Ужо сёньня: Дзень нараджэньня Ўладзімера Караткевіча

Уладзімер Караткевіч з вавёркай
Уладзімер Караткевіч з вавёркай

Падзеі 26 лістапада ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

26 лістапада 1930 году ў Воршы нарадзіўся пісьменьнік Ўладзімер Караткевіч. Ён ня толькі аўтар празаічных, паэтычных і драматургічных твораў, а яшчэ і першаадкрывальнік жанру гістарычнага дэтэктыву ў беларускай літаратуры. Найбольш вядомыя творы — «Каласы пад сярпом тваім», «Дзікае паляваньне караля Стаха», «Зямля пад белымі крыламі», «Чазенія» і многія іншыя.

«Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як ня робіць ніхто, — і тады пераможаш. Нават калі ты слабы, як камар пасярод варожага мора. Таму што толькі дурні разважаюць заўсёды па правілах здаровага сэнсу. Таму што чалавек толькі тады чалавек, калі ён дзёрзка рве панылае наканаваньне і плюе на „спрадвечны“ закон» (Уладзімер Караткевіч, «Ладзьдзя роспачы», 1964 год).

Гэты дзень у гісторыі

1394 — Сэул робіцца сталіцай Карэі.

1812 — каля вёскі Студзёнка пад Барысавам пачалася 4-дзённая пераправа арміі Напалеона церазь Бярэзіну, якая суправаджалася баямі з расейскімі войскамі. Загінулі дзясяткі тысяч французаў. У францускай мове слова bérézina дагэтуль ужываюць у значэньні катастрофы.

Помнік загінулым салдатам на беразе Бярэзіны
Помнік загінулым салдатам на беразе Бярэзіны

1920 — зацьверджаны статут Беларускай сялянскай партыі «Зялёны Дуб» — палітычнай і падпольнай вайсковай арганізацыі, якая выступала за незалежнасьць Беларусі і вяла ўзброеную барацьбу супраць бальшавікоў.

1943 — ад нямецкай акупацыі вызвалены Гомель.

2005 — Ксенія Сітнік перамагла на дзіцячым конкурсе песьні «Эўравізія». Гэта была першая перамога Беларусі. Праз два гады посьпех паўтарыў Аляксей Жыгалковіч.

2024 — суд Барысаўскага раёну прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» тэкст песьні «Ня быць скотам» беларускага рок-гурту «Ляпіс Трубяцкі» і відэакліп на яе. Песьню гурт стварыў у 2011 годзе на верш Янкі Купалы «Хто ты гэткі?», напісаны ў 1908-м.

У гэты дзень нарадзіліся

1799 — Міхаіл Кулеша мастак, літограф (дата хросту).

1805 — Яўстах Янушкевіч, беларускі кнігавыдавец, публіцыст, удзельнік паўстаньня 1830–1831 гадоў.

1891 — Ян Станкевіч, беларускі мовазнаўца, гісторык, палітычны дзяяч.

1894 — Норбэрт Вінэр, матэматык, адзін з стваральнікаў кібэрнэтыкі.

1901 — Антон Янкоўскі, беларускі народны сьпявак, фальклярыст і краязнавец, удзельнік беларускага нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі. Ён вучыўся ў Максіма Гарэцкага на беларускіх настаўніцкіх курсах у Вільні, супрацоўнічаў з фальклярыстам Арсенем Лісам. Запісаныя Янкоўскім народныя песьні і паданьні ўвайшлі ў акадэмічныя зборы беларускага фальклёру. Частку ягоных рукапісаў савецкія органы бясьпекі канфіскавалі ў 1949 годзе разам з архівам сьвятара Адама Станкевіча. Паводле адказу КДБ, гэтыя матэрыялы не захаваліся.

1907 — Міхась Скрыпка, беларускі пісьменьнік, драматург, сатырык і перакладнік.

1909 — Эжэн Ёнэско, францускі драматург, адзін з заснавальнікаў тэатру абсурду.

1909 — Яніна Каханоўская, дзяячка беларускай эміграцыі ў ЗША, пляменьніца Івана і Антона Луцкевічаў, бабуля сьпевака Данчыка.

Яніна Каханоўская
Яніна Каханоўская

1918 — Уладзімер Шахавец, беларускі паэт і перакладнік.

1925 — Юры Семяняка, народны артыст Беларусі, кампазытар.

1934 — Валянцін Рабцэвіч, беларускі гісторык, нумізмат, археоляг.

1961 — Віктар Асьлюк, беларускі кінадакумэнталіст.

Віктар Асьлюк. 2010 год
Віктар Асьлюк. 2010 год

У памяці

1855 — Адам Міцкевіч, польскі паэт, удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху супраць Расейскай імпэрыі, сябра Таварыства філяматаў, ураджэнец Наваградчыны.

1864 — Тэадор Нарбут, гісторык, археоляг і дасьледчык мінуўшчыны Вялікага Княства Літоўскага, аўтар дзевяцітомнай «Гісторыі літоўскага народу». Падчас паўстаньня 1863–1864 гадоў ягоныя дзеці далучыліся да барацьбы супраць Расейскай імпэрыі. За падтрымку паўстанцкага руху царскія ўлады арыштавалі 80-гадовага гісторыка і прысудзілі яго да высылкі ў Сыбір. Цяжка хворы Нарбут памёр, перш чым яго саслалі.

1896 году — Канстанцін Ельскі, прыродазнавец, падарожнік і дасьледчык Паўднёвай Амэрыкі, ураджэнец беларускіх земляў.

2007 — Ізяслаў Бруцкі, мітрапаліт і першагерарх Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

2017 — Алесь Каско, беларускі паэт і літаратурны дзяяч.

Алесь Каско. Берасьце, 28 лютага 2016 году
Алесь Каско. Берасьце, 28 лютага 2016 году

2022 — Уладзімер Макей, міністар замежных справаў Беларусі.

Уладзімер Макей, 2017 год
Уладзімер Макей, 2017 год
​
XS
SM
MD
LG