Ужо сёньня: апошні кароль Рэчы Паспалітай адрокся ад пасаду

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі
Станіслаў Аўгуст Панятоўскі

Падзеі 25 лістапада ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі.

У гэты дзень у гісторыі

1764 — у Варшаве каранавалі Станіслава Аўгуста Панятоўскага, апошняга караля польскага і вялікага князя літоўскага.

1795 — Роўна праз 31 год у Горадні Панятоўскі пад ціскам адрокся ад пасаду на карысьць расейскай імпэратрыцы Кацярыны ІІ. Гэта адбылося пасьля паразы паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі і трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай паміж Расеяй, Прусіяй і Аўстрыяй. Такім чынам Каралеўства Польскае і Вялікае Княства Літоўскае зьніклі з мапы сьвету.

1915 — нямецкі фізык Альбэрт Айнштайн прэзэнтаваў раўнаньні тэорыі адноснасьці. Яны апісалі гравітацыю як вынік скрыўленьня прасторы і часу пад узьдзеяньнем матэрыі і энэргіі.

Альбэрт Айнштайн
Альбэрт Айнштайн

1919 — у Таліне Станіслаў Булак-Балаховіч напісаў беларускамоўны верш «Покліч Бацькі».

Празь цёмныя хмары на чуждай старонцэ
Зірнула на нас цёпла-роднае сонцэ,
I гоман пачуў я з радной стараны:
«Свабода калоціцца ў нашэ ваконцэ,
За бацькаўшчыну ўсталі яе ўсе сыны!»
Сынкі! А мы штожа!
Нам будзе нягожа,
Каб мы не пайшлі на падмогу!
Сьмялей, не аглядайцесь,
Хутчэй сабірайцесь
I будзем гатовы ў дарогу!

1920 — у апошнія дні лістапада падчас Слуцкага паўстаньня ў мястэчку Семежаве, куды пераехала рада паўстанцаў, на цэнтральным пляцы прайшоў парад беларускіх аддзелаў. Парад прыняў прадстаўнік Найвышэйшай Рады БНР Кузьма Цярэшчанка. Праз два дні яны ўступілі ў бой з бальшавікамі.

1960 — у Дамініканскай Рэспубліцы па загадзе дыктатара Рафаэля Трухільё былі забітыя тры сястры Мірабаль — Патрыя, Мінэрва і Марыя Тэрэса, якія ўдзельнічалі ў руху супраціву. У памяць пра сёстраў Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў абвясьціла 25 лістапада Міжнародным днём барацьбы за ліквідацыю гвалту ў дачыненьні да жанчын.

1989 — у Менску прайшла арганізаваная БНФ «Адраджэньне» Асамблея народаў «Чарнобыльскі шлях». У межах Асамблеі ў Доме кіно, што тады месьціўся ў Чырвоным касьцёле, адбыўся міжнародны грамадзкі Чарнобыльскі трыбунал.

1992 — Фэдэральная асамблея Чэхаславаччыны прагаласавала за разьдзяленьне краіны на Чэхію і Славаччыну. Мірны падзел адбыўся 1 студзеня 1993 году.

1997 — выйшаў апошні нумар забароненай газэты «Свабода», галоўным рэдактарам якой быў Ігар Гермянчук. Напярэдадні Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі пастанавіў спыніць дзейнасьць выданьня пасьля папярэджаньняў Дзяржаўнага камітэту друку. Газэта, якая выходзіла з 1990 году, была адным з найбуйнейшых незалежных грамадзка-палітычных выданьняў краіны.

Апошні нумар газэты «Свабода»
Апошні нумар газэты «Свабода»

У гэты дзень нарадзіліся

1844 — Карл Бэнц, адзін з пачынальнікаў аўтамабілебудаваньня.

1884 — Уладзімер Кудрэвіч, беларускі пэйзажыст.

1908 — Анатоль Волкаў, беларускі мастак-графік. Найбольшую вядомасьць атрымаў дзякуючы ілюстрацыям да клясыкі беларускае літаратуры і сатырычным малюнкам у часопісе «Вожык».

1911 — Яўген Ціхановіч, мастак і мэмуарыст.

Яўген Ціхановіч на адпачынку ў Паланзе. 1982 г.
Яўген Ціхановіч на адпачынку ў Паланзе. 1982 г.

1922 — Ефрасіньня Бондарава, беларуская кінакрытык, гісторык кінамастацтва.

1955 — Аляксандар Казулін, кандыдат на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году, былы рэктар БДУ і былы палітычны вязень.

Аляксандар Казулін
Аляксандар Казулін

У гэты дзень памерлі

1970 — зрабіў сабе харакіры культавы пісьменьнік сучаснасьці і адзін з найбольш вядомых літаратараў пасьляваеннай Японіі Юкіё Місіма.

1972 — Хася Прусьліна, пэдагог, удзельніца антынацысцкага падпольля ў менскім гета.

1988 — Яўгенія Янішчыц, выбітная беларуская паэтка.

2016 — Фідэль Кастра, кіраўнік Кубінскай рэвалюцыі 1959 году і шматгадовы кіраўнік Кубы.

Фідэль Кастра, 2006 год
Фідэль Кастра, 2006 год

2019 — у Малі падчас францускай вайсковай апэрацыі супраць ісламісцкіх узброеных груповак загінуў беларус Андрэй Жук, вайсковец Францускага замежнага легіёну, кавалер ордэна Ганаровага Легіёну (пасьмяротна).

Андрэй Жук
Андрэй Жук

2020 — Дыега Марадона, аргентынскі футбаліст, адзін з найвялікшых гульцоў у гісторыі футболу. У траўні 2018 году Марадона падпісаў трохгадовы кантракт і стаў старшынём праўленьня футбольнага клюбу «Дынама-Берасьце». 16 ліпеня ён прыехаў у Берасьце, дзе яго ўрачыста сустрэлі заўзятары, і наведаў матч «Дынама» з салігорскім «Шахцёрам». Аднак гэтым візытам ягоная роля ў працы клюбы, выглядае, і абмежавалася.

Дыега Марадона ў Берасьці
Дыега Марадона ў Берасьці
​
XS
SM
MD
LG