Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікіта Ліхавід будзе абскарджваць прысуд


Актывіст руху «За свабоду» Мікіта Ліхавід прызнаны Партызанскім судом Менску вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня і асуджаны да трох з паловай гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Дзяржаўны абвінаваўца Антон Загароўскі прасіў для Мікіты Ліхавіда 4 гады, судзьдзя Натальля Пыкіна прысудзіла актывіста да тэрміну, на паўгода меншага. Маці актывіста Алена Ліхавід адразу пасьля прысуду заклікала Эўразьвяз да эканамічных санкцыяў супраць беларускага рэжыму — маўляў, інакш яго не спыніць і рэпрэсіі супраць апазыцыі будуць узрастаць:

«Я зьвяртаюся да Эўразьвязу ад усіх мам, ад жонак і сваякоў: пачынайце ўводзіць эканамічныя санкцыі. Ну за што вось гэтаму дваццацігадоваму хлопчыку далі 3 гады і 6 месяцаў? Не было ж масавых беспарадкаў. У нас адпускалі людзей, якія забівалі — яны на волі ходзяць. Проста ўлада спрабуе ўсіх запалохаць. Але я як маці клянуся, што буду грызьці зямлю, каб мой сын выйшаў на волю, я не спынюся ні перад чым. Жыве Беларусь!»

Алена Ліхавід

Суд палічыў даказанымі масавыя беспарадкі ў Менску на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня. Паводле суду гэта даказалі відэастужка і паказаньні сьведкі, міліцыянта Аляксандра Багданава і 29 пацярпелых міліцыянтаў-амапаўцаў.

Аднак паказаньні сьведкі, праваабаронцы Алега Гулака, які быў на плошчы Незалежнасьці з 8 вечара да 12 ночы 19 сьнежня, супярэчылі паказаньням пацярпелых. Паводле Алега Гулака, масавых беспарадкаў не было, а быў несанкцыянаваны мітынг пратэсту супраць сфальшаваных, на думку мітынгоўцаў, выбараў і хуліганскія дзеяньні невялікай купкі людзей на ганку Дома ўраду. Што да дзеяньняў міліцыі 19 сьнежня, Алега Гулака яны зьдзівілі:

«Калі людзі б’юць шкло доўгі час і міліцыя ня робіць нічога, каб гэта спыніць, тады магчыма, што нехта зь людзей з-за эмоцыяў далучыўся да гэтага. Бо беспакаранасьць рэальна правакуе людзей».

Алег Гулак расказаў, як падыходзіў на плошчы да міліцыянтаў у цывільным і заклікаў іх спыніць падзеі на ўваходзе ў Дом ураду, але да яго не прыслухаліся. Празь некалькі гадзінаў, калі мітынг быў ужо разагнаны, праваабаронцу самога затрымалі як удзельніка мітынгу, хаця ён і запэўніваў, што быў толькі назіральнікам падзей. Ноч на 20 сьнежня Алег Гулак правеў у турме на завулку Акрэсьціна разам зь некалькімі сотнямі затрыманых. Паводле праваабаронцы, на Акрэсьціна спэцназ міліцыі працягваў масава парушаць правы затрыманых.

Пасьля суду пракурор Антон Загароўскі да журналістаў недзяржаўных мэдый ня выйшаў. Устрымалася ад камэнтару адвакат Дар’я Ліпкіна, якой шмат хто дзякаваў за яе працу на працэсе. Адвакат спаслалася на занятасьць і хутка зьехала.

Антон Загароўскі

Сьведка з боку Ліхавіда ўрач Юры Дудараў гэтак ацаніў прысуд: «Ды што тут казаць! Якія тры з паловай году! За што? За масавыя беспарадкі, якія стварылі амапаўцы? Дзе былі тыя масавыя беспарадкі? Самі стварылі іх і зараз самі судзяць».

Апошнія словы мой субяседнік казаў са сьлязьмі на вачах. Выціраў сьлезы і шмат хто з сваякоў і сяброў Мікіты Ліхавіда, якія назіралі за працэсам і, паводле іх словаў, да апошняга ня верылі, што юнак атрымае такі вялікі тэрмін.

Маці Мікіты Ліхавіда Алена заявіла, што сын будзе абскарджаць прысуд і дамагацца апраўданьня паводле абвінавачаньня ва ўдзеле ў масавых беспарадках.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG