У Беларусі здымуць фільм пра беларускіх вайсковых дарадцаў у Віетнамскай вайне

У час Віетнамскай вайны, архіўнае фота
У час Віетнамскай вайны, архіўнае фота

Пра прыбыцьцё ў краіну дэлегацыі Вайсковага радыё-тэлевізійнага цэнтру Віетнамскай народнай арміі паведаміла Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь.

У паведамленьні адзначаюць, што разам зь беларускай тэлекампаніяй «ВаенТБ» віетнамскія адмыслоўцы пачнуць падрыхтоўку да здымак дакумэнтальнага фільму пра беларускіх вайсковых дарадцаў, якія дапамагалі войску Віетнама ў 1965–1974 гг.

У праграму візыту таксама ўваходзіць курс «Асновы радыёвяшчаньня». З працай беларускіх спэцыялізаваных СМІ гасьцей пазнаёмяць супрацоўнікі «ВаенТБ» і вайсковага інфармацыйнага агенцтва «Ваяр».

Як піша «Позірк», пра задуму фільму стала вядома 23 верасня па выніках сустрэчы міністра абароны Беларусі Віктара Хрэніна з начальнікам Галоўнага палітычнага кіраўніцтва Віетнамскай народнай арміі генэралам Нгуенам Чонгам Нгіа. Тады, паводле інфармацыі Мінабароны, бакі абмяркоўвалі магчымасьць супольна стварыць дакумэнтальную стужку.

Днём раней у Менску віетнамскі генэрал сустрэўся з начальнікам галоўнай управы ідэалягічнай работы Міністэрства абароны Беларусі Леанідам Касінскім. Яны абмяркоўвалі, як вайскоўцы дзьвюх краін вядуць ідэалягічную працу ў войсках і сярод цывільнага насельніцтва.

Што гэта значыць

У Беларусі шмат гадоў улады, якія актыўна ўмешваюцца ў справы культуры, ня могуць наладзіць бесьперабойную і паьпяховую працу айчыннай кінавытворчасьці. Студыя «Беларусьфільм» стала палігонам для танных расейскіх стужак і сэрыялаў, а з уласнабеларускай вытворчасьці ў пракат выходзяць толькі прапагандысцкія творы і фільмы пра «Вялікую айчынную» вайну, якія маюць нізкую вядомасьць і папулярнасьць сярод людзей. Па-беларуску амаль нічога не здымаецца.

Стужка вытворчасьці Беларусі і Віетаму павінна апавядаць пра дзейнасьць беларускіх вайсковых дарадцаў у час вайны ў Віетнаме. Пра гэтую «супольную памяць» яшчэ ў 2017 годзегаварыў Аляксандар Лукашэнка, калі прымаў у Менску прэзыдэнта Віетнаму Чан Дай Куанга:

«Беларускі народ з даўніх часоў, асабліва ў цяжкія пэрыяды вашай гісторыі, быў заўсёды побач. Кожны віетнамец добра памятае мінулую вайну і тую цану, якую вы заплацілі за свабоду і незалежнасьць.

Памятаем і ведаем пра гэта і мы. Таму што мы былі тады побач з вамі на віетнамскай зямлі. Ды і пасьля гэтай жорсткай вайны мы ўсяляк імкнуліся дапамагчы сваім віетнамскім братам у аднаўленьні краіны, народнай гаспадаркі, у нармалізацыі жыцьця».

Віетнамская вайна

Віетнамская вайна была вельмі доўгай, яна працягвалася з 1957 па 1975 гг. і забрала жыцьці больш як 1,3 млн чалавек, зь якіх звыш 600 тысяч былі цывільнымі. Яна пачалася як грамадзянская вайна ў Паўднёвым Віетнаме, пазьней ахапіла ўсю краіну і суседнія Лаос і Камбоджу.

СССР падтрымліваў у гэтай вайне камуністычны Паўночны Віетнам пастаўкамі зброі, эканамічнай дапамогай, вайсковымі дарадцамі і нават савецкімі вайскоўцамі ў складзе зэнітна-ракетных комплексаў.

ЗША выступілі на баку Паўднёвага Віетнаму, яны ладзілі паўнамаштабнае ўмяшаньне ў 1965–73 гадах.

У выніку перамогу атрымалі камуністычныя сілы. Віетнам быў аб’яднаны пад уладай камуністаў, а тысячы іхных праціўнікаў вымушаныя былі ўцякаць з радзімы ў розныя краіны, каб уратавацца ад перасьледу, катаваньняў, турмаў і забойстваў.

​
XS
SM
MD
LG