Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін прыехаў на складаньне прысягі вайскоўцамі ў 72-м гвардзейскі Аб’яднаны навучальны цэнтар, што дысьлякуецца ў Барысаве.
Як паведаміла прэсавая служба Міністэрства абароны, Хрэнін адзначыў «павелічэньне ўзроўню моладзі ў здольнасьці асвойваць праграмы баявой падрыхтоўкі».
«Сёньня па ўсёй краіне складаюць вайсковую прысягу больш за 10 тысяч навабранцаў. Магу з упэўненасьцю сказаць, што ўсе яны невыпадковыя людзі. Колькасьць прызыўнога рэсурсу сёньня перавышае патрэбы Ўзброеных сіл. У прызыўных камісій ёсьць магчымасьць адабраць найбольш матываваных, моцных і падрыхтаваных хлопцаў», — заявіў Віктар Хрэнін.
Паводле Хрэніна, цяпер беларуская армія — ня тая, што была 10, 5 і нават тры гады таму.
«Мы павінны зрабіць усё, каб у нашага патэнцыйнага праціўніка нават найменшай ахвоты не было напасьці на нашу краіну. Для гэтага мы маем усё. І галоўнае — матываваныя і падрыхтаваныя людзі», — сказаў ён.
Сярод прыярытэтаў разьвіцьця войска міністар абароны назваў якасьць падрыхтоўкі вайскоўцаў, забесьпячэньне тэхнікай і тэхналёгіямі, а таксама падрыхтоўка да вайны, «каб яе ніколі не было».
«Трэці прыярытэт — гэта тая стратэгія, якую мы вызначылі: рыхтавацца да вайны так, каб яе ніколі не было. Для гэтага мы арыентуемся на першыя два прыярытэты, на тыя задачы, якія ставіць галоўнакамандуючы, і на ўсе кірункі будаўніцтва і разьвіцьця Ўзброеных сіл», — сказаў ён.
Віктар Хрэнін паведаміў, што сёлета Ўзброеныя сілы атрымалі «больш за 40 тысяч розных узораў узбраеньня: гэта і сучасныя сродкі сувязі, бесьпілётныя комплексы, радыёэлектроннае абсталяваньне, праграмнае забесьпячэньне».
Чаму гэта важна
Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць беларускую вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі ва Ўкраіну і абстрэлаў там мірных гарадоў, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
У схемы падтрымкі расейскай агрэсіі цяпер уключаны шэраг беларускіх прадпрыемстваў у розных сфэрах вытворчасьці.
З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў Беларусі фактычна бесьперапынна адбываюцца вайсковыя вучэньні, якія Аляксандар Лукашэнка тлумачыў пагрозамі й імавернасьцю ўварваньня на беларускую тэрыторыю з Польшчы, Літвы ці Ўкраіны. Аднак за ўвесь час з 2022 году не было ніводнага доказу наяўнасьці такіх плянаў.
Сёлета ў чэрвені й ліпені ўлады і вайсковае кіраўніцтва Беларусі надалей гаварылі аб плянах «калектыўнага Захаду» напасьці на Беларусь і Расею. З адпаведнымі заявамі выступіў міністар абароны Віктар Хрэнін на паседжаньні Рады міністраў абароны краінаў АДКБ у Маскве, а потым і на IV «Міжнародным антыфашысцкім кангрэсе» ў Менску, дзе ён абвінаваціў эўрапейцаў у «нацысцкім мэнталітэце» і рыхтаваньні да вайны.
Але ўжо ў канцы ліпеня Хрэнін у дакладзе Аляксандру Лукашэнку заявіў пра спакойную вайскова-палітычную абстаноўку вакол Беларусі і «брак прыкметаў рыхтаваньня да актыўных дзеяньняў з боку суседніх дзяржаваў».
16 жніўня камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Беларусі Андрэй Лук’яновіч ужо канстатаваў брак вонкавай пагрозы для Беларусі і аднаўленьне апэратыўных кантактаў з Латвіяй, Літвой і Польшчай.
Расея і Ўкраіна нарошчваюць выкарыстаньне дронаў у вайне. Падчас абстрэлаў расейскія і ўкраінскія дроны сталі часьцей залятаць на тэрыторыю Беларусі. Аб гэтых фактах паведамляюць ня ўлады Беларусі, а ўкраінскія маніторынгавыя каналы.
Вядома некалькі выпадкаў, калі расейскія і ўкраінскія дроны з тэрыторыі Беларусі заляталі ў краіны Балтыі.
Форум