Ужо сёньня: 65 гадоў таму камуністы ўзарвалі ў Горадні Фару Вітаўта

Фара Вітаўта, гістарычны здымак
Фара Вітаўта, гістарычны здымак

Падзеі 29 лістапада ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дзень у гісторыі

1830 ― пачалося нацыянальна-вызвольнае Лістападаўскае паўстаньне ў Польшчы. У 1831 годзе паўстаньне ахапіла таксама землі былога Вялікага Княства Літоўскага.

1914 — у Менску на Пярэсьпе, паміж Старавіленскім і Даўгінаўскім трактамі заснаваныя Брацкія вайсковыя могілкі.

1920 ― пачала працу горадзенская Беларуская гімназія.

1940 — НКВД асудзіла на пяць гадоў лягераў Аляксандра Ўласава — аднаго з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады, рэдактара «Нашай Нівы», дзяяча БНР. Яго арыштавалі ў кастрычніку 1939 году, неўзабаве пасьля заняцьця Заходняй Беларусі савецкімі войскамі. У сакавіку 1941 году Ўласаў памёр у зьняволеньні.

1945 ― абвясьцілі стварэньне Фэдэратыўнай Народнай Рэспублікі Югаславіі. Кароль Пётар II быў пазбаўлены пасаду, а ўлада перайшла да камуністычнага кіраўніцтва на чале зь Ёсіпам Брозам Тытам.

1961 ― улады ўзарвалі Горадзенскі фарны касьцёл. Касьцёл прачыстай Маці Божай, які яшчэ мае назву Фара Вітаўта, быў вядомы з 1389 году. Якраз Вялікі князь Вітаўт яго і заснаваў. Гэта быў першы каталіцкі храм у Горадні і самы вялікі каталіцкі касьцёл у Беларусі.

Руіны разбуранай Фары Вітаўта, 1961 год
Руіны разбуранай Фары Вітаўта, 1961 год

1992 — у Семежаве на Капыльшчыне з ініцыятывы мясцовых суполак Беларускага Народнага Фронту і «Мартыралёгу Беларусі» ўсталявалі памятны крыж у гонар удзельнікаў Слуцкага збройнага чыну 1920 году.

2020 — у Менску прайшла акцыя пратэсту «Марш суседзяў» супраць сфальсыфікаваных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і жорсткага сілавога падаўленьня пратэстаў.

Акцыя пратэсту «Марш суседзяў». Менск, 29 лістапада 2020 году
Акцыя пратэсту «Марш суседзяў». Менск, 29 лістапада 2020 году

У гэты дзень нарадзіліся

1859 — Мікола Янчук, навуковец-славіст, пісьменьнік, беларускі дзяяч у Маскве.

1951 — Валеры Дайнэка, беларускі эстрадны сьпявак, адзін з найвядомейшых салістаў ансамблю «Песьняры». Да калектыву Ўладзімера Мулявіна ён далучыўся ў 1977 годзе і стаў выканаўцам шэрагу яго папулярных песень, у тым ліку «Белавескай пушчы».

«Песьняры»: (злева направа) Валеры Дайнэка, Уладзімер Мулявін, Анатолі Кашапараў, Лявон Барткевіч, Вячаслаў Міхновіч
«Песьняры»: (злева направа) Валеры Дайнэка, Уладзімер Мулявін, Анатолі Кашапараў, Лявон Барткевіч, Вячаслаў Міхновіч

У памяці

1662 — Вінцэнт Корвін-Гасеўскі, падскарбі і палявы гетман ВКЛ (злачынна забіты).

1825 — Зарыян Далэнга-Хадакоўскі (Адам Чарноцкі), гісторык, археоляг, этнограф і фальклярыст, ураджэнец Беларусі.

1938 ― у Менску расстраляная Палута Бадунова, беларускі палітык, міністарка ўраду БНР.

Палута Бадунова
Палута Бадунова

1938 ― Браніслаў Тарашкевіч, беларускі мовазнаўца і палітык (расстраляны). Аўтара «Беларускай граматыкі для школ», якая заклала асновы сучаснага беларускага правапісу. Дэпутат польскага Сойму, адзін з кіраўнікоў Беларускай сялянска-работніцкай грамады. У 1933 годзе Польшч абмяняла яго на Францішка Аляхновіча, зьняволенага ў СССР. У 1937 годзе Тарашкевіча арыштавалі, асудзілі на расстрэл і катавалі ў застасьценках НКВД.

Браніслаў Тарашкевіч
Браніслаў Тарашкевіч

1949 — Адам Станкевіч, беларускі каталіцкі сьвятар, грамадзкі дзеяч, гісторык, літаратар. Памёр у Азёрлагу Іркуцкай вобласьці неўзабаве пасьля выраку ў 25 гадоў зьняволеньня.

Адам Станкевіч
Адам Станкевіч

2017 — Іван Макаловіч, беларускі журналіст, пісьменьнік, кандыдат гістарычных навук. У апошнія гады існаваньня БССР кіраваў газэтай «Зьвязда», Саюзам журналістаў Беларусі і Дзяржаўным камітэтам у справах друку. З 1995 году — намесьнік галоўнага рэдактара незалежнай газэты «Народная Воля», выступаў у абарону свабоды слова ў Беларусі.

2019 — Анатоль Дзялендзік, беларускі драматург.


​
XS
SM
MD
LG