У Мюнхэне нечакана знайшлі фрагмэнт скрутку Торы з Бабруйску і вырашылі яго вярнуць у Беларусь

Скрутак Торы, архіўнае ілюстрацыйнае фота
Скрутак Торы, архіўнае ілюстрацыйнае фота

Фрагмэнт Торы, скарыстаны як палатно для карціны, вывез з Бабруйску нямецкі салдат падчас Другой усясьветнай вайны.

Гісторыю пра фрагмэнт Торы расказаў сайт Chabad.org. Прадстаўнік габрэйскага рэлігійнага руху Хабад-Любавіч у Мюнхэне рабін Ёханан Гордан атрымаў ліст ад нямецкага лекара. На адваротным баку палатна карціны, якая дасталася яму ў спадчыну пасьля сьмерці бацькоў, лекар выявіў загадкавыя надпісы.

«Гэтыя тэксты — на адваротным баку партрэту маёй маці, — пісаў ён. — Толькі нядаўна, калі партрэт трапіў да мяне, я зразумеў, што надпісы зробленыя на іўрыце. Мой бацька прывёз гэты партрэт дадому з Бабруйску, дзе з жніўня 1941 па жнівень 1943 году працаваў пісарам у 581-м палявой камэндатуры. Наколькі памятаю, ён расказваў сям’і, што партрэт напісаў нейкі расейскі палонны».

Заінтрыгаваны, рабін Гордан зьвязаўся з лекарам і дамовіўся пра сустрэчу, каб асабіста агледзець карціну. Убачыўшы надпісы на адваротным баку, ён быў агаломшаны. Гэта быў, безумоўна, фрагмэнт скрутку Торы — тэкст, напісаны на пэргамэнце ад рукі традыцыйным шрыфтам.

Пэргамэнт быў выразаны з скрутку, ён паслужыў асновай, на якой быў напісаны партрэт. З словаў лекара, яго бацька служыў у нямецкай арміі падчас Другой усясьветнай вайны і знаходзіўся ў Бабруйску. Лекар адразу ўдакладніў, што ягоны бацька ня ўдзельнічаў у забойствах габрэяў, а служыў як пісар.

У Бабруйску нямецкі салдат сустрэў палоннага прафэсійнага мастака і замовіў яму партрэт сваёй жонкі, якая засталася дома. Дакладныя абставіны застаюцца невядомымі: ці быў кавалак пэргамэнту наўмысна выразаны з скрутку Торы дзеля гэтага, ці гэта быў адзін з фрагмэнтаў, што ўжо ляжалі дзесьці асобна. Так ці інакш, кавалак скрутку Торы стаў палатном для партрэту.

Калі партрэт перайшоў у спадчыну да нямецкага лекара, той заўважыў на адваротным баку нешта падобнае да каліграфічных надпісаў, але ня меў уяўленьня, што гэта такое. Толькі нядаўна, зрабіўшы фатаздымак і пашукаўшы інфармацыю ў інтэрнэце, ён даведаўся, што гэта тэкст на іўрыце, і зразумеў, што менавіта трапіла яму ў рукі. Лекар вырашыў па магчымасьці выправіць несправядлівасьць, вярнуўшы фрагмэнт Торы габрэйскай грамадзе Бабруйску.

Яму параілі зьвярнуцца ў аддзяленьне Хабаду ў Мюнхэне, дзе ён і сустрэўся з рабінам Горданам.

Рабін паабяцаў дапамагчы вярнуць фрагмэнт Торы на яго законнае месца. Пагатоў ягоны прадзед, рабін Эліягу Сімпсан, быў ураджэнцам Бабруйску. Гордан высьветліў, што прадстаўнік Хабаду ў Бабруйску цяпер рабін Шаўль Хабаба, які служыць тамтэйшай грамадзе з 2010 году.

Знойдзены фрагмэнт Торы вырашылі разьмясьціць у Габрэйскім духоўным цэнтры Беларусі — музэі, які знаходзіцца ў гістарычным будынку Бабруйскай сынагогі і якім кіруе рабін Хабаба. Яго вырашылі зьмясьціць побач з поўным скруткам Торы, які быў выратаваны ад нацыстаў і ўжо знаходзіўся ў экспазыцыі. Тысячы наведнікаў музэю змогуць убачыць іх побач. Фрагмэнт ужо перадалі рабіну Хабабу, каб той вярнуў яго ў Бабруйск — у той горад, зь якога ён быў забраны больш за 80 гадоў таму.

Пад Галакост трапілі габрэі і іх сьвятыні

Адначасова зь фізычным зьнішчэньнем мільёнаў габрэяў нацысты імкнуліся зьнішчыць іх рэлігійнае і культурнае жыцьцё. Яны спальвалі і апаганьвалі сынагогі, сьвятыя кнігі і рытуальныя прадметы; часта яны наўмысна зьневажалі скруткі Торы — самыя сьвятыя рэлігійныя абʼекты ў юдаізьме.

Адным з спосабаў апаганьваньня скруткаў Торы было наразаньне пэргамэнту для выкарыстаньня ў побыце. З пэргамэнту, узятага з скруткаў Торы, рабілі абутак, гаманцы й іншыя рэчы. Некаторыя з гэтых прадметаў былі знойдзеныя пасьля вайны і цяпер экспануюцца ў музэях Галакосту; іншыя былі пахаваныя ў адпаведнасьці з габрэйскім рэлігійным законам.

Безьліч іншых фрагмэнтаў застаюцца раскіданымі па ўсёй Эўропе — часта ў такіх месцах, дзе нікому і ў галаву не прыйшло б іх шукаць.

Што такое Хабад-Любавіч

Хабад-Любавіч — адзін з кірункаў хасідызму, габрэйскага рэлігійнага руху, які зарадзіўся ў мястэчку Любавічы колішняга Аршанскага павету (цяпер у Смаленскай вобласьці Расеі, непадалёк ад мяжы сучаснай Беларусі).

Цяпер ягоны цэнтар у Нью-Ёрку.

​
XS
SM
MD
LG