Урад Беларусі скараціў лік афіцыйных месцаў для перачэпкі грузаў з Эўропы. Што вядома

На мяжы Польшчы і Беларусі. Ілюстрацыйнае фота
На мяжы Польшчы і Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

Прэм’ер-міністар Беларусі Аляксандар Турчын падпісаў пастанову «Аб спэцыяльнай абмежавальнай меры».

Як вынікае з апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі ўрадавай пастановы ад 19 лістапада, частка якой абмежаваная службовым доступам, улады на мяжы Літвы і Польшчы скрацілі лік афіцыйных месцаў для ажыцьцяўленьня грузавых апэрацый, перачэпкі грузавых прычэпаў і запраўкі грузавікоў.

У прыватнасьці, у пункце пропуску «Казловічы» на мяжы з Польшчай цяпер такіх месцаў застанецца 9 (раней было 11), на мяжы зь Літвой: у пункце пропуску «Прывалка» — з 6 да 4, і «Беняконі» — з 8 да 6.

У пастанове не ўдакладняюцца прычыны такога рашэньня.

Што папярэднічала

Беларусь выкарыстоўвае схему перачэпак і перагрузак у адказ на санкцыі Эўразьвязу.

9 красавіка 2023 году Эўразьвяз у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараніў увоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

У адказ Беларусь забараніла ўезд аўтаперавозьнікам Эўразьвязу: яны маглі ўяжджаць на тэрыторыю краіны толькі для перагрузкі грузу або перачэпкі, далей яго маглі дастаўляць беларускія перавозьнікі. Пасьля новаўвядзеньня перавозьнікі паведамлялі, што кошт перавозак у Эўропе моцна ўзрос, і скардзіліся на чэргі ў транспартна-лягістычных цэнтрах, дзе трэба было забіраць груз.

У чэрвені 2023 году Польшча ўвяла забарону на ўезд зь беларускай тэрыторыі грузавых аўтамабіляў, цягачоў, прычэпаў, у тым ліку паўпрычэпаў, і аўтацягнікоў зарэгістраваных у Беларусі і Расеі, а Беларусь у адказ на рашэньне Польшчы забараніла праезд прычэпаў з польскай рэгістрацыяй.

​
XS
SM
MD
LG