Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргею Каваленку далі яшчэ 15 сутак


Сяргей Каваленка
Сяргей Каваленка
Віцебскі актывіст КХП БНФ Сяргей Каваленка на волі пабыў толькі 5 хвілін. Калі ён выйшаў з турмы пасьля сямі сутак арышту, яго зноў затрымала міліцыя.

У Першамайскім райаддзеле міліцыі Віцебску на Сяргея Каваленку склалі пратакол за парушэньне рэжыму, за што яму далі яшчэ 15 сутак арышту.

Пра гэта «Свабодзе» распавяла жонка актывіста, Алена Каваленка, якая так і не дачакалася мужа дома пасьля папярэдняга арышту ды пачала яго шукаць.

Папярэдні арышт Сяргею Каваленку быў прысуджаны 25 сакавіка — за тое, што актывіст выйшаў у цэнтар Віцебску з трыма бел-чырвона-белымі сьцягамі. Суд Чыгуначнага раёну прызнаў яго вінаватым у арганізацыі несанкцыянаванага пікету, а таксама ў дробным хуліганстве — нібыта падчас затрыманьня спадар Каваленка нецэнзурна лаяўся.

Усе сем сутак арышту Сяргей галадаваў на знак пратэсту супраць несправядлівага, на ягоную думку, прысуду. Ці будзе ён галадаваць наступныя 15 — невядома.

Інцыдэнт 24 сакавіка, кваліфікаваны судом як хуліганства, быў расцэнены як парушэньне рэжыму адбываньня прысуджанага летась пакараньня. Актывіст дагэтуль адбывае так званую «хатнюю хімію» — тры гады абмежаваньня волі «ўмоўна» пасьля вывешваньня бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй ёлцы 7 студзеня мінулага году. Тады суд абвінаваціў яго ў супраціве міліцыянтам, якія яго затрымлівалі, і нанясеньні шкоды дзяржаўнай маёмасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG