Ужо сёньня: 55 гадоў з дня нараджэньня Паўла Шарамета

Павал Шарамет, 2009 год
Павал Шарамет, 2009 год

Падзеі 28 лістапада ў беларускай і сусьветнай гісторыі

Дата дня

28 лістапада 1971 году нарадзіўся Павал Шарамет, беларускі журналіст і тэлевядоўца. У 1997 годзе яго зьняволілі ў Беларусі пасьля рэпартажу зь беларуска-літоўскай мяжы. Пазьней ён працаваў у Расеі і Ўкраіне.

20 ліпеня 2016 году Шарамет загінуў у Кіеве ад выбуху ў сваім аўтамабілі.

У 2021 годзе былі апублікаваныя аўдыёзапісы меркаванай размовы 2012 году, у якой тагачасны кіраўнік КДБ Беларусі Вадзім Зайцаў абмяркоўваў з падначаленымі магчымасьць забойства Шарамета з дапамогай выбухоўкі. Незалежная экспэртыза пацьвердзіла супадзеньне голасу на запісе з голасам Зайцава. Аднак датычнасьць беларускіх спэцслужбаў да забойства судом не ўстаноўленая. Забойства дагэтуль не раскрытае, а ягоныя замоўнікі і выканаўцы — невядомыя.

Дзень у гісторыі

1520 — тры караблі экспэдыцыі Фэрнана Магелана выйшлі з пратокі на поўдні Паўднёвай Амэрыкі ў Ціхі акіян. Мараплаўцы адкрылі для эўрапейскіх экспэдыцыяў марскі пераход з Атлянтычнага акіяну ў Ціхі.

1871 — адкрыўся рэгулярны рух цягнікоў па чыгунцы Смаленск — Берасьце, якая праходзіла праз Воршу, Барысаў, Менск і Баранавічы.

1912 — Альбанія абвясьціла незалежнасьць.

1918 — Рада БНР выдала Грамату да беларускага народу з заклікам арганізоўваць мясцовыя Беларускія Рады ў сувязі з адыходам зь Беларусі нямецкага войска.

«Перад сьвітаньнем новага дня, які суліць нашай Бацькаўшчыне культурны росквіт і дзяржаўную незалежнасьць, павінны абудзіцца ўсе жывыя дэмакратычныя сілы Беларусі. Усе, хто хоча бачыць сваю многапакутную Бацькаўшчыну — Беларусь вольнай, багатай і шчасьлівай, усе хто хоча, каб працоўны народ Беларусі ня знаў больш зьдзеку над сабою і няволі, няхай усюды злучаюць свае сілы, СТВАРАЮЧЫ НА МЕЙСЦАХ БЕЛАРУСКІЯ РАДЫ і зьвязуючы іх з Радаю Рэспублікі».

«Сам народ, абуджаны рэвалюцыяй, няхай бароніць сваю волю і незалежнасьць, права на сваю родную зямлю і мейсца на сьвеце сярод усіх Народаў».

Неўзабаве Рада і ўрад БНР былі вымушаныя пакінуць Менск.

1920 — пасьля першых баёў беларускіх войскаў з бальшавікамі Рада Случчыны прыняла дэклярацыю, у якой абвясьціла мэтай змаганьня стварэньне незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі ў яе этнаграфічных межах. Дакумэнт прадугледжваў скліканьне Ўстаноўчага сойму на аснове дэмакратычных выбараў, скасаваньне прыватнай уласнасьці на зямлю, васьмігадзінны працоўны дзень, грамадзянскія свабоды, разьвіцьцё адукацыі і правы нацыянальных меншасьцяў.

«Рада Случчыны дакляруе цьвёрда стаяць за незалежнасьць і свабоду роднае Беларусі і бараніць інтарэсы сялянства ад насільляў з боку чужаземных захватчыкаў, у выпадку патрэбнасці нават сілаю аружжа, нягледзячы на лічэбную перавагу праціўніка, думаючы, што наша справа — справа праўдзівая, а праўда заўсёды закрасуе».

1923 — заснаванае літаратурнае аб’яднаньне «Маладняк». Яно праіснавала пяць гадоў і ўвайшло ў гісторыю як першая і найбольш масавая пісьменьніцкая арганізацыя Беларусі.

Філіі «Маладняка» існавалі па ўсёй краіне, а таксама ў Латвіі, Расеі і Чэхаславаччыне. Ініцыятарамі абʼяднаньня выступілі Міхась Чарот, Анатоль Вольны, Алесь Дудар, Андрэй Александровіч, Адам Бабарэка і Язэп Пушча.

«Маладняк» усімі сіламі імкнуўся адпавядаць сваёй назьве, заклікаў да рэвалюцыйнай перамены сьвету і да таго, каб пісьменьнікаў старой фармацыі скінуць з карабля гісторыі. У 1930-я гады большасьць сяброў гэтай арганізацыі былі рэпрэсаваныя.

Маладнякоўцы. Сядзяць: Язэп Падабед, Алесь Якімовіч, Міхась Чарот, Алесь Дудар, Язэп Пушча. Стаяць: Адам Бабарэка, Нічыпар Чарнушэвіч, Паўлюк Трус, Анатоль Вольны, Андрэй Александровіч, Кузьма Чорны. 1924 — 1925 гады
Маладнякоўцы. Сядзяць: Язэп Падабед, Алесь Якімовіч, Міхась Чарот, Алесь Дудар, Язэп Пушча. Стаяць: Адам Бабарэка, Нічыпар Чарнушэвіч, Паўлюк Трус, Анатоль Вольны, Андрэй Александровіч, Кузьма Чорны. 1924 — 1925 гады

1943 — пачалася Тэгеранская канфэрэнцыя паміж кіраўнікамі Вялікай Брытаніі, ЗША і СССР у ходзе Другой усясьветнай вайны. Канфэрэнцыя стала першай сустрэчай «Вялікай Тройкі», на якой абмяркоўваліся супольныя ваенныя дзеяньні і пляны пасьля іх сканчэньня.

Ёзаф Сталін, Франклін Рузвэльт, Уінстан Чэрчыль на Тэгеранскай канфэрэнцыі
Ёзаф Сталін, Франклін Рузвэльт, Уінстан Чэрчыль на Тэгеранскай канфэрэнцыі

1975 — у Менску на піўзаводзе № 2 выпусьцілі першую партыю піва. У 1986 годзе Менскпіўпрам, у склад якога ўваходзіў завод, атрымаў новую назву — «Крыніца».

1994 — у Нарвэгіі адбыўся рэфэрэндум, на якім 52% выбарнікаў прагаласавалі супраць далучэньня да Эўрапейскага Зьвязу.

1996 — пачала працу Палата прадстаўнікоў — ніжняя палата новага двухпалатнага Нацыянальнага сходу Беларусі. Яго стварылі пасьля ініцыяванага Аляксандрам Лукашэнкам рэфэрэндуму 24 лістапада і роспуску Вярхоўнага Савету.

2018 — Будслаўскі фэст уключылі ў сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва UNESCO.

Будслаўскі фэст, 2021 год
Будслаўскі фэст, 2021 год

У гэты дзень нарадзіліся

1757 — Ўільям Блэйк, ангельскі паэт, пісьменьнік, мастак, друкар.

1820 — Фрыдрых Энгельс, нямецкі філёзаф і эканаміст.

Партрэты заснавальнікаў міжнароднага камуністычнага руху Карла Маркса, Фрыдрыха Энгельса і Ўладзіміра Леніна на кніжным кірмашы ў Пэкіне, 2005 год
Партрэты заснавальнікаў міжнароднага камуністычнага руху Карла Маркса, Фрыдрыха Энгельса і Ўладзіміра Леніна на кніжным кірмашы ў Пэкіне, 2005 год

1880 — Аляксандар Блок, расейскі паэт-сымбаліст.

Аляксандар Блок
Аляксандар Блок

1881 — Штэфан Цвайг, аўстрыйскі пісьменьнік. У 1994 годзе па-беларуску выйшла кніга ягоных навэляў «Пякучая таямніца».

1892 — Павал Аляксюк, палітык, сябра Рады БНР.

1907 — Андрэй Павук, беларускі мастак.

1915 — Канстанцін Сіманаў, савецкі пісьменьнік, паэт і ваенны карэспандэнт. У ліпені 1941 году ён пабываў на Буйніцкім полі каля Магілёва, дзе савецкія войскі вялі цяжкія баі з нямецкай арміяй. Убачанае глыбока паўплывала на ягоныя творы пра вайну. Паводле апошняй волі пісьменьніка, пасьля сьмерці ў 1979 годзе ягоны прах быў разьвеяны над Буйніцкім полем.

Канстанцін Сіманаў, 1975 год
Канстанцін Сіманаў, 1975 год

1936 — Марыя Захарэвіч, актрыса тэатру і кіно, народная артыстка Беларусі. Паводле некаторых зьвестак, яна нарадзілася 21 лістапада, але датай нараджэньня запісалі 28 лістапада — дзень, калі яе ахрысьцілі. Большую частку творчага жыцьця яна прысьвяціла Нацыянальнаму акадэмічнаму драматычнаму тэатру імя Янкі Купалы.

1944 — Рыгор Сарока, беларускі дырыжор, шматгадовы дырэктар Маладачанскай музычнай вучэльні, кіраўнік аркестру.

Рыгор Сарока. 28 кастрычніка 2015 году
Рыгор Сарока. 28 кастрычніка 2015 году

1950 — Мікола Кузьміч, беларускі мастак-ювэлір, які аднавіў крыж Эўфрасіньні Полацкай.

1958 — Уладзімер Карват, беларускі вайсковы лётчык, першы Герой Беларусі. 23 траўня 1996 году падчас начнога вучэбнага палёту каля Баранавічаў зламаўся ягоны Су-27. Паводле афіцыйнай вэрсіі, Карват не катапультаваўся, імкнучыся адвесьці самалёт ад вёсак, і загінуў. Яму пасьмяротна прысвоілі званьне Героя Беларусі. Імем Карвата названая вуліца ў менскай Сьцяпянцы. Падобная трагедыя адбылася ў Баранавічах у 2021 годзе: пры падзеньні Як-130 загінулі лётчыкі Андрэй Нічыпорчык і Мікіта Куканенка.

У памяці

1937 — у Смаленску расстраляны Леў Цьвяткоў, беларускі мовазнаўца, літаратуразнаўца, пэдагог, журналіст.

1999 — Яўген Шыпіла, беларускі актор, народны артыст Беларусі.

2012 — Алег Сурскі, беларускі дызайнэр, мастак і мастацтвазнаўца.

​
XS
SM
MD
LG