Украіна нарошчвае фартыфікацыі на мяжы зь Беларусьсю і пакуль там не фіксуе вайсковай актыўнасьці

Так у 2022 годзе, пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну зь беларускай тэрыторыі, выглядала украінская частка мяжы  ў Валынскай вобласьці Ўкраіны. Ілюстрацыйнае фота
Так у 2022 годзе, пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну зь беларускай тэрыторыі, выглядала украінская частка мяжы ў Валынскай вобласьці Ўкраіны. Ілюстрацыйнае фота

У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны паведамілі, што нарошчваюць фартыфікацыі ва ўсіх абласьцях краіны, якія мяжуюць зь Беларусьсю.

«Інжынэрныя падразьдзелы Дзяржаўнай памежнай службы, якія адпавядаюць за гэты кірунак, вядуць работы. Ня буду раскрываць усіх дэталяў аб гатоўнасьці, або як яны ўладкоўваюцца, і на якіх участках, але ў межах усіх вобласьцяў нашай дзяржавы, якія мяжуюць ці маюць мяжу зь Беларусьсю, такія работы вядуцца на досыць высокім узроўні», — сказаў сьпікер памежнай службы Андрэй Дземчанка ў эфіры агульнацыянальнага тэлемаратону.

Паводле яго, інжынэрныя і фартыфікацыйныя работы не спыняюць.

«Мы павінны пастаянна нарошчваць нашыя інжынэрныя ўмацаваньні непасрэдна па лініі мяжы, і фартыфікацыйныя, для таго, каб кожны ўкраінскі воін, які знаходзіцца на гэтым кірунку, меў усе магчымасьці адбіваць і супрацьдзейнічаць любой пагрозе, што можа сыходзіць з тэрыторыі Беларусі, бо гэты кірунак застаецца для нас пагрозьлівым», — дадаў ён.

«На шчасьце, нейкіх дзеяньняў непасрэдна каля мяжы з таго боку мы не фіксуем, як, уласна, не фіксуем нарошчваньня груповак сіл і сродкаў. Але зноў жа, пакуль Беларусь знаходзіцца ў сфэры ўплыву Крамля, наша задача — быць гатовымі да разьвіцьця любых сытуацый», — заявіў Андрэй Дземчанка.

Што папярэднічала

10 лістапада ў падмаскоўнай рэзыдэнцыі прэзыдэнта Расеі Нова-Агарова адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна. Лукашэнка, сярод іншага, падзякаваў Пуціну за расейскія войскі, што стаяць на «заходнім кірунку».

Аляксандар Лукашэнка, згадаўшы рэгулярныя вайсковыя праверкі і стварэньне баявых падразьдзелаў у Беларусі, падзякаваў Пуціну за «падтрымку і дапамогу ў забесьпячэньні сучаснымі відамі ўзбраеньняў, якія атрымлівае беларуская армія». «У гэтым пляне вы можаце не турбавацца», — дадаў ён.

Таксама ён падзякаваў Пуціну за тое, што ён трымае на заходнім кірунку войскі і не адпраўляе іх на ўкраінскі фронт.

«Пры той падтрымцы, пра якую мы з вамі дамовіліся ў рамках АДКБ, калі на заходнім кірунку беларуская армія і расейскія Ўзброеныя сілы, — тыя фармаваньні, якія вы стварылі і на ўсялякі выпадак трымаеце на захадзе... Яны вельмі баяздольныя і гатовыя абараняць Беларусь.

Я вам удзячны за тое, што вы трымаеце гэтыя войскі ў баявой гатоўнасьці. І пры ўсёй складанасьці там нейкіх пытаньняў іх ніколі не накіроўвалі ў зону баявых дзеяньняў ва Ўкраіне. Для нас гэта вельмі важна. Таму я вам вельмі ўдзячны», — сказаў Лукашэнка.

Чаму гэта важна

Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.

Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.

У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.

Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну супраць Беларусі заходнія краіны, Эўразьвяз і Ўкраіна працягваюць уводзіць санкцыі.

Цягам усяго пэрыяду ад моманту расейскага ваеннага ўварваньня ў 2022 годзе на тэрыторыі Беларусі практычна безь перапынку праводзяць вайсковыя вучэньні.

​
XS
SM
MD
LG