«Выклікаюць у ваенкамат, адпраўляюць на зборы ці прапануюць кантракт? Тлумачым, якія правы і рызыкі варта ўлічваць і з чаго пачаць. Ёсьць інструкцыі і для тых, хто непакоіцца за блізкіх» — гэтай прапановай сустракае наведнікаў сайт цэнтру «Павестка».
Чаму гэта важна для беларусаў?
Сярод стваральнікаў цэнтру — вядомы актывіст, былы намесьнік камандзіра палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук. У камэнтары Свабодзе ён адзначыў, што інструкцыі створаныя паводле дзейнага заканадаўства.
Ён таксама расказаў, чаму гэта важна для беларусаў:
«Беларусь апынулася цалкам у інфармацыйным полі Расеі, таму некаторыя падпадаюць пад уплыў расейскай прапаганды. А лёс расейскага штурмавіка кароткі — да 80% гіне ўжо ў першых баях. Колькасьць беларусаў, якія загінулі, ваюючы на баку Расеі, ужо сьведчыць пра трагедыю нацыянальнага маштабу.
Паводле сайту беларускіх кібэрпартызанаў, якія праніклі на закрытыя старонкі Расстату, гэтак ужо загінула больш за 1,5 тысячы беларусаў. Паводле нашых зьвестак, яшчэ некалькі тысяч беларусаў працягваюць ваяваць, рызыкуючы сваімі жыцьцямі. І шмат моладзі думае, ці не пайсьці на вайну, каб зарабіць грошы. Вось нядаўна бачыў, як маці распавядала пра сына, які падпісаў кантракт і ўжо зьнік на вайне бязь зьвестак. Як папярэдзіць людзей, уберагчы ад небясьпекі?
Таму мы вырашылі дзейнічаць, а ня толькі канстатаваць праблему і выступаць на канфэрэнцыях. Адкрыцьцё такога цэнтру — першы крок, будуць і наступныя», — сказаў Свабодзе Вадзім Кабанчук.
Як уберагчыся ад вэрбаваньня
Акрамя інструкцый для людзей у Беларусі, на сайце ёсьць і парады для беларусаў за мяжой — на выпадак спробаў вэрбаваньня іх спэцслужбамі. Такія спробы звычайна робяць пад выглядам прапановы працы ці разавых даручэньняў, тлумачыць Кабанчук.
«Рэжым удзельнічае ў гібрыднай вайне супраць краінаў Эўразьвязу і спрабуе вэрбаваць для гэтага беларускіх эмігрантаў. Гэта могуць быць просьбы сфатаграфаваць аб’ект, перадаць чужыя грошы або пасылку, схаваць мэту заданьня. Але сама па сабе падазроная прапанова яшчэ не даказвае вэрбоўкі, таму важна навучыць, як праверыць абставіны, як ня дзейнічаць пад ціскам. Мы гэтым таксама будзем займацца», — зазначыў Вадзім Кабанчук.
Ёсьць на сайце і разьдзел «Патрэбна дапамога», у якім можна атрымаць кансультацыю.
Цэнтар «Павестка» створаны ў межах дзейнасьці Беларускай грамадзкай кансультатыўнай рады па супрацьдзеяньні расейскай гібрыднай агрэсіі.
Чаму гэта важна
Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.
Раней паведамлялася, што на баку Расеі загінулі сама меней 700 грамадзян Беларусі, якія ваявалі паводле кантракту ў расейскай арміі.
За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі й этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі).
Форум