Ужо сёньня. 100 гадоў тэатру імя Якуба Коласа

Будынак, у якім тэатар месьціцца з 1958 году
Будынак, у якім тэатар месьціцца з 1958 году

Падзеі 21 лістапада ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі.

Дата дня

Стагодзьдзе таму, 21 лістапада 1926-га, у Віцебску адкрыўся Другі Беларускі дзяржаўны тэатар — сёньняшні Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатар імя Якуба Коласа. Аснову трупы склалі выпускнікі Беларускай драматычнай студыі ў Маскве, сярод якіх былі Аляксандар Ільінскі, Павал Малчанаў, Цімох Сяргейчык і Стэфанія Станюта, якая працавала ў Віцебску да 1931 году.

Першым дырэктарам тэатру быў Мікола Красінскі, які нядаўна пераехаў зь Вільні, дзе быў адным з арганізатараў Беларускай драматычнай майстроўні. У 1930-м Красінскага арыштавалі ў справе «Саюзу вызваленьня Беларусі», саслалі на Ўрал, а ў 1938-м расстралялі.

У Коласаўскім тэатры ставілі спэктаклі паводле твораў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Уладзімера Караткевіча, Віталя Вольскага (візытная картка тэатру — «Несьцерка»), Алеся Адамовіча, Аляксея Дударава і іншых, клясыкаў сусьветнай літаратуры.

18 жніўня 2020 году коласаўцы выйшлі на прыступкі тэатру з плякатамі ў падтрымку калегаў з Купалаўскага тэатру, якія не пагадзіліся з звальненьнем свайго дырэктара Паўла Латушкі і падалі заявы на звальненьне.

У лістападзе 2021 году ўлады адразу пасьля прэм’еры забаранілі пастаноўку «Ціль», у якой прагучала фраза «Жыве Фляндрыя!» і выкарыстоўваліся чырвоныя стужкі. Неўзабаве пасады страцілі дырэктар Аляксандар Старых, некалькі актораў, а ў красавіку 2022 году — мастацкі кіраўнік Міхаіл Краснабаеў.

Спэктакль да стагодзьдзя тэатру ставіць рэжысэр, запрошаны з Масквы.

Гэты дзень у гісторыі

1368 — адбылася Тросьненская бітва паміж войскам ВКЛ і вартавым атрадам Маскоўскага княства. Назву бітва атрымала ад назвы ракі Тросны, што непадалёк ад Масквы. Перамога адкрыла вялікаму князю Альгерду шлях на Маскву, але трохдзённая аблога аказалася марнай — за год да гэтага былі пабудаваныя новыя белакаменныя муры наўкол маскоўскага Крамля.

Паход вялікага князя літоўскага Альгерда на Маскву ў 1368 годзе. Мініятура Ліцавога летапіснага зводу, другая палова XVI стагодзьдзя. Крыніца: Літоўская ўнівэрсальная энцыкляпэдыя
Паход вялікага князя літоўскага Альгерда на Маскву ў 1368 годзе. Мініятура Ліцавога летапіснага зводу, другая палова XVI стагодзьдзя. Крыніца: Літоўская ўнівэрсальная энцыкляпэдыя

1783 — у Парыжы адбыўся першы ў гісторыі палёт людзей на непрывязаным да зямлі паветраным шары. Так пачалася эпоха паветраплаваньня.

1839 — у Парыжы беларускі паэт, публіцыст і дасьледнік народнай культуры Аляксандар Рыпінскі выступіў з дакладам «Беларусь», прысьвечаным беларускім народным песьням, паэзіі, музыцы, танцам і звычаям.

1995 — на амэрыканскай вайсковай базе каля Дэйтану завяршыліся мірныя перамовы, якія спынілі вайну ў Босьніі і Герцагавіне. Канфлікт забраў каля 100 тысяч жыцьцяў і прымусіў каля двух мільёнаў чалавек пакінуць свае дамы.

