Дата дня
13 лістапада 1806 году нарадзілася Эмілія Плятэр, беларуская фальклярыстка, удзельніца паўстаньня 1830–1831 гадоў.
Прадстаўніца графскага роду Плятэраў, якія ў XVII стагодзьдзі перабраліся ў Вялікае Княства Літоўскае. Дзяцінства Эміліі прайшло ў маёнтку Ліксна пад Дзьвінскам (цяпер Латвія, тады Віцебская губэрня), дзе яна атрымала добрую хатнюю адукацыю.
Яна зьбірала і апрацоўвала беларускія народныя песьні, віртуозна валодала жанрам галашэньняў, выконвала на фартэпіяна народныя мэлёдыі, захаплялася беларускай харэаграфіяй, сама танцавала народныя танцы. Спрабавала пісаць беларускія вершы, у тым ліку стылізаваныя пад народныя галашэньні.
У часе вызвольнага паўстаньня 29 сакавіка 1831 году разам са сваяком арганізавала ў мястэчку Дусяты партызанскі атрад з 280 стралкоў, 60 коньнікаў ды некалькіх соцень касінераў і павяла яго на Дзьвінск. Сярод паўстанцаў былі і дзяўчаты.
За сьмеласьць і рашучасьць камандаваньне паўстанцкімі сіламі прызначыла Эмілію Плятэр ганаровым камандзірам роты ў пяхотным палку і прысвоіла ёй званьне капітана. Пры адыходзе паўстанцаў Эмілія захварэла і памерла 23 сьнежня 1831 году. Ёй было ўсяго 25. Пахаваная ў мястэчку Капцёва (Kapčiamiestis) у Літве.
У 1832 годзе Адам Міцкевіч, які ведаў Эмілію, прысьвяціў ёй верш «Сьмерць палкоўніка».
У гэты дзень
1851 — пачала дзейнічаць камэрцыйная тэлеграфная сувязь паміж Вялікай Брытаніяй і Францыяй праз падводны кабэль на дне Ла-Маншу.
1851 — увялі ў эксплюатацыю чыгунку паміж Масквой і Санкт-Пецярбургам.
1915 — у Вільні адкрылася першая беларуская пачатковая школа. Гэтаму папярэднічалі гады змаганьня за беларускую школу, якую не даваў адкрыць царскі ўрад.
У школе выкладала нямецкую мову Юльяна Мэнке, нарачоная Івана Луцкевіча. Усе яны разам з Вацлавам Ластоўскім ды іншымі ўваходзілі ў Беларускую школьную камісію на чале з Антонам Луцкевічам. Эліта нацыянальнага руху, не заўсёды згодная міжсобку ў палітычных пытаньнях, супольна займалася беларускім школьніцтвам як прыярытэтнаю справаю.
Пра стварэньне школы гісторык Уладзімер Ляхоўскі пісаў так:
Першая беларуская школа ў зоне Обэр-Ост была адкрытая 13 лістапада 1915 году ў Вільні на Юраўскай вуліцы дзякуючы стараньням Аляізіі Пашкевіч-Кейрысовай і Баляслава Пачобкі. Пачаткова лік вучняў у школе складаў усяго 36 чалавек, зь якіх былі сфармаваныя 3 узроставыя групы.
13 лістапада нефармальна адзначаецца Дзень беларускай школы. Сёлета ён праходзіць на тле няспыннага зацісканьня беларускамоўнай адукацыі на радзіме, у Беларусі. У 2025/2026 навучальным годзе, на беларускай мове ў краіне вучыліся толькі каля 8% школьнікаў.
На 100-годзьдзе Таварыства беларускай школы рэжым Лукашэнкі скасаваў рэгістрацыю гэтай арганізацыі.
1918 — Савецкая Расея абвясьціла пра ануляваньне Берасьцейскага міру, падпісанага ў сакавіку зь Нямеччынай.
1985 — у Калюмбіі вулькан растапіў лёд на вяршыні, і патокі вады, гразі і каменьня забілі каля 25 тысяч чалавек.
2015 — адбылася сэрыя тэрарыстычных атак у Парыжы, загінулі 132 чалавекі.
У гэты дзень нарадзіліся
1836 — Яраслаў Дамброўскі, адзін з арганізатараў паўстаньня 1863–1864 гадоў, генэрал Парыскай камуны.
1850 — Робэрт Льюіс Стывэнсан, шатляндзкі пісьменьнік.
1877 — Мікалай Нікольскі, гісторык, акадэмік. Працаваў у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце, кіраваў Інстытутам гісторыі Акадэміі навук БССР.
1891 — Іван Саланевіч, расейскамоўны публіцыст, пісьменьнік і ідэоляг расейскага манархізму. Дзяцінства і маладосьць правёў у Горадні і Вільні. У 1930-я гады быў вязьнем савецкага лягеру, пазьней уцёк за мяжу і напісаў кнігу «Расея ў канцлягеры».
2020 — у Беларусі прайшлі акцыі памяці Рамана Бандарэнкі, 31-гадовага менчука, які памёр напярэдадні пасьля зьбіцьця і выкраданьня з «плошчы Перамен». У гэты ж дзень журналістка Tut.by Кацярына Барысевіч апублікавала зьвесткі з мэдычных дакумэнтаў, якія сьведчылі пра адсутнасьць алькаголю ў крыві Бандарэнкі і абвяргалі заявы ўладаў, што ён быў п’яны. Празь некалькі дзён яе і лекара Арцёма Сарокіна затрымалі. Журналістку асудзілі на шэсьць месяцаў зьняволеньня, лекара — на 2 гады з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня.
У памяці
1852 — Іван Грыгаровіч, гісторык і сьвятар, адзін з пачынальнікаў навуковага вывучэньня пісьмовых крыніц гісторыі Беларусі.
1933 — Антон Ясінскі, гісторык, прафэсар БДУ і акадэмік АН Чэхіі і БССР.
1942 — Уладзіслаў Талочка, беларускі рэлігійны дзяяч, гісторык і літаратурны крытык. За нацыянальную і рэлігійную дзейнасьць зазнаваў перасьлед з боку польскіх уладаў.
1943 — Уладзіслаў Казлоўскі, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, паэт, выдавец. Быў адным з арганізатараў Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі ў 1930-я гады. У час нямецкай акупацыі ўзначальваў «Беларускую газэту», якая выходзіла ў Менску і друкавала ў тым ліку нацыянал-сацыялістычную і антысэміцкую прапаганду. Застрэлены ў рэдакцыі партызанамі.
1985 — Варлен Бечык, літаратуразнаўца, пісьменьнік.
1985 — Антон Валынчык, хормайстар.
1989 — Фёдар Янкоўскі, беларускі мовазнаўца і пісьменьнік. Сябар Саюзу беларускіх пісьменьнікаў з 1968 году. З 1983-га — прафэсар катэдры беларускага мовазнаўства. Складальнік зборнікаў крылатых словаў і афарызмаў, прыказак і прымавак.
1992 — Якаў Парэцкі, знаўца і перакладнік сярэднявечнай літаратуры. Вывучаў творчасьць Міколы Гусоўскага, Сымона Буднага і Салямона