Рашэньне Эўрапейскага суду ў правах чалавека (ЭСПЧ), вынесенае 24 лістапада, пацьвердзіла, што Беларусь выкарыстоўвала міграцыю ў якасьці гібрыднага інструмэнту супраць Літвы й іншых краін, заявіў прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа.
«Значнае рашэньне Вялікай палаты ЭСПЧ ёсьць важным прызнаньнем новае рэальнасьці, зь якою мы сутыкнуліся», — напісаў ён у сацыяльнай сетцы X.
Як падкрэсьліў кіраўнік літоўскай дзяржавы, рашэньне Страсбурскага суду паказвае, што Беларусь сьвядома выкарыстоўвала міграцыю ў якасьці інструмэнту супраць Літвы, Латвіі і Польшчы. Гэта варожы акт, накіраваны на «дэстабілізацыю нашых краін, паслабленьне памежнага кантролю і абмежаваньне нашага сувэрэннага права на рэалізацыю міграцыйнай палітыкі», піша BNS.
«Гэта не палітычная заява, а прызнаная судом і дакумэнтальна пацьверджаная рэальнасьць. Эўропа мае быць здольнай абараніць сябе ад такіх гібрыдных нападаў, адначасова забясьпечваючы асноўныя правы чалавека», — адзначыў Наўседа.
Так ён адрэагаваў на тлумачэньне ЭСПЧ аб тым, што выправаджэньне замежнікаў у дзяржаву, якая ажыцьцяўляе інструмэнталізаваную міграцыю, само па сабе не азначае парушэньня забароны на катаваньні і бесчалавечнае абыходжаньне, замацаванага ў Эўрапейскай канвэнцыі аб правах чалавека.
На думку Страсбурскага суду, перад выправаджэньнем чалавека ў такіх абставінах нацыянальныя ўлады абавязаны выяўляць асобаў, для якіх рызыка жорсткага абыходжаньня або катаваньняў асабліва высокая.
Суд падзяліў такіх асобаў на дзьве катэгорыі: відавочна ўразьлівых, напрыклад, з прычыны ўзросту, дрэннага стану здароўя або інваліднасьці, і тых, хто мае канкрэтныя падставы сьцьвярджаць, што высылка створыць рэальную пагрозу жыцьцю або рызыку жорсткага абыходжаньня.
Што вядома пра справу
Справу «C.O.C.G. і іншыя супраць Літвы» ініцыявалі чацьвёра грамадзян Кубы. Яны шмат разоў перасякалі літоўска-беларускую мяжу ў сакавіку і красавіку 2022 году, а калі 13 красавіка 2022 году яны ўехалі ў Літву, іх затрымалі. Пазьней яны атрымалі дазволы на пастаяннае жыхарства.
ЭСПЧ вызначыў парушэньні з боку Літвы ў сувязі з працэдурай затрыманьня мігрантаў, якая прымянялася ў 2022 годзе. Суд пастанавіў, што трыманьне мігрантаў пад вартай на працягу шасьці месяцаў парушыла іх права на свабоду і бясьпеку. Заяўнікам не паведамілі своечасова прычынаў іх трыманьня пад вартай і не забясьпечылі эфэктыўнага спосабу яго абскарджаньня.
У сувязі з гэтым суд абавязаў Літву выплаціць кожнаму з чатырох заяўнікаў па 15 тыс. эўра ў якасьці кампэнсацыі маральнай шкоды і салідарна — 1,8 тыс. эўра на пакрыцьцё судовых выдаткаў.
Што папярэднічала
Эўрапейскі суд у правах чалавека 24 лістапада абвясьціў рашэньні ў трох справах аб прымусовым вяртаньні мігрантаў на мяжы ў Беларусь у 2021–2022 гадах, якія разглядала Вялікая палата суду.
Пазовы былі супраць Латвіі, Літвы і Польшчы. Суд высьвятляў, ці адпавядаюць дзеяньні ўладаў гэтых дзяржаваў Эўрапейскай канвэнцыі аб правах чалавека.
Суд прыняў да ўвагі, што Рэспубліка Беларусь займаецца «інструмэнталізацыяй міграцыі»: заахвочвае рух мігрантаў і спрыяе яму з мэтай дэстабілізацыі суседніх дзяржаваў.
Чаму гэта важна
Міністэрства юстыцыі Літвы раней адзначала, што высновы Страсбурскага суду аб інструмэнталізаванай міграцыі таксама важныя для ініцыяванай Літвой справы супраць Беларусі ў Міжнародным судзе ААН.
У рамках гэтай справы Вільня патрабуе ад Менску кампэнсацыі стратаў на суму больш за 200 млн эўра.
Наплыў мігрантаў ва ўсходнія краіны Эўразьвязу зь Беларусі пачаўся ў 2021 годзе. На сёньня Літва не ўпусьціла ў краіну 26,5 тысячы іншаземцаў, якія спрабавалі перасекчы мяжу нелегальна. З падобным наплывам мігрантаў з тэрыторыі Беларусі таксама змагаюцца Польшчы і Латвія.
Форум