За «здраду дзяржаве» судзяць сям’ю эвангельскіх хрысьціянаў
У Менску судзяць эвангельскіх хрысьціянаў, палітвязьняў Андрэя і Варвару Латышэвічаў паводле арт. 356 Крымінальнага кодэксу (здрада дзяржаве). Пасьля дзевяці месяцаў следзтва судовы працэс пачаўся і працягваўся больш за тыдзень. Аднак яго перанесьлі на 9 сьнежня. Пра гэта паведаміў у Facebook Сергій Мельянец, які жыве ў Польшчы.
Паводле яго, суд праходзіць у закрытым рэжыме, таму падрабязнай інфармацыі пра справу няма.
Паводле «Вясны» іх затрымалі ў сакавіку 2026 году і ўтрымліваюць у СІЗА КДБ, могуць абвінавачваць у арганізацыі нелегальнай міграцыі.
Гэтую ж інфармацыю паведаміла Ірына Ганчарэнка, жонка былога менскага пастара Вячаслава Ганчарэнкі.
Чаму гэта важна
У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў.
Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.
Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году склала ня менш за 500 тысяч чалавек.