Арыну Сабаленку ўнесьлі ў базу «Міратворца» пасьля скандалу на матчы са Сьвітолінай

Арына Сабаленка, архіўнае фота
Арына Сабаленка, архіўнае фота

Беларускую тэнісістку Арыну Сабаленку ўнесьлі ў базу зьвестак украінскага сайту «Міратворац». Яе пэрсанальныя зьвесткі зьявіліся на рэсурсе 14 лістапада — на наступны дзень пасьля скандалу падчас матчу з украінкай Элінай Сьвітолінай на Выніковым турніры WTA.

Профіль Сабаленкі ў базе «Міратворца»

Падчас гульні Сабаленка груба выказалася пасьля няўдалага розыгрышу. Відэа эпізоду разышлося ў сацыяльных сетках. На запісе саміх словаў выразна не чуваць, але карыстальнікі расшыфравалі іх як лаянку на адрас украінцаў. Пасьля гульні Сабаленка патлумачыла, што яе рэакцыя тычылася не Сьвітолінай, а гледачоў, якія радаваліся яе памылкам. Паводле Сабаленкі, яна не стрымала эмоцыяў.

Стваральнікі «Міратворца» абвінавацілі спартоўку ў распальваньні міжнацыянальнай і міжканфэсійнай варожасьці, публічнай падтрымцы расейскай агрэсіі супраць Украіны і забойстваў украінскіх грамадзянаў, а таксама ва ўдзеле ў актах гуманітарнай агрэсіі супраць Украіны.

Латушка заклікаў адхіліць Сабаленку ад турніраў WTA

Кіраўнік НАУ Павел Латушка асудзіў паводзіны тэнісісткі і заявіў, што яе трэба адхіліць ад усіх спаборніцтваў пад эгідай Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA).

«Яна ганьбіць беларускі народ», — напісаў Латушка. Ён таксама папракнуў Сабаленку за тое, што яна не асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны, рэпрэсіі ў Беларусі і ня выступіла ў падтрымку вызваленьня палітвязьняў.

Пазыцыя Сабаленкі наконт вайны і Лукашэнкі

У чэрвені 2023 году, пасьля перамогі над Сьвітолінай на «Ралан Гарос», Сабаленка заявіла, што на той момант не падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку.

Аднак у жніўні 2026 году ў інтэрвію часопісу Time яна зноў ня стала адказваць на пытаньне пра сваё стаўленьне да Лукашэнкі, якога зьвязваюць саюзныя адносіны з Уладзімірам Пуціным. Кажучы пра поўнамаштабную вайну супраць Украіны, тэнісістка заявіла, што ніхто не падтрымлівае вайну.

Што такое «Міратворац»

Сайт «Міратворац» працуе ад 2014 году. На ім публікуюць пэрсанальныя зьвесткі людзей, якіх стваральнікі рэсурсу лічаць пагрозай нацыянальнай бясьпецы Ўкраіны. Сайт не зьяўляецца афіцыйным рэсурсам украінскіх дзяржаўных органаў.

Унясеньне чалавека ў базу «Міратворца» само па сабе не азначае, што супраць яго вынесены судовы прысуд або ўведзеныя дзяржаўныя санкцыі. Аднак публікацыя пэрсанальных зьвестак на гэтым рэсурсе можа мець шэраг наступстваў: публічнасьць, рэпутацыйныя рызыкі і магчымая непажаданая ўвага да чалавека, як, напрыклад онлайн-цкаваньне і пагрозы.

​
XS
SM
MD
LG