Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кветкі — Палуце Бадуновай


Кветкі для Палуты Бадуновай
Кветкі для Палуты Бадуновай
Гомельскія грамадзкія актывісты 25 сакавіка ўсклалі кветкі ў Навабеліцкім раёне да месца, дзе стаяў дом гомельскай настаўніцы, міністра Беларускай Народнай Рэспублікі Палуты Бадуновай.

З нагоды падзеі старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў заявіў:

"Гэта ўжо стала ў нас традыцыяй, таму што, калі гаварыць пра БНР, у Гомелі трэба ў першую чаргу ўзгадваць Палуту Бадунову — народнага сакратара апекі ў кіраўніцтве Беларускай Народнай Рэспублікі. І мы кожны год прыходзім на гэтае месца, дзе жыла Палута Бадунова, наша славутая зямлячка".

Натальля Шчукіна, сябра АГП

На месцы сямейнага дома Бадуновых — невялічкі газон і ходнік, забрукаваны пліткай. Побач — шматпавярховікі. Ніякай згадкі пра дом Палуты Бадуновай няма.

"Улады ня хочуць нічога рабіць такога, што так ці інакш нагадвае БНР, яе сымбалі — герб "Пагоню", бел-чырвона-белы сьцяг. Безумоўна, Палута Бадунова — гэта менавіта згаданыя сымбалі, менавіта апазыцыя. Асацыяцыі ў цяперашняй улады і зьвязаныя з апазыцыяй", - кажа Васіль Палякоў.

Гомельскія грамадзкія актывісты яшчэ чатыры гады таму выступілі з ініцыятывай перайменаваньня цяперашняй вуліцы Георгія Дзімітрава ў гонар дзяячкі БНР Палуты Бадуновай. Аднак гарвыканкам адхіліў прапанову на той падставе, што вуліца носіць імя "аднаго са славутых лідэраў міжнароднага антыфашысцкага камуністычнага руху, і перайменаваньне вуліцы выкліча нэгатыўную рэакцыю значнай часткі жыхароў гораду, у першую чаргу прадстаўнікоў старэйшага пакаленьня".

Адна з жанчын, што жыве ў несамавітым доме савецкага кшталту, выйшла лаяцца на грамадзкіх актывістаў:

"У вас дазвол ёсьць? Навошта мне глядзець з акна на ваш памінальны кошык з кветкамі? Што тут — помнік стаіць? Калі б быў помнік, ну, тады ладна".

Незадаволеная кабета

За невялічкім інцыдэнтам з прыпаркаванага на другім баку вуліцы легкавіка сачылі так званыя "ціхушнікі" — невядомыя людзі ў цывільным.

Журналісты запыталіся ў разгневанай кабеты: "Вы што — кветкі ня любіце?" Тая памякчэла, узрадавалася, што патрапіць у СМІ, і нават паведаміла, што ў суседняй шматпавярхоўцы жыве нейкая сваячка Палуты Бадуновай.

Неабыякавыя да нацыянальнай гісторыі гамельчукі прапаноўвалі гарвыканкаму ўсталяваць хоць бы мэмарыяльную шыльду ў гонар выбітнай зямлячкі, але ўлады й на гэта не пайшлі — спаслаліся на тое, што дом не захаваўся.

Адзін са старэйшых грамадзкіх актывістаў Уладзімер Шыцікаў зьдзіўляецца:

"Каму Палута Бадунова муляе? Наадварот, прапанавалі б гараджанам: зьбірайце сродкі — і стаўце помнік! Мы толькі зацьвердзім праект — і ўсё. Мяркую, што засталося чакаць нядоўга, і Палута Бадунова зойме ў горадзе сваё пачэснае месца".

Уладзімер Шыцікаў

Пасьля ўскладаньня кветак у офісе рэгіянальнай арганізацыі АГП на вуліцы Палескай была зладжана вечарына, прысьвечаная 93-м угодкам Беларускай Народнай Рэспублікі.

Урачыстая вечарына

Актывісты прыгадалі гісторыю стварэньня БНР, яе выбітных дзеячаў. Выступілі таксама гомельскія беларускамоўныя барды — Вольга Цярэшчанка й Андрусь Мельнікаў.

Сьпявае Вальжына Цярэшчанка
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG