Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронца Стэфановіч: «Наўрад ці паўзахады выратуюць ад санкцыяў»


З журналісткай Ірынай Халіп правялі першы за больш чым 2 месяцы допыт. Да былога кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава не пусьцілі адвакатаў. Як праваабаронцы камэнтуюць тое, што Ўладзімеру Някляеву, Віталю Рымашэўскаму, Аляксандру Фядуту, Сяргею Вазьняку, Андрэю Дзьмітрыеву і Насьце Палажанцы выставілі больш мяккае абвінавачаньне?

30 сакавіка жонку Андрэя Саньнікава, журналістку Ірыну Халіп, упершыню за два апошнія месяцы выклікалі на допыт. Паводле яе маці, Люцыны Бяльзацкай, абвінавачаньне Ірыне не мянялі. Пра настрой дачкі пасьля допыту Люцына Бяльзацкая сказала:

«Прыехала і ўсё. Нічога не сказала. Яна ж ня можа казаць».

Маці Андрэя Саньнікава Ала Ўладзімераўна ад адвакатаў даведалася, што 30 сакавіка тыя спрабавалі ўбачыцца з падабаронным, але сустрэча не адбылася. Паводле Алы Саньнікавай, знаёміцца са справай Андрэй яшчэ не пачаў. Абвінавачваюць палітыка ў арганізацыі масавых беспарадкаў.

Тое, што шасьці абвінавачаным, у тым ліку былым кандыдатам Уладзімеру Някляеву і Віталю Рымашэўскаму, выставілі больш мяккія абвінавачваньні, Ала Ўладзімераўна вітала, але пры гэтым шкадавала, што яе сыну пагражае па-ранейшаму 15 гадоў за кратамі.
Мне зразумела было, што асноўны канкурэнт у яго быў Андрэй, таму ён дасьць яму спаўна.

«Мне зразумела было, што асноўны канкурэнт у яго быў Андрэй, таму ён дасьць яму спаўна».

Уладзімера Някляева і Віталя Рымашэўскага, а таксама сябраў выбарчага штабу Някляева Андрэя Дзьмітрыева, Аляксандра Фядуту, Сяргея Вазьняка, а разам зь імі і намесьніцу кіраўніка «Маладога фронту» Насту Палажанку цяпер вінавацяць паводле 342 артыкулу — гэта арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх. Максымальнае пакараньне паводле гэтага артыкулу — 3 гады зьняволеньня, а мінімальнае — грашовы штраф.

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч адзначае, што злачынства паводле 342 артыкулу ня лічыцца цяжкім, таму адвакаты могуць дамагацца зьмены меры стрыманьня для сваіх падабаронных, а на працэсах магчыма чакаць, што судзьдзі абмяжуюцца прысудамі, якія не зьвязаныя з пазбаўленьнем волі.

«Хаця я лічу, што і дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, зь іх боку не было», — мяркуе праваабаронца.

Чаму ўлады пайшлі на зьмякчэньне абвінавачаньня адносна 6 апазыцыянэраў?

«Магчыма, гэта таксама зьвязана зь ціскам Эўразьвязу і ЗША ды пагрозамі эканамічных санкцыяў, якія гучаць усё мацней і мацней. Магчыма, улады вырашылі выйсьці з гэтай сытуацыі праз прызнаньне людзей вінаватымі ў дзеяньнях, якія парушалі грамадзкі парадак, але выносячы ім пакараньні, не зьвязаныя з пазбаўленьнем волі. Ёсьць такі варыянт. Але нагадаю, што ёсьць Саньнікаў, Статкевіч, Вус, ёсьць Севярынец ды іншыя, каго вінавацяць у арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках. Таму такія паўзахады ўлады наўрад ці выратуюць у гэтай сытуацыі. Мы настойваем на тым, што масавых беспарадкаў не было і што гэтая крымінальная справа безумоўна носіць палітычны характар. І патрабуем вызваленьня ўсіх вязьняў».

30 сакавіка Ўладзімера Някляева выклікалі ў КДБ на 14-ю гадзіну дня, адтуль экс-кандыдат вярнуўся пасьля сёмай вечара. «Выставілі новае абвінавачанье і правялі па ім допыт. Прыехаў вельмі стомлены», — сказала пра мужа Вольга Някляева. Яна нагадала, што паводле гэтага ж 342-га артыкулу ў 2006 годзе судзілі кандыдата на пазамінулых прэзыдэнцкіх выбарах Аляксандра Казуліна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG