Паводле даных КДК, у 2022–2025 гадах пры выкананьні досьледна-канструктарскіх работ прадпрыемства «ўносіла ў справаздачную дакумэнтацыю недакладныя зьвесткі аб працы пэрсаналу, а таксама ўключала ў яе фактычна нявыкананыя працы».
Назва прадпрыемства пры гэтым у афіцыйным паведамленьні адсутнічае.
У выніку, як мяркуе ведамства ў матэрыялах сваёй праверкі, кошт выкананьня заданьняў праграмы быў завышаны, а зь бюджэту прадпрыемства «неабгрунтавана атрымала і выкарыстала больш за 1 млн рублёў».
Па выніках праверкі прадпрыемству загадалі вярнуць сродкі ў бюджэт. У лістападзе 2026 году грошы вярнулі ў поўным аб’ёме.
Вінаватых службовых асоб прыцягнулі да адказнасьці. Але ў КДК не ўдакладнілі, якім чынам.
Што гэта значыць
З паведамленьня няясны профіль прадпрыемства, але бюджэтныя грошы, вылучаныя на навуковыя праграмы, у Беларусі крадуць не ўпершыню. Напрыклад, у 2016 годзе розгалас мела справа крадзяжу сродкаў на дзяржаўную праграму прыкладных навуковых дасьледаваньняў «Мэталюргія». Праца была зьвязаная з распрацоўкай матэматычных мадэляў мэтадаў бесьперапыннага разьліваньня сталі і атрыманьня бранзаванага дроту.
Трое людзей апынуліся на лаве падсудных і ў выніку атрымалі турэмныя тэрміны з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня. Сутнасьць іх віны палягала ў тым, што яны ўключылі ў дзяржаўную праграму дасьледаваньні, якія раней ужо выканалі і якія былі аплачаныя.
У 2025 годзе Лукашэнка зацьвердзіў навуковыя прыярытэты дзяржавы да 2030 году. Сярод прыярытэтаў гаворка ішла пра лічбавыя тэхналёгіі і штучны інтэлект; інавацыйныя тэхналёгіі ў прамысловасьці; біялягічныя і мэдыцынскія тэхналёгіі; інавацыйныя тэхналёгіі ў аграпрамысловым комплексе і харчовай прамысловасьці; навуковыя і навукова-тэхнічныя гарантыі бясьпекі чалавека, грамадзтва і дзяржавы.
У адпаведнасьці з прыярытэтамі, вызначанымі дакумэнтам, у дзяржаве сфармавалі і зацьвердзілі дзяржаўныя праграмы навуковых дасьледаваньняў, навукова-тэхнічныя праграмы, а таксама дзяржпраграму інавацыйнага разьвіцьця Беларусі да 2030 году.
Але й гэтым разам знайшліся людзі ў навуковай сфэры, якія выкрадалі бюджэтныя грошы, калі верыць матэрыялам праверкі КДК.
Форум