Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці Мікіты Ліхавіда: "Паводле адваката, сёньня будзе прысуд"


Мікіта Ліхавід
Мікіта Ліхавід
У Партызанскім судзе Менску сёньня працягнецца працэс над актывістам руху "За свабоду" 20-гадовым Мікітам Ліхавідам, якога вінавацяць ва ўдзеле ў масавых непарадках 19 сьнежня.

Суд над Мікітам Ліхавідам прыпыніўся 24 сакавіка на этапе апытаньня сьведкаў. Міліцыянта Аляксандра Багданава абвінавачаньне заявіла сьведкам. Нібыта ён затрымліваў Мікіту Ліхавіда і складаў на яго пратакол за адміністрацыйнае парушэньне.

Адвакат Дар’я Ліпкіна высьветліла, што сьведчыць Багданаву асабліва няма пра што. Дзеяньні Ліхавіда на плошчы ён ня змог згадаць і шчыра прызнаў, што памятае яго толькі ў ізалятары на Акрэсьціна. А сам Мікіта Ліхавід заявіў, што Багданаў хлусіць, бо не афармляў ягоны пратакол. Калі адвакат пачала задаваць удакладняльныя пытаньні сьведку адносна гэтага эпізоду, судзьдзя Натальля Пыкіна пытаньні адхіліла. Адносна падзеяў на плошчы, якія сьледзтва разглядае як масавыя непарадкі, сьведка таксама ня змог нічога пэўнага паведаміць. «Забыў, шмат часу мінула», — адказваў Аляксандар Багданаў на просьбы згадаць падрабязнасьці тых падзеяў.

Ці выставіць дзяржаўны абвінаваўца яшчэ кагосьці ў якасьці сьведкі, пакуль невядома. А вось абарона рыхтуецца заявіць у якасьці сьведкаў некаторых асобаў, якія не пабаяліся прызнацца, што былі на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня і апісаць падзеі, якія там адбываліся.

Працэс быў спынены, бо ў адвакаткі Дар'і Ліпкінай захварэла дачка. Маці Мікіты Ліхавіда Алена кажа, што Ліпкіна зможа прыйсьці на працэс 29 сакавіка. І, паводле прагнозу адваката, суд вынесе рашэньне:

"Дзіцёнак папраўляецца, ёй лягчэй, таму адвакат працягне працэс і хутчэй за ўсё суд закончыцца. Ад Мікіты нічога, лісты не прыходзяць. Вельмі цяжка нам усім чакаць выніку, вельмі цяжка".

Мікіту Ліхавіду пагражае да 8 гадоў зьняволеньня. Актывіст прызнае сваю віну часткова: што наносіў удары па дзьвярах Дому ўраду, бо паддаўся настрою натоўпу. Але ўдзелу ў масавых непарадках Мікіта Ліхавід не прызнае, паколькі ня лічыць, што ў Менску 19 сьнежня адбываліся масавыя непарадкі.

Працэс вядзе судзьдзя Натальля Пыкіна. У часе папярэдніх паседжаньняў судзьдзя двойчы рабіла заўвагі адвакату і некалькі разоў заўвагі ад судзьдзі атрымалі міліцыянты, якія фігуруюць ў працэсе пацярпелымі. Таксама заўвага была вынесеная сьведку Аляксандру Багданаву.

Суды над удзельнікамі падзей на плошчы Незалежнасьці ў Менску ідуць ад 17 лютага. Тады быў асуджаны на 4 гады калёніі Васіль Парфянкоў.

На пачатку сакавіка былі асуджаныя на 4 гады зьняволеньня Алесь Атрошчанкаў, на 3,5 гады – Дзьмітры Новік, на 3 гады – Аляксандр Малчанаў.

Потым расейскія грамадзяне Іван Гапонаў і Арцём Брэўс былі пакараныя вялікім грашовым штрафам, а менскі прадпрымальнік Дзьмітры Мядзьведзь атрымаў за удзел у мітынгу на плошчы 3 гады хіміі.

24 сакавіка атрымалі 2 і 4 гады зьняволеньня лідэры "Маладога фронту" Зьміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў. Паводле суду – за хуліганства. Як лічаць самі асуджаныя і беларускія праваабаронцы – за апазыцыйную дзейнасьць напярэдадні мітынгу 19 сьнежня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG