Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Аўтарадыё" зноў судзіцца. Пакуль прайграе


У панядзелак 28 сакавіка ў Вышэйшым гаспадарчым судзе пачаўся паўторны разгляд скаргаў "Аўтарадыё" ў новым складзе суду.

9 сакавіка суд прызнаў папярэджаньне, вынесенае Мінінфармам "Аўтарадыё", несапраўдным, а рашэньне Рэспубліканскай камісіі па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні адключыць перадатчык — незаконным. Але праз тыдзень касацыйная калегія Вышэйшага гаспадарчага суду адмяніла тое рашэньне, і справа перададзеная на новы разгляд у іншым складзе суду.

Разгляд справы новым судзьдзём Дзьмітрыем Аляксандравым праходзіць даволі шпарка. У першы ж дзень па першым пазове — абскарджваньні папярэджаньня, вынесенага "Аўтарадыё" Міністэрствам інфармацыі, рашэньне вынесена на карысьць Мінінфарму. То бок судзьдзя Аляксандраў прызнаў экстрэмісцкім заклікам фразу зь перадвыбарчай праграмы кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава: "Лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы".

Папярэджаньне засталося ў сіле. Генэральны дырэктар "Аўтарадыё" Юры Базан кажа:
Закон аб процідзеяньні экстрэмізму наагул ні пры чым. І Мінінфарм можа выносіць любыя папярэджаньні ...

"Там не было ўжо чаго дадаваць. Там ужо з усіх бакоў усё было разгледжана. Там усё круціцца вакол гэтай фразы. Заключэньні лінгвістаў наагул ня трапілі пад увагу суду. У цэлым аказалася, што Закон аб процідзеяньні экстрэмізму наагул ні пры чым. І Мінінфарм можа выносіць любыя папярэджаньні".

Што да другога пазову — да Рэспубліканскай камісіі па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні наконт адключэньня перадатчыка — то права на вяшчаньне "Аўтарадыё" пазбавілі не за папярэджаньне Мінінфарму, тлумачыць генэральны дырэктар "Аўтарадыё" Юры Базан:

"...А вось гэтага міту пад назовам "Палажэньне аб правядзеньні конкурсу", у якім мы ніколі ня ўдзельнічалі і якое да ўсіх проста прышпільваюць. А згодна з гэтым палажэньнем можна пазбавіць права на вяшчаньне за адно папярэджаньне і парушэньне творчай канцэпцыі. Я б нават так сказаў: яе немагчыма выканаць, а ня ў сэнсе — парушыць. Яе проста выканаць немагчыма!"

Творчая канцэпцыя — гэта дакумэнт, у якім прапісана ў працэнтных суадносінах доля тэматычных праграмаў, навінаў, рэклямы, музыкі цягам сутак. Дырэктар адной з FM-станцый таксама пацьвярджае, што гэты дакумэнт — пастка для непаслухмяных:

"Атрымліваецца так: калі сёньня для рэклямы зарэзэрвавана пэўная колькасьць хвілін, а нам хтосьці ня даў рэклямы і ў суткі яе выйшла на дзьве альбо тры хвіліны менш, атрымліваецца, што творчая канцэпцыя намі не выконваецца".

Карэспандэнтка: "А рэальна яе можна выканаць з дакладнасьцю да сэкунды?"
Гэты дакумэнт адмыслова створаны, каб абмежаваць рамкамі, загнаць у кут ...

"Не. Нельга, не атрымаецца. Гэты дакумэнт адмыслова створаны, каб абмежаваць рамкамі, загнаць у кут. Крок управа, крок улева каб былі нагодай для расстрэлу".

У канцэпцыі, да прыкладу, закладзена 86,3% музыкі да агульнага аб'ёму вяшчаньня, а ў навагоднія сьвяты на "Аўтарадыё" музыкі гучала на 0,8% больш (87,5%). Рэклямы ў канцэпцыі заяўлена 2%, а прагучала 2,3%. Вось за гэтыя дзясятыя долі працэнта і паплацілася Аўтарадыё.

Рашэньне па другім пазове "Аўтарадыё", наконт парушэньня творчай канцэпцыі, будзе вынесена Вышэйшым гаспадарчым судом у аўторак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG