«Я пазайздросьціў беларусам»
У фільме «Купала» вытворчасьці «Беларусьфільму» Шэстак сыграў беларускага паэта. Стужка рэжысэра Ўладзімера Янкоўскага пра жыцьцё Купалы павінна была выйсьці ў беларускі пракат у 2020 годзе, але паколькі былі відавочныя наўпроставыя гістарычныя паралелі з тагачаснымі пратэстамі, яе адклалі. Пазьней у інтэрнэт трапіла чарнавая вэрсія фільму.
Мікалай Шэстак нарадзіўся ў Краславе ў Латвіі. Ягоны бацька і дзядуля былі беларусамі. Шэстак казаў, што пасьля працы над «Купалам» адчуў асабістую сувязь зь Беларусьсю.
«Я пазайздросьціў беларусам, — казаў ён у інтэрвію, калі ў яго запыталіся, чаму ён заплакаў, дагледзеўшы фінальную вэрсію „Купалы“. — Я глядзеў фільм ужо пасьля пратэстаў, у іхным кантэксьце, Бо фільм у выніку аказаўся вельмі прарочым. Глядзіш, бачыш гэтыя паралелі — расстрэлы і разгоны дэманстрантаў, рэпрэсіі, — і ўсё проста адзін у адзін.
Я плакаў ад таго, што вы — нацыя. Ад таго, што ў вас ёсьць такое кіно, якое выяўляе нацыянальны і культурны код беларуса. У мяне ў жыцьці такога ніколі не было. Гэта значыць, я ня магу на сто адсоткаў прылічыць сябе да нейкай нацыі. Я ўвесь час на пэрыфэрыі. Я жыву ў Латвіі, але я не этнічны латыш. Я жыў у Расеі, але я не расеец з расейскім мэнталітэтам — я адчуваў сябе там чужым, нягледзячы на тое, што, па сутнасьці, быў пагружаны ва ўласную культуру. А ў Беларусі я адчуў вельмі цёплае стаўленьне да сябе. Пасьля „Купалы“ я адчуў сваю прыналежнасьць да гэтага народу».
Цяпер Шэстак заявіў пра сябе ў іншай ролі — не як актор, а як аўтар і рэжысэр фільму, створанага з дапамогай штучнага інтэлекту. Ён жыве і працуе ў Латвіі, а рэжысурай займаецца каля чатырох гадоў. Экспэрымэнтуе з AI-кіно апошнія два гады.
Што адбываецца ў фільме
The First Honest Day — фантастычная сатыра пра сьвет, у якім людзі раптам губляюць магчымасьць хаваць свае сапраўдныя намеры.
Аднойчы раніцай твары людзей па ўсім сьвеце пачынаюць загадкавым чынам мяняцца. Тэлевядоўца выходзіць у жывы эфір, каб паведаміць пра незвычайную зьяву, але яе ўласны твар таксама пачынае зьмяняцца. Высьвятляецца, што справа не ў невядомай хваробе: зьнешнасьць людзей адлюстроўвае іх сапраўдныя ўчынкі і намеры. Гераіні даводзіцца адкласьці падрыхтаваны сцэнар і пачаць гаварыць праўду пра сябе.
Дзеяньне стужкі адбываецца ў Нью-Ёрку, хоць сам Шэстак ніколі там ня быў. Горад ён узнаўляў, абапіраючыся на кінэматаграфічныя вобразы і матэрыялы, а асобныя сцэны ствараў з дапамогай генэратыўных інструмэнтаў. Сам Шэстак сыграў каханага галоўнай гераіні.
Галоўная ўзнагарода ў паўмільёна даляраў
The First Honest Day атрымаў Гран-пры Astana AI Film Festival у Казахстане. На фэстываль падалі 8067 працаў са 125 краінаў, а пераможца галоўнага конкурсу атрымаў 450 тысяч даляраў.
Паглядзець фільм можна на YouTube. Даступная ангельская вэрсія, а таксама расейская агучка прафэсійнымі акторамі — яе можна выбраць у наладках гукавой дарожкі відэа.
Форум