Мэмарыяльныя могілкі каля Срэбраніцы, дзе ў ліпені 1995 году сэрбскія вайскоўцы забілі больш за 8 тысяч мужчын-мусульман
Мэмарыяльныя могілкі каля Срэбраніцы, дзе ў ліпені 1995 году сэрбскія вайскоўцы забілі больш за 8 тысяч мужчын-мусульман

1997 — упершыню адзначаны Ўсясьветны дзень тэлевізіі, уведзены ААН.

2013 — у Кіеве пачаліся пратэсты, якія ўвайшлі ў гісторыю як Эўрамайдан, або Рэвалюцыя годнасьці. Увечары на майдане Незалежнасьці сабраліся каля паўтары тысячы чалавек. У наступныя тыдні, асабліва пасьля гвалтоўнага разгону студэнтаў 30 лістапада, пратэсты перарасьлі ў масавы рух супраць улады Віктара Януковіча.

У гэты дзень нарадзіліся

1869 — Казімер Стаброўскі, мастак, ураджэнец Баранавіччыны, першы дырэктар Школы прыгожых мастацтваў у Варшаве.

1896 — Зьміцер Прышчэпаў, беларускі савецкі дзяржаўны і грамадзкі дзеяч, народны камісар земляробства БССР у 1924–1929 гадах. Выступаў за разьвіцьцё сялянскіх гаспадарак і хутароў, а ягоная аграрная праграма называлася «Беларусь — чырвоная Данія». Асуджаны на расстрэл, памёр у 1940 годзе ў турэмным шпіталі ў Менску.

1910 — Міхал Суднік, беларускі мовазнаўца, узначальваў Інстытут мовазнаўства Акадэміі навук.

1925 — Сямён Герус, беларускі графік. Адзін зь першых беларускіх мастакоў пасьляваеннага часу, хто сыстэматычна зьвярнуўся да нацыянальнай гісторыі ў выяўленчым мастацтве. Ствараў партрэты Францішка Скарыны, Кастуся Каліноўскага, Янкі Купалы, графічныя цыклі пра гістарычны Менск.

У памяці

1790 — Караль Станіслаў Радзівіл, вядомы пад мянушкай «Пане Каханку» — ваявода віленскі, стараста львоўскі, мечнік вялікалітоўскі. Пане Каханку быў найбольш заможным магнатам Рэчы Паспалітай другой паловы XVIII стагодзьдзя і адным з найбагацейшых прадстаўнікоў арыстакратыі ў Эўропе. Вакол ягонай асобы шмат легендаў. Ягоны саркафаг у Нясьвіжы захаваўся да нашага часу.

Караль Станіслаў Радзівіл «Пане Каханку»
Караль Станіслаў Радзівіл «Пане Каханку»

1798 — Габрыэль Лянкевіч, архітэктар, кіраўнік ордэну езуітаў у Расейскай імпэрыі пасьля яго забароны рымскім папам. Лянкевіч спрыяў разьвіцьцю Полацкага калегіюму, які стаў адным з найбуйнейшых адукацыйных асяродкаў рэгіёну.

1830 — Ян Сьнядэцкі, астраном, матэматык, рэктар Віленскага ўнівэрсытэту.

1985 — Юрка Геніюш, беларускі паэт, сын Ларысы Геніюш, загінуў пры нявысьветленых абставінах.

Ларыса Геніюш і яе сын Юрка, Прага, 1940
Ларыса Геніюш і яе сын Юрка, Прага, 1940

1937 — у Чабаксарах НКВД расстраляла Паўла Каравайчыка, беларускага літаратурнага крытыка, публіцыста, паэта і мэдыка. У 1920-я гады ён займаўся літаратуразнаўствам і фальклярыстыкай, быў сябрам-карэспандэнтам Інстытуту беларускай культуры. У 1930 годзе яго арыштавалі ў сфабрыкаванай справе «Саюзу вызваленьня Беларусі» і выслалі ў Чувашыю. У часе Вялікага тэрору Каравайчыка арыштавалі паўторна і забілі.

​
XS
SM
MD
LG