Як адзначаецца ў тэксьце ўказу, апублікаваным на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі, такія зборы могуць працягвацца да 25 дзён, а на гэты час «народныя апалчэнцы» будуць атрымліваць статус і сацыяльныя гарантыі, прадугледжаныя заканадаўствам для вайсковаабавязаных, прызваных на вайсковыя або спэцыяльныя зборы.
Гэтае рашэньне Лукашэнка патлумачыў патрэбай «забесьпячэньня заўчаснай падрыхтоўкі да стварэньня атрадаў народнага апалчэньня».
Што папярэднічала
Да гэтага часу «народныя апалчэнцы» ўдзельнічалі ў вучэньнях, якія абвяшчае і праводзіць Міністэрства абароны Беларусі.
16 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што для «народнага апалчэньня» ўжо падрыхтаваная зброя: аўтаматы, гранаты, кулямёты.
Першыя атрады «народнага апалчэньня» пачалі ствараць у траўні 2023 году, яшчэ да таго, як адпаведны закон набыў юрыдычную моц.
Закон аб «народным апалчэньні» набыў моц 31 ліпеня 2023 году.
Згодна з дакумэнтам, «апалчэньне» ствараецца для абароны ў выпадку вонкавай агрэсіі як дадатак да войска. Яго асноўная задача — забесьпячэньне ваеннага становішча. Падчас ваеннага становішча ўлада на месцах павінна канцэнтравацца ў руках вайсковых кіраўнікоў, вайсковых камэндантаў. І, паводле лёгікі, «апалчэнцы» павінны дапамагаць вайскоўцам бараніць краіну ад іншаземных захопнікаў.
У законе гаворыцца, што «народнае апалчэньне» павінна садзейнічаць тэрытарыяльным органам унутраных справаў. А функцыя міліцыі палягае ў забесьпячэньні парадку і законнасьці ўнутры краіны, а не ў абароне ад вонкавых ворагаў.
Інакш кажучы, «народнае апалчэньне», паводле закону, паклікана стаць дадатковым інструмэнтам дзеля абароны рэжыму ад незадаволенага грамадзтва.
Закон надзяліў «апалчэнцаў» правам ужываць фізычную сілу і зброю. Асноўная задача «апалчэньня» палягае ў спрыяньні тэрытарыяльным органам унутраных справаў пры забесьпячэньні ваеннага становішча, абароне ўласнасьці «ад злачынных і іншых супрацьпраўных замахаў».
У дакумэнце вызначаныя «парадак кіраваньня народным апалчэньнем, фармаваньня, камплектаваньня і дысьлякацыі атрадаў народнага апалчэньня, выкананьня імі задач», а таксама «паўнамоцтвы дзяржаўных органаў і службовых асобаў у сфэры дзейнасьці народнага апалчэньня».
Згодна з законам, парадак фармаваньня і расфармаваньня «народнага апалчэньня», яго камплектаваньня, уліку добраахвотнікаў павінен вызначаць урад.
Форум