Ігналінская АЭС побач зь беларускай мяжой гарэла другі раз за год

Каля Ігналінскай АЭС, архіўнае фота
Каля Ігналінскай АЭС, архіўнае фота

17 лістапада на 1-м блёку станцыі пачаўся пажар. Яго патушылі ратаўнікі. Гэта ня першае здарэньне на спыненай АЭС за апошні час.

Прадстаўнік мясцовага Аддзелу пажарнай бясьпекі і ратаваньня Эдыта Зданявічэне паінфармавала, што на станцыю выяжджалі чатыры аўтацыстэрны, цытуе чыноўніцу Delfi.

«Правялі агляд, шукалі ачаг узгараньня. Паводле першай інфармацыі, пажар быў у складзкім памяшканьні».

У час пажару людзі не пацярпелі, радыяцыйнай небясьпекі няма, сьцьвярджаюць літоўскія ўлады.

Пры гэтым, аднак, давялося спыняць працы па вывадзе Ігналінскай АЭС з эксплюатацыі.

Ігналінская АЭС і здарэньні на ёй

Станцыя месьціцца ў Літве каля самай мяжы зь Беларусьсю. Яна даўно спыненая, але спыненьне АЭС не азначае яе імгненнага закрыцьця. Дзеля бясьпекі працэс спыненьня аб’екта расьцягнуты на некалькі гадоў.

Работы адносна поўнага заканчэньня працы станцыі вядуцца з 2010 году, калі атамную электрастанцыю спынілі. На травень 2024 году на Ігналінскай АЭС здэмантавалі каля 40% абсталяваньня.

Завяршэньне работ у закрыцьці станцыі заплянаванае на 2038 год. Аднак такія здарэньні як пажары могуць яшчэ больш адэрмінаваць пляны. Гэта ўжо другі пажар на станцыі за год. 25 лістапада 2025 году ў «адным з будынкаў найменш высокай катэгорыі небясьпекі» пажар ужо быў. Тады з будынку эвакуавалі 9 чалавек. Як пісалі літоўскія ўлады, перавышэньня радыяцыйнага фону не адбылося. Гэта пацьвердзілі й замеры радыяцыйнага фону ў Беларусі.

У верасьні Літва паабяцала перадаць Украіне сотні тон абсталяваньня з Ігналінскай АЭС дзеля падтрымкі ўкраінскай энэргетыкі ўва ўмовах пастаянных расейскіх удараў.

​
XS
SM
MD
LG