«Канапа» з Дар’яй Жук: Праўда пра Галівуд, грошы і комплекс беларусаў

Дар'я Жук
Дар'я Жук

У 16 гадоў яна зьехала зь Менску ў Амэрыку, скончыла Гарвард, але замест кар’еры інвэстыцыйнага банкіра выбрала кіно. Сёньня Дар’я Жук здымае сэрыялы для найбуйнейшых амэрыканскіх плятформаў, выкладае рэжысуру ў Калюмбійскім унівэрсытэце і рыхтуецца зьняць новы беларускі фільм.

У праграме «Канапа» рэжысэрка расказала, як трапіла ў Галівуд, чаму там беспрацоўе, колькі каштавала зьняць фільм «Крышталь» і чым беларусы могуць зацікавіць сьвет.

«Я ніколі не казала, што я з Расеі»

Дар’я Жук упершыню прыехала ў ЗША ў 1996 годзе па праграме школьнага абмену. Яна прызнаецца, што тады адчувала комплекс непаўнавартасьці, уласьцівы многім выхадцам з Усходняй Эўропы. Пазбавіцца яго дапамаглі самі амэрыканцы.

«Ва ўнівэрсытэце я раптам зразумела, што Беларусь — гэта сапраўды так цікава. Я адчула шчырую цікавасьць людзей, якія вывучалі паліталёгію, міжнародныя адносіны, гісторыю. І падумала: а чаму мы так сябе адчуваем? Мы можам зусім інакш сябе падаваць. Яны не адчуваюць, што мы нейкія непаўнавартасныя».

Рэжысэрка кажа, што ніколі не спрабавала спрасьціць сабе жыцьцё, называючы сябе расейкай, каб не тлумачыць, адкуль яна.

«Я ніколі не казала, што я з Расеі. Я заўсёды зь вялікім задавальненьнем расказвала, што, апроч Расеі, існуе яшчэ шмат розных краінаў».

Як паступіць у Гарвард, калі няма грошай

Жук вучылася ў Гарвардзе бясплатна. Паводле яе, адсутнасьць грошай не павінна спыняць абітурыентаў, якія мараць пра адзін з найлепшых унівэрсытэтаў сьвету.

«Аказалася, што трэба проста быць цікавым чалавекам. Гарвард — вельмі багаты стары ўнівэрсытэт. Калі яны кагосьці хочуць, яны прывязуць гэтага чалавека і дадуць яму магчымасьць вучыцца».

Знаёмая, якая ўжо вучылася ў Гарвардзе, параіла Дар’і дасылаць разам з дакумэнтамі ўсё, што магло б раскрыць яе як асобу: фатаздымкі, вершы, нават запісы зь дзёньніка.

Жук таксама высока ацэньвае беларускую школьную адукацыю, якую атрымала перад ад’ездам у ЗША. Асабліва выкладаньне матэматыкі.

«Мне здаецца, што ў нас сярэдняя адукацыя, магчыма, нават лепшая, чым у Амэрыцы. Калі я пайшла на курс матэматыкі ў амэрыканскай школе, мне падалося, што ў іх усё настолькі непасьлядоўна тлумачыцца. А тое, як у нас выкладаюць матэматыку, — выдатна».

«Усе прызнаваліся, што яны глыбока няшчасныя»

Свой першы кароткамэтражны фільм Жук зьняла ў 19 гадоў, яшчэ падчас вучобы ў Гарвардзе. Але першае знаёмства з Галівудам ледзь не прымусіла яе адмовіцца ад мары стаць рэжысэркай.

Яна трапіла на стажыроўку ў Sony Pictures.

«Кожны чалавек, які там працаваў, адводзіў мяне ўбок і казаў: „Ніколі, ніколі! Гэта самая жахлівая прафэсія ў сьвеце“. Яны ўсе прызнаваліся, што яны глыбока няшчасныя. У мяне была нават лёгкая дэпрэсія пасьля гэтай паездкі. Я думала: няўжо гэта значыць пагадзіцца быць няшчасным чалавекам усё жыцьцё?»

Жук спрабавала сябе ў прадусаваньні, займалася продажам фільмаў, але ўрэшце вырашыла атрымаць другую адукацыю — рэжысэрскую.

Як у Галівудзе пабудавалі менскую кватэру

У 2022 годзе Жук здымала ў Лос-Анджэлесе аўтабіяграфічную гісторыю свайго першага каханьня. Падзеі адбываліся ў Менску, Гарвардзе і Нью-Ёрку, але ўсе сцэны трэба было зьняць у Каліфорніі.

«Мы езьдзілі па Галівудзе і шукалі беларускае мэтро. Я была ўпэўненая, што гэта правальная ідэя, што мы ніколі яго ня знойдзем».

Аднак амэрыканская каманда знайшла падобны эскалятар, пабудавала ў павільёне копію яе менскай кватэры на вуліцы Якуба Коласа і нават узнавіла зімовы Гарвард са сьнегам пасярод сонечнай Каліфорніі.

«Фабрыка мрояў сапраўды існуе. Там існуе адчуваньне, што ўсё магчыма, усё можна зрабіць, усё можна прыдумаць і перапрыдумаць».

«Калі б я хацела зарабляць, стала б інвэстыцыйным банкірам»

Насуперак распаўсюджанаму ўяўленьню пра Галівуд, праца ў кіно не гарантуе фінансавага дабрабыту. Паводле Жук, амэрыканская кінаіндустрыя перажывае сур’ёзны крызіс.

«Паводле статыстыкі, здымаецца ўдвая менш сэрыялаў, чым дзесяць гадоў таму. 50% рэжысэраў, якія пабудавалі кар’еру на працы па найме, здымаючы тэлевізійныя сэрыялы, сядзяць без працы».

Нават пасьля посьпеху «Крышталю» і працы з Apple, FX, Hulu і Netflix ёй не зрабілася прасьцей.

«Гэта пастаянная гонка, каб утрымацца ў прафэсіі. І гэта велізарны стрэс. Калі б я хацела зарабляць грошы, я б, вядома, засталася ў эканоміцы, стала б інвэстыцыйным банкірам. Але ў мяне аказалася зусім іншая сыстэма каштоўнасьцяў».

Каб зарабляць на жыцьцё, Жук, апроч рэжысуры, выкладае, піша сцэнары, кансультуе і прадусуе чужыя праекты.

Колькі каштаваў «Крышталь»

У размове са Свабодай рэжысэрка агучыла прыблізны бюджэт свайго фільму «Крышталь», які Беларусь вылучыла на «Оскар». Каля 200 тысяч даляраў.

«Для кіно гэта проста на каленцы. Я сабе не заплаціла ні гроша з гэтага фільму, а нават уклала нейкія свае грошы. Прасіла ў сяброў. Рабіла ўсё магчымае. Напэўна, патэлефанавала ўсім, каго ведаю».

Частку грошай дапамаглі знайсьці знаёмыя з амэрыканскай мэдыякампаніі Vice. Падтрымку таксама ўдалося атрымаць у Нямеччыне і Фінляндыі.

Настальгія як зброя дзяржавы

Цяпер Дар’я Жук працуе над новым фільмам паводле апавяданьня беларускай пісьменьніцы Тані Замірoўскай. Гэта гісторыя пра беларускіх эмігрантаў і тэхналёгію, здольную ператвараць настальгію ў інструмэнт рэпрэсіяў.

«Уявіце сьвет, у якім настальгія матэрыяльная. Існуе тэхналёгія, якая, калі вы вельмі сумуеце па доме, можа імгненна перанесьці вас менавіта ў тое месца, па якім вы сумуеце. Настальгія цяпер — зброя дзяржавы».

Фільм будзе двухмоўны — па-беларуску і па-расейску. Праект ужо атрымаў падтрымку ў Эстоніі і Нідэрляндах.

Ёсьць у Жук і яшчэ адзін сцэнар, які яна спадзяецца некалі ўвасобіць. Гэта драма пра адзін дзень у Менску — 15 жніўня 2020 году — і трох жанчын, чые жыцьці назаўжды мяняюцца падчас гістарычных падзеяў.

«Нам трэба менш думаць пра тое, як сябе прадаць»

На пытаньне, чым Беларусь можа зацікавіць Галівуд, апроч дыктатуры, рэпрэсіяў і Чарнобылю, Жук адказвае, што беларусам варта перастаць спрабаваць адгадаць чаканьні замежнікаў.

«Нам трэба менш думаць пра тое, як сябе прадаць. Нам трэба самім зазірнуць у сябе і зразумець: хто мы? Што нам самім падабаецца? І, магчыма, ад гэтага адштурхоўвацца».

Свае фільмы Жук не падзяляе на тыя, якія здымае для беларусаў, і тыя, якія прызначаныя для замежнікаў.

«Я не дзялю праекты на ўнутраныя і зьнешнія, на імпарт і экспарт. Мастацтва ж ня мае межаў».

​
XS
SM
MD
LG