Ужо сёньня: 30 гадоў таму дэпутаты Вярхоўнага Савету перадалі ў Канстытуцыйны суд дзясяткі подпісаў за адхіленьне Лукашэнкі ад пасады

Вярхоўны Савет. Дэпутаты Апазыцыі БНФ Аляксандар Шут і Мікалай Крыжаноўскі. Архіўнае фота
Вярхоўны Савет. Дэпутаты Апазыцыі БНФ Аляксандар Шут і Мікалай Крыжаноўскі. Архіўнае фота

Падзеі 19 лістапада ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

1996 — 73 дэпутаты Вярхоўнага Савету перадалі ў Канстытуцыйны суд подпісы пад зваротам аб адхіленьні Аляксандра Лукашэнкі ад пасады за сыстэматычныя парушэньні Канстытуцыі. Нагодай стаў намер Лукашэнкі пашырыць свае паўнамоцтвы праз рэфэрэндум.

22 лістапада пры пасярэдніцтве кіраўнікоў Расеі Лукашэнка, старшыня Вярхоўнага Савету Сямён Шарэцкі і старшыня Канстытуцыйнага суду Валер Ціхіня падпісалі пагадненьне аб урэгуляваньні крызісу.

Яно прадугледжвала спыненьне працэдуры імпічмэнту, кансультацыйны характар рэфэрэндуму ў пытаньні зьмены Канстытуцыі і падрыхтоўку яе новай рэдакцыі Канстытуцыйным сходам.

Аднак зацьвярджэньне пагадненьня ў парлямэнце сарвалі ў тым ліку пралукашэнкаўскія дэпутаты. Лукашэнка скарыстаўся гэтым, каб адмовіцца ад дамоўленасьцяў і надаць вынікам рэфэрэндуму абавязковую сілу. Міжнародная супольнасьць не прызнала вынікаў рэфэрэндуму, а дэмакратычная апазыцыя назвала яго канстытуцыйным пераваротам.

🛈 Пра тыя лёсавызначальныя для Беларусі падзеі падрабязна расказаў Сяргей Навумчык у дакумэнтальнай кнізе «Дзевяноста шосты».

Гэты дзень у гісторыі

1190 — падчас Трэцяга крыжовага паходу ў Палестыне быў заснаваны Тэўтонскі ордэн.

1918 — Янка Купала напісаў верш «Спадчына». Твор зьявіўся пасьля трох з паловай гадоў творчага маўчаньня паэта і ў 1922 годзе даў назву ягонаму паэтычнаму зборніку.

1982 — футбольны клюб «Дынама-Менск» першы і апошні раз стаў чэмпіёнам СССР.

1989 — у Чэхаславаччыне апазыцыйна настроеныя групы стварылі адзіную арганізацыю — Грамадзянскі форум, нефармальным лідэрам якога неўзабаве стаў драматург-дысыдэнт Вацлаў Гавэл. Грамадзянскі форум стаў галоўнай палітычнай сілай Аксамітнай рэвалюцыі.

Вацлаў Гавэл, драматург-дысыдэнт і адзін зь вядучых сяброў чэхаславацкага апазыцыйнага Грамадзянскага форуму, вітае дэманстрантаў на Вацлаўскай плошчы ў Празе 10 сьнежня 1989 году. Яны сьвяткуюць капітуляцыю камуністаў і прызначэньне новага ўраду
Вацлаў Гавэл, драматург-дысыдэнт і адзін зь вядучых сяброў чэхаславацкага апазыцыйнага Грамадзянскага форуму, вітае дэманстрантаў на Вацлаўскай плошчы ў Празе 10 сьнежня 1989 году. Яны сьвяткуюць капітуляцыю камуністаў і прызначэньне новага ўраду

1990 — заснаваны Магілёўскі абласны мастацкі музэй.

1991 — створанае інфармацыйнае агенцтва БелаПАН.

1995 — былы камуніст Аляксандар Квасьнеўскі перамог на прэзыдэнцкіх выбарах у Польшчы дзейнага прэзыдэнта Леха Валэнсу. Пры Квасьнеўскім Польшча ўступіла ў NATO і Эўрапейскі зьвяз.

Аляксандар Квасьнеўскі
Аляксандар Квасьнеўскі

2020 — арыштаваныя журналістка Кацярына Барысевіч і доктар Арцём Сарокін у справе аб пасьведчаньні аб сьмерці Рамана Бандарэнкі («нуль праміле»).

Арцём Сарокін і Кацярына Барысевіч на судзе над імі
Арцём Сарокін і Кацярына Барысевіч на судзе над імі

У гэты дзень нарадзіліся

1784 — Міхал Баброўскі, славіст і ўсходазнавец, філёзаф, уніяцкі сьвятар, першы беларускі скарыназнаўца, прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту. Баброўскі спрыяў узьнікненьню беларусазнаўства, адкрыў і апісаў «Супрасьлеўскі кодэкс», найбольш значны стараславянскі кананічны рукапіс.

1842 — Адам Банецкі, гісторык, дасьледнік геральдыкі й генэалёгіі на абшарах Рэчы Паспалітае, аўтар шматтомнага «Гербоўніка».

1908 — Мікола Засім, беларускі паэт.

1915 — Вадзім Жучкевіч, доктар геаграфічных навук, аўтар даведніка «Тапаніміка Беларусі».

1927 — Міхась Ракевіч, удзельнік паваеннага антысавецкага Супраціву 1940-х, стваральнік беларускай падпольнай патрыятычнай арганізацыі „Чайка“, вязень ГУЛАГу.

1933 — Лары Кінг (Лоўрэнс Зайгер) — амэрыканскі тэле- і радыёжурналіст, адзін з найвядомейшых інтэрвіюераў у гісторыі тэлевізіі. Ягоная маці паходзіла зь Менску.

Мільярдэр і дэвэлапэр нерухомасьці Дональд Трамп размаўляе зь вядоўцам Лары Кінгам пасьля запісу выпуску ягонага ток-шоў на тэлеканале CNN. Трамп заявіў Кінгу, што разглядае магчымасьць балятавацца на пасаду прэзыдэнта ЗША. 7 кастрычніка 1999 году
Мільярдэр і дэвэлапэр нерухомасьці Дональд Трамп размаўляе зь вядоўцам Лары Кінгам пасьля запісу выпуску ягонага ток-шоў на тэлеканале CNN. Трамп заявіў Кінгу, што разглядае магчымасьць балятавацца на пасаду прэзыдэнта ЗША. 7 кастрычніка 1999 году

1936 — Эрнэст Ялугін, пісьменьнік.

Эрнэст Ялугін
Эрнэст Ялугін

1956 — Сяргей Бандарэнка, беларускі скульптар, аўтар коннага помніка князю Альгерду ў Віцебску і рэльефу «Песьня пра зубра» ў Нацыянальнай бібліятэцы.

Сяргей Бандарэнка, 2012 год
Сяргей Бандарэнка, 2012 год

1996 — Юры Дземідовіч, сьпявак, удзельнік дзіцячай Эўравізіі-2009 («Волшебный кролік»). Скончыў Маскоўскую кансэрваторыю. Выступаў як дырыгент у розных тэатрах і з аркестрамі. Зь лютага 2026 году — мастацкі кіраўнік Акадэмічнага тэатру опэры і балету Рэспублікі Комі ў Сыктыўкары.

Беларус Юры Дземідовіч выступае падчас генэральнай рэпэтыцыі 7-га дзіцячага конкурсу песьні «Эўравізія» ў Кіеве 20 лістапада 2009 году. Фота REUTERS / Канстанцін Чарнічкін
Беларус Юры Дземідовіч выступае падчас генэральнай рэпэтыцыі 7-га дзіцячага конкурсу песьні «Эўравізія» ў Кіеве 20 лістапада 2009 году. Фота REUTERS / Канстанцін Чарнічкін

У памяці

1557 — Бона Сфорца, польская каралева і вялікая княгіня літоўская, другая жонка Жыгімонта Старога.

Мікола Гусоўскі і Бона Сфорца. Карціна Ляілеі і Валянціна Варэцы
Мікола Гусоўскі і Бона Сфорца. Карціна Ляілеі і Валянціна Варэцы

1605 — Ян Марыя Бэрнардоні, італьянскі архітэктар-езуіт, адзін з пачынальнікаў барока ў Вялікім Княстве Літоўскім, аўтар касьцёлу Божага Цела ў Нясьвіжы.

Нясьвіж, Касьцёл Божага Цела
Нясьвіж, Касьцёл Божага Цела

1959 — Мікалай Нікольскі, гісторык, усходазнаўца, біблеіст, акадэмік АН БССР.

1976 — Станіслаў Ваўпшасаў, савецкі дывэрсант, адзін з арганізатараў партызанскага руху ў Беларусі ў часы Другой сусьветнай вайны. У Менску ягоным імем названая вуліца.

1994 — Антаніна Абрэмбская-Яблонская, заснавальніца польскай беларусістыкіРазам зь Мікалаем Бірылам рэдагавала «Падручны польска-беларускі слоўнік», які выйшаў у Варшаве ў 1962 годзе.

2004 — Юзэфа Найдзюк, дзяячка беларускага супраціву і эміграцыі.

2007 — Язэп Сажыч, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, у 1982–1997 гадах старшыня Рады БНР.

Язэп Сажыч
Язэп Сажыч

2008 — Алег Лойка, беларускі паэт, пісьменьнік і літаратуразнаўца.

2011 — Валеры Раеўскі, тэатральны дзяяч, былы рэжысэр Купалаўскага тэатру.

Валерый Раеўскі
Валерый Раеўскі

2020 — Валеры Шкаруба, мастак.


​
XS
SM
MD
LG