Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная місія: Ціск на беларускіх журналістаў узмацняецца


Міжнародная назіральная місія Камітэту міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі падрыхтавала сыстэматызаваную падборку фактаў, што ілюструюць умяшаньне ў дзейнасьць журналісцкай супольнасьці ў Беларусі.

Гэтая даведка ахоплівае пэрыяд з 12 студзеня па 15 сакавіка 2011 года, паведамляе БелаПАН.

У агляд уключаны выпадкі затрыманьняў, допытаў у КДБ, вобыскаў і канфіскацыі тэхнікі, а таксама іншых відаў абмежаваньня волі журналістаў падчас выкананьня імі прафэсійных абавязкаў, у прыватнасьці спробы ўплыву на рэдакцыйную палітыку (цэнзура). Асобна прадстаўлена сытуацыя з журналістамі, якіх абвінавацілі на падставе артыкулу 293 (масавыя беспарадкі) Крымінальнага кодэксу Беларусі.

У аналітычнай даведцы місія зьвяртае ўвагу на тое, што ціск на журналістаў, стварэньне перашкодах для іх дзейнасьці зьяўляюцца недапушчальнымі і парушаюць як міжнародныя абавязаньні, так і ўнутранае заканадаўства Беларусі. Спэктар формаў націску на журналістаў і СМІ за апошнія два месяцы значна пашырыўся, што ня можа не выклікаць занепакоенасьці праваабарончых арганізацый, міжнароднай грамадзкасці і павінна стаць прадметам разбору з боку нацыянальных органаў пракуратуры.

У сваіх высновах місія падкрэсьлівае, што на гэты момант "улады Рэспублікі Беларусь не прадставілі ніякага зразумелага тлумачэньня сваім дзеяньням па працягу канфіскацыі тэхнікі журналістаў і ў асобных СМІ, тым самым ускосна пацьвярджаючы меркаваньне аб тым, што мэтай такіх дзеяньняў зьяўляецца паралізацыя працы асобных СМІ".


Камітэт міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі – асамблея недзяржаўных праваабарончых арганізацый з краін-сябраў АБСЭ, якая была ўтвораная ў студзені сёлета ў сувязі з падзеямі 19 сьнежна 2010 году ў Менску і іх наступствамі. Камітэт не зьяўляецца афіцыйным прадстаўніцтвам АБСЭ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG