Зяленскі: хуткасьць Starshield абмежаваная ўздоўж усёй лініі фронту

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Зяленскі заявіў, што хуткасьць працы тэрміналаў спадарожнікавай сыстэмы сувязі Starshield каля лініі фронту і на акупаваных тэрыторыях па-ранейшаму абмежаваная. Паводле яго, гэта перашкаджае ўкраінскім дронам-перахопнікам эфэктыўна змагацца з расейскімі рэактыўнымі беспілётнікамі.

Пра гэта Ўладзімір Зяленскі напісаў 15 лістапада ў сваім афіцыйным Telegram-канале.

Абмежаваньні пагражаюць абароне энэргетыкі

Паводле Зяленскага, расейскія рэактыўныя беспілётнікі атакуюць, у тым ліку, аб’екты энэргетычнай інфраструктуры. Украінскі прэзыдэнт заявіў, што разьлічвае на зьняцьце абмежаваньняў, бо ад гэтага залежыць абарона жыцьцяў людзей і ўкраінскай энэргетыкі напярэдадні зімы.

Зяленскі паведаміў, што даручыў украінскім прадстаўнікам кантактаваць з амэрыканскім бокам і кампаніяй SpaceX, якая належыць амэрыканскаму прадпрымальніку Ілану Маску.

Часовы павераны ў справах Украіны ў ЗША Дзяніс Сэнік таксама пацьвердзіў Радыё Свабода, што ўкраінскія вайскоўцы сутыкнуліся з праблемамі ў працы Starshield. Паводле яго, гаворка ідзе не пра адзінкавыя інцыдэнты.

Пры гэтым, як вынікае з заяваў украінскіх прадстаўнікоў, абмежаваньні датычацца раёнаў каля лініі фронту і акупаваных тэрыторый. На астатняй тэрыторыі Ўкраіны сувязь працуе нармальна.

Што вядома пра Starshield і Starlink

Starshield — спэцыялізаваная спадарожнікавая сыстэма сувязі SpaceX, створаная ў 2022 годзе для вайсковых, выведных і дзяржаўных структураў. Пасьля пачатку расейскага ўварваньня яе выкарыстоўвае Ўкраіна.

Гэтая сыстэма адрозьніваецца ад Starlink, якая першапачаткова прызначаная для шырэйшага кола карыстальнікаў. Абедзьве тэхналёгіі належаць да інфраструктуры SpaceX, але маюць рознае прызначэньне і ўмовы выкарыстаньня.

У кастрычніку Ўкраіна ўжо паведамляла пра запавольваньне працы Starshield і цывільнай сыстэмы Starlink. Празь некалькі дзён сувязь аднавілася ў нармальным рэжыме.

Ілан Маск тады сьцьвярджаў, што Ўкраіна выкарыстоўвала Starlink у вайсковых мэтах, у тым ліку для наступальных удараў дронамі, і што гэта было выпраўлена. Ён таксама заяўляў, што Starshield знаходзіцца пад непасрэдным кіраваньнем вайскоўцаў і што сам ён ня мае дачыненьня да магчымых абмежаваньняў гэтай сыстэмы ва Ўкраіне.

Хто ўвёў абмежаваньні?

Дагэтуль застаецца нявысьветленым, хто прыняў рашэньне пра абмежаваньні і з чым яны непасрэдна зьвязаныя.

SpaceX заявіла, што ня ўводзіла новых абмежаваньняў у працы сваіх сыстэмаў. Белы дом і Пэнтагон сытуацыю пакуль не камэнтавалі.

Прадстаўнікі Дэмакратычнай партыі ў Кангрэсе ЗША запатрабавалі ад Маска захаваць дакумэнтацыю, зьвязаную з выкарыстаньнем Starlink і Starshield ва Ўкраіне, каб пазьней высьветліць, хто стаяў за магчымымі абмежаваньнямі. Крытыку абмежаваньняў выказвалі кангрэсмэны ад абедзьвюх асноўных партыяў ЗША.

Украінскія прадстаўнікі дапускаюць, што абмежаваньні могуць выкарыстоўвацца як сродак ціску на Кіеў дзеля саступак на перамовах аб міры. Аднак на гэты момант няма незалежнага пацьверджаньня, што абмежаваньні былі ўведзеныя менавіта з такой мэтай.

​
XS
SM
MD
LG