ці ўралец цалкам бы маглі сказаць: вядома, Варшава і Дортмунд – гэта ж тое самае, абсалютна тое самае.

Тым уральцам я хацела Вас зачапіць. Я ведаю, як моцна Вы ня любіце Расеі. Вы не выносіце яе і захапляецеся ёю, як і Захадам, толькі наадварот. У барбарства моцныя рукі. Абедзьве нашыя краіны зазналі ягоныя абдымкі гэтаксама добра, як увесь культурны сьвет расейскую літаратуру. Адсюль гэтае захапленьне. О вялікая літаратура, млеюць інтэлектуалы па ўсёй Эўропе ад расейскіх раманаў. Зь літаратуры ўсё пачынаецца, літаратурай і канчаецца. Нават калі так, ці гэта не адзінае, чаго Вы сапраўды праглі? Чытаць і быць чытаным?..

Толькі, нягледзячы на ўсе Вашыя прэтэнзіі да Польшчы, гора таму, хто замахнецца на Ваш уяўны мост паміж Усходам і Захадам. Гэтае адчуваньне паўдарогі паміж Усходам і Захадам Вы культывуеце гэтак жа, як і інтэлектуалы ў Чэхіі. Старэйшыя інтэлектуалы. Маладыя гэтым бадай не пераймаюцца. Ніводзін зь іх ужо не зьяўляецца эмігрантам, засталася толькі процьма маладых тулягаў. Але, нягледзячы на гэта, Ваш ключавы жыцьцёвы і філязофскі трохкутнік Польшча-Расея-Захад ані трошкі ня страціў для мяне сваёй актуальнасьці. Вашая вялікая тэма Заходняй і Ўсходняй Эўропы ня выжыла сябе. Вось паміж барбарствам і цывілізаванасьцю, якая цягнецца, як уяўны працяг Транссібірскай магістралі, з усходу кудысьці да Бэрліну і Парыжу. Тое, што для Вас Польшча, для мяне Чэхія. На Ўсход я ежджу загартоўвацца і, груба кажучы, чэрпаць натхненьне. Усход абвастрае органы пачуцьцяў, як навальніца. Захад, як мора, згладжвае грані ўсяго, што пасьля перамолвае. За філіжанкай кавы зь відам на вуліцы заходніх гарадоў можна бэсьціць капіталізм, у прапацелым і аблезлым цягніку на Ўладзівасток марна жадаецца чагосьці ад заходняй далікатнасьці. На Ўсход я ежджу як ананімная падарожніца. Дзе ваш муж? А як жа дзеці адны бяз мамы? – пытаюцца там і прынамсі звонку выглядаюць заклапочана. На Захад я ежджу прадаваць,
Пасьля дваццаці гадоў дэмакратыі і капіталізму мы ўжо недастаткова іншыя, але разам з тым недастаткова гэткія ж самыя, каб быць для Захаду напраўду цікавымі.
прадаваць свае кнігі. Там пытаюцца пра камунізм, пра тое, што я зь яго памятаю, і мяне гэта ўжо ўтамляе, але новыя тэмы знаходзяцца зь цяжкасьцю. Магчыма, што яшчэ пяць ці, прынамсі, дакладна дзесяць-пятнаццаць гадоў таму чэскія пісьменьнікі былі на Захадзе цікавым экспартным таварам, дзівам з далёкага ўсходу. Але адрознасьць абцерлася і, галоўнае, з большай часткі ўзяла ногі на плечы. Пасьля дваццаці гадоў дэмакратыі і капіталізму мы ўжо недастаткова іншыя, але разам з тым недастаткова гэткія ж самыя, каб быць для Захаду напраўду цікавымі. Мы гэткія ж, толькі трохі горшыя, а няма нічога менш прыцягальнага, чым быць такім жа, толькі крыху адставаць.

Пару дзён таму нямецкае выдавецтва адмовілася ад майго раману з тым, што, цытую: "Яго авангарднасьць занадта старамодная". А я пры гэтым была шчыра перакананая, што адкрываю малую Амэрыку. Маё абражанае славалюбства можна было нажом рэзаць, хоць, зь іншага боку, ці ня ёсьць менавіта якасны старамодны авангард сёньня чымсьці выключным? Іншы раман у Нямеччыне ня быў прыняты, бо, цытую: "Ён несумненна цікавы для чэхаў, але...” Ці сустрэўся б з такім аргумэнтам нямецкі аўтар у Чэхіі?

Як проста зьвесьці ўласную недасканаласьць на нацыянальную
Як проста зьвесьці ўласную недасканаласьць на нацыянальную прыналежнасьць, праўда?
прыналежнасьць, праўда? Мы, усходнеэўрапейцы, наагул любім сябе шкадаваць, дык я дадам, што пад палякам, магчыма, шмат хто на Захадзе часьцей за ўсё ўяўляе польскага сантэхніка або польскую хатнюю памочніцу, але што б я аддала за прыбіральшчыцу, калі маю краіну ў ЗША сям-там блытаюць нават (хай чачэнцы прабачаць маю пыху) з Чачэніяй.

Пра палякаў у нас ходзіць анэкдот, што паляк – гэта расеец, які часьцей мыецца, а чэх – гэта хто?..

Заходнікі ня ведаюць, што такое цяжкае жыцьцё. Нібыта. І Вы гэта гаворыце. Таму яны езьдзяць на Ўсход хіба толькі трахацца.

Гэта пра стэрэатыпы. Паціскаючы адно аднаму рукі, мы з абодвух бакоў жалезнай заслоны (як доўга яшчэ?) паказваем адно аднаму нос. У адзінай Эўропе, у адзіным Эўразьвязе.

Калі ў 2003 годзе мы галасавалі на рэфэрэндуме за ўступленьне ў ЭЗ, я была
Калі ў 2003 годзе мы галасавалі ў рэфэрэндуме за ўступленьне ў ЭЗ, я была супраць.
супраць. Адзіная з усёй сям’і, зь сяброў, з усіх, каго я ведаю. Бо кампанія нашай дзяржавы перад рэфэрэндумам аб уступленьні была ўзорным прыкладам прамываньня мазгоў. Маўляў, за Эўропу маладыя, разумныя і адукаваныя, а супраць уступленьня ў ЭЗ галасуюць толькі расчараваныя пэнсіянэры і ксэнафобныя калгасьнікі, вось і выбірай сам, куды ты належыш.

Сёньня мы адзіная Эўропа, і што? Блюзьнерства казаць гэта вось так у адкрытую? Нармалёва саромецца думаць пэўным чынам? Магчыма, так. У імя існуючага парадку. Сорам – гэта інтуітыўны мур супраць хаосу. Не, самацэнзура не абавязкова дрэнная рэч. Наадварот. Мы маем шанец супрацьстаяць сьвету толькі ў выпадку, калі тут у Эўропе будзем дзейнічаць хаця б збольшага заадно. Таму мы шчэрым адны на адных зубы цывілізавана. Хай жыве высьмейваная паліткарэктнасьць у імя высокіх мэтаў!

А літаратура? Пакуль пра яе амаль што ні слова не было. Я таксама пару разоў аддавалася марам у старых парыскіх кавярнях. Там, дзе прыдумляліся ўсе гэтыя літаратурныя кірункі і ізмы, ведаеце? У Чэхіі, калі я іду з кім-небудзь у кавярню, мы нібы назло ўнікаем размоваў пра літаратуру, а больш за ўсё з тымі, хто сам піша. Можа, у гэтым і палягае навучаны гісторыяй сорам усходнеэўрапейца быць інтэлектуалам? Магчыма, Вы не паверыце, але ў нас слова “інтэлектуал” усё яшчэ мае пэўнае рэакцыйнае адценьне. Калі ў мяне пытаюцца, што я раблю, я не кажу адкрыта, што пішу. Да нядаўняга часу я праўдзіва адказвала, што вучуся, але з таго моманту, калі засталася бяз гэтай адгаворкі, я выкручваюся і выдаю праўду толькі калі няма іншага выйсьця. У слупок з прафэсіяй, калі гэта магчыма, я крэмзаю штосьці нечытэльнае,
Пісьменьніца і маці – гэта ж сутнасная супрацьлегласьць, хіба не?
баюся, каб хто-небудзь ня пырснуў сьмехам. Часам я яшчэ кажу: я ў дэкрэтным адпачынку. Але гэта толькі тады, калі я не зь людзьмі зь літаратурнай сфэры. Перад імі я да апошняга выракаюся пісаньня. Пісьменьніца і маці – гэта ж сутнасная супрацьлегласьць, хіба не? Нельга ж адначасна жыць альтруістычна для іншых і эгаістычна толькі для сябе і творчасьці, у гэтым ёсьць рацыя. Вы ведалі жанчыну, якой удалося спалучыць усё і якая пісала нешта вартае? Да таго ж, як толькі перад людзьмі раскрыецца наяўнасьць дзяцей, яны адразу ж пытаюцца пра напісаньне дзіцячых кніг. З ганьбай і прыніжэньнем унутры (хіба я мушу ўпасьці так нізка?) адказваю ўголас і з усьмешкай, што пакуль ня маю такога намеру…

Галоўным, у чым я ўрэшце адважуся з Вамі не пагадзіцца, будзе Ваш згаданы дыялектызм. Паміж упартасьцю і гістарычнай дадзенасьцю, паміж боскім і гістарычным – па гэтым напятым канаце Вы ішлі ўсё жыцьцё. З адчуваньнем, што нельга біцца галавой у сьцяну. Ні ў жыцьці, ані ў творчасьці, таму што аўтар усё ж сьведчыць пра тое, што тут ёсьць і куды ўсё кіруецца. Як сабака, торгае ланцуг па выхаджаным крузе вакол сваёй будкі, і ні на крок далей. Там, далей – утопія, магчыма, камуністычная, якая была Вам да спадобы, як шмат каму іншаму, хто адчуваў, што гісторыя б’ецца ў сутаргах і што ў момант пагібелі хай мы будзем роўныя адзін аднаму. Далей, за выхаджаным колам буды – вар’яцтва, крайнасьці, чыстая фабула. Калі чалавек хоча сьведчыць пра эпоху, ён, па-вашаму, мусіць хаця б да паловы ўвайсьці ў ваду і рухацца з плыньню. Вось што для мяне значыць Вашая дыпляматычная дзейнасьць, Вашая натуральнасьць хамэлеона, выведніка ў сьвеце, які быў Вам так не да спадобы. І скура акадэміка, і скура мастака, у рэшце рэшт. Вы не хацелі быць мастаком-дзіцем у сьвеце бывалых. Рамантычным і наіўным боўдзілам у сьвеце прадбачлівых. Вы не падзялялі
Сабака, які ляціць, ляціць у пустату. Скача на скрут галавы. Менавіта гэта і ёсьць літаратура. Нахабства, жыўленае воляй і талентам.
марксісцкае настойваньне на дзеяньні замест так званых наіўных летуценьняў, і ўсё ж Вас гэта мучыла. Што такое словы супраць дзеяньняў, праўда? Пажоўклая папера, зьвесткі на гард-дыску, які сапсуецца, шэпт мільёна і аднаго тэксту, якія блукаюць па інтэрнэце. Адсюль Вашае адчуваньне, што сярод мастакоў і рэвалюцыянэраў пануе сутнаснае нявыказанае замірэньне. Але ж разам з тым Вы вельмі добра ведаеце, што любая ідэалягічная проза ёсьць чыстай ялавасьцю. Ваш дыялектызм ёсць усьведамленьнем меры і раўнавагі. Правераным паважным досьведам і паважным жыцьцём. Але што, калі сабака сарвецца з ланцуга? Я маю на ўвазе ўсходнеэўрапейскага сабаку. Куды ён ляціць? Выць з ваўкамі ў Сібіры? Загрызьці гаспадара? Заходнеэўрапейскі сабака задаволены, ён цюмрыць гранулы, і яму ўжо даўно ніхто не даваў па пысе. Сабака, які ляціць, ляціць у пустату. Скача на скрут галавы. Менавіта гэта і ёсьць літаратура. Нахабства, жыўленае воляй і талентам. У такім выпадку Вы б, магчыма, назвалі мяне разбэшчанай ветрагонкай. Відаць, такая ўжо я вырасла. Відаць, свабодныя часы ўсё гэта дазваляюць. Часы, падзяка за якія належыць і Вам. За тое, што на Захадзе яшчэ за часам жалезнай заслоны пра нас, усходнеэўрапейцаў, ведалі.

З пашанай,

Ваша Пэтра Гулава

(Пераклад Веранікі Бяльковіч)


Грамадзкі праект “Лісты да Мілаша” быў распачаты шэрагам культурных і асьветніцкіх асяродкаў, у іх ліку — Міжнародная сетка літаратурных цэнтраў “Halma”, Эўрапейскі культурны фонд. Гэты праект – працяг асэнсаваньня ўзаемадачыненьняў Эўропы, які сам Мілаш запачаткаваў у сваёй вядомай кнізе “Родная Эўропа” (Rodzinna Europa). Выдадзеная ўпершыню ў Парыжы ў 1958 годзе супольнасьцю антыкамуністычнай эміграцыі і перакладзеная амаль на ўсе эўрапейскія мовы, кніга расказвае пра “ўсходняга эўрапейца”. Народжаны ў Літве польскі шляхціц, які перажыў яшчэ рэвалюцыю ў Расеі, доўгі час жыў у Парыжы і ЗША, памёр у Кракаве, які яму нагадваў Вільню.

Зь Вільні пішуць Чэславу Мілашу і пра яго

З Прагі пішуць Чэславу Мілашу

Аляксандар Лукашук: Ліст да Мілаша
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG