Аляксандар Лукашэнка прызначыў Аляксандра Ломскага намесьнікам прэм’ер-міністра Беларусі. Ад чэрвеня 2025 году ён працаваў памочнікам Лукашэнкі ў Берасьцейскай вобласьці, а да таго першым намесьнікам міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня.
«Галоўны ваш кірунак — гэта продажы. У нас віцэ-прэм’еры найперш займаюцца гэтым. Усё, што мы зробім у краіне, пройдзе праз вашыя рукі, праз арганізацыю справы, дзе галоўным будзеце вы», — сказаў Ломскаму Лукашэнка, як паведаміла ягоная прэсавая служба.
Дзьмітры Гарадзецкі стаў памочнікам Лукашэнкі ў Горадзенскай вобласьці. Да гэтага прызначэньня ён працаваў першым намесьнікам старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму.
Што папярэднічала
Апошнім часам асноваю кадравай палітыкі Аляксандра Лукашэнкі стала перамяшчэньне чыноўнікаў з адной пасады на іншую. Але ў дадатак ён укараняе ў кіраўніцтва ўрадавых структураў, мясцовых органаў і прадпрыемстваў прадстаўнікоў сілавога блёку.
Летась 20 лістапада Аляксандр Лукашэнка выказаў кіраўніку сваёй адміністрацыі Дзьмітрыю Крутому незадаволеньне працай у падборы кадраў. Маўляў, дрэнная кадравая палітыка прыводзіць да таго, што няма стабільнасьці, даводзіцца «картаваць гэтую калоду кожны год ці праз два-тры гады».
Найбольш гучным Лукашэнкавым кадравым рашэньнем апошняга часу стала прызначэньне кіраўніком Віцебскай вобласьці 55-гадовага вайскоўца Паўла Муравейкі, які перад гэтым крыху больш за паўтара месяца папрацаваў на пасадзе намесьніка кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі. Да цывільнай працы Муравейка служыў ва Ўзброеных сілах і Міністэрстве абароны.
Форум