Ужо сёньня: 7 гадоў таму ў Вільні ўрачыста перапахавалі паўстанцаў Каліноўскага

Цырымонія перапахаваньня Кастуся Каліноўскага і ягоных паўстанцаў, Вільня, 21 лістапада 2019 года
Цырымонія перапахаваньня Кастуся Каліноўскага і ягоных паўстанцаў, Вільня, 21 лістапада 2019 года

Падзеі 22 лістапада ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

22 лістапада 2019 году ў Вільні прайшло ўрачыстае перапахаваньне Кастуся Каліноўскага, Зыгмунта Серакоўскага і яшчэ 18 удзельнікаў паўстаньня 1863–1864 гадоў. Парэшткі паўстанцаў, пакараных сьмерцю расейскімі ўладамі, былі знойдзеныя падчас археалягічных раскопак на гары Гедыміна.

На перапахаваньні былі прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа і прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда. Прысутнічалі дэлегацыі Латвіі і Ўкраіны. Афіцыйнай беларускай дэлегацыяй кіраваў намесьнік прэмʼер-міністра Ігар Петрышэнка. Каталіцкі касьцёл Беларусі прадстаўляў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Дэлегацыю ад Рады БНР узначаліла Івонка Сурвіла.

Шэсьце ад катэдральнага сабору Сьвятых Станіслава і Ўладзіслава да могілак Росы расьцягнулася больш як на кілямэтар.

Таксама ў гэты дзень

1963 — у Даласе, штат Тэхас, быў забіты 35-ы прэзыдэнт ЗША Джон Фіцджэральд Кенэдзі, калі ехаў у адкрытым аўтамабілі па горадзе. У забойстве абвінавацілі Лі Харві Освальда, які ў 1960–1962 гадах жыў у Менску і працаваў на радыёзаводзе. Праз два дні Освальда ў паліцыі застрэліў уладальнік начнога клюбу Джэк Рубі. Афіцыйнае расьсьледаваньне прызнала Освальда забойцам прэзыдэнта.

Прэзыдэнт ЗША Джон Ф. Кенэдзі, ягоная жонка Жаклін Кенэдзі і губэрнатар штату Тэхас Джон Коналі едуць у лімузіне за некалькі імгненьняў да забойства Кенэдзі, 22 лістапада 1963 году
Прэзыдэнт ЗША Джон Ф. Кенэдзі, ягоная жонка Жаклін Кенэдзі і губэрнатар штату Тэхас Джон Коналі едуць у лімузіне за некалькі імгненьняў да забойства Кенэдзі, 22 лістапада 1963 году

1996 — у Менску пры пасярэдніцтве кіраўнікоў Расеі было падпісанае пагадненьне паміж Аляксандрам Лукашэнкам, старшынём Вярхоўнага Савету Сямёнам Шарэцкім і старшынём Канстытуцыйнага суду Валерыем Ціхінем аб урэгуляваньні канстытуцыйнага крызісу. Дакумэнт прадугледжваў спыненьне працэдуры імпічмэнту Лукашэнку і правядзеньне канстытуцыйнага рэфэрэндуму з кансультацыйным статусам. Праз два дні Лукашэнка правёў рэфэрэндум, вынікі якога выкарыстаў для істотнага пашырэньня прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў і роспуску Вярхоўнага Савету.

​2004 — у Кіеве пачалася Аранжавая рэвалюцыя. Тысячы прыхільнікаў апазыцыйнага кандыдата Віктара Юшчанкі выйшлі на Майдан Незалежнасьці, патрабуючы сумленнага падліку галасоў.

Майдан Незалежнасьці, Кіеў, 2004 год
Майдан Незалежнасьці, Кіеў, 2004 год

2005 — Ангела Мэркель абрана кацлеркай Нямеччыны. Яна стала першай жанчынай на гэтай пасадзе, а таксама першай кіраўніцай нямецкага ўраду родам з былой ГДР.

Ангела Мэркель прыносіць прысягу як кіраўніца ўраду Нямеччыны, 22 лістапада 2005
Ангела Мэркель прыносіць прысягу як кіраўніца ўраду Нямеччыны, 22 лістапада 2005

2020 — у Воўчыне асьвяцілі адбудаваны Траецкі касьцёл, зьвязаны зь лёсам апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У гэтым касьцёле яго хрысьцілі, а ў 1938 годзе ў крыпце касьцёла паставілі труну зь перавезенымі зь Ленінграду парэшткамі Панятоўскага. За савецкім часам храм быў закрыты і занядбаны, а каралеўская магіла — разрабаваная. У канцы 1980-х гадоў захаваныя фрагмэнты пахаваньня перадалі Польшчы, а ў 1995 годзе ў Варшаве адбылося сымбалічнае перапахаваньне караля.

2020 —у Беларусі прайшоў «Марш супраць фашызму». У Менску людзі зьбіраліся ў невялікія раённыя калоны, акцыі адбываліся і ў іншых гарадах. Паводле праваабаронцаў, за дзень затрымалі больш за 380 чалавек.

«Марш супраць фашызму» ў Менску 22 лістапада 2020 году
«Марш супраць фашызму» ў Менску 22 лістапада 2020 году

У гэты дзень нарадзіліся

1715 — Антоні Адам Скарульскі, філёзаф, асьветнік, рэктар Віленскай акадэміі.

1801 — Уладзімір Даль, расейскі навуковец і пісьменьнік, лексыкограф.

1869 — Андрэ Жыд, францускі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры 1947 году.

Андрэ Жыд,1947 год
Андрэ Жыд,1947 год

1890 — Шарль дэ Голь, французскі генерал і палітык, прэзыдэнт Францыі.

Шарль дэ Голь
Шарль дэ Голь

1930 — Вера Бартуль, дзяячка беларускай эміграцыі.

1946 — Яраслаў Еўдакімаў, сьпявак, народны артыст Беларусі.

1974 — Зьміцер Сасноўскі, музыка, гісторык, стваральнік гурта «Стары Ольса».

Зьміцер Сасноўскі
Зьміцер Сасноўскі

1986 — Вольга Хіжынкова, міс Беларусь — 2008, былая палітзьняволеная.

У памяці

1800 — Саламон Майман, філёзаф-асьветнік беларускага паходжаньня.

1817 — Станіслаў Урсын Нямцэвіч, гарадзенскі губэрнатар.

1936 — Мацьвей Любаўскі, гісторык ВКЛ, вязень ГУЛАГу, памёр ва Ўфе.

1944 — Кузьма Чорны, беларускі пісьменьнік, аўтар раманаў «Пошукі будучыні», «Млечны шлях» і «Трэцяе пакаленьне». Літаратуразнаўцы называюць Чорнага стваральнікам беларускага сацыяльна-псыхалягічнага раману. У 1938 годзе яго арыштаваў НКВД, у зьняволеньні пісьменьнік зазнаў зьдзекі і катаваньні. У 1939 годзе яго вызвалілі. Зьняволеньне падарвала здароўе Чорнага.

«Я жыву як апошняе пакідзішча. І не таму, што мне хто зла хоча, а таму, што ў нас не эўрапейская дзяржава, дзе інтэлектуальныя асаблівасьці чалавека робяць яго жыцьцё арганізаваным. А ў нас азіятчына. Падхалімства, хабарніцтва, чыноўніцтва, паклёпніцтва — за апошнія годы паднялося на вялікую вышыню. Колькі нашай інтэлігенцыі бяз дай прычыны гніе ў турмах і на высылцы! У мяне ўжо няма 70% здароўя. Я гіну і не магу выкарыстаць як бы трэба было свой талент. Сілы мае трацяцца і марнуюцца без карысьці. Доўгія годы мяне мучыла ГПУ-НКВД. А цяпер замест таго, каб рабіць тое, што мне трэба рабіць, я палю ў печы, цягаю ваду, змываю гаўно ў прыбіральні, краду дровы, дастаю з дошчак цьвікі, мыю сваю парваную і вываленую адзежу. Тут вайна не да канца вінавата. Тут многа ад хамства. Апарат НКГБ і тысячы чыноўнікаў займаюць увесь горад — яны ўмеюць і любяць рваць адзін аднаго і ўсіх за горла, а я гэтага ня ўмею рабіць, дык не магу нават дастаць хоць тоненькі праменьчык дзённага сьвятла ў вакно і мучуся ў пограбе. Божа, напішы за мяне мае раманы, хіба так маліцца, ці што?»

Кузьма Чорны
Кузьма Чорны

1953 — у лістападзе расстраляны Янка Філістовіч, беларускі дзяяч на эміграцыі, удзельнік антысавецкага супраціву ў Беларусі, публіцыст. 21 лістапада прыйшоў адказ на ягоную скаргу на сьмяротны прысуд — Вярхоўны суд пакінуў вырак у сіле.

Янка Філістовіч
Янка Філістовіч

1989 — Альгерд Малішэўскі, мастак.


​
XS
SM
MD
LG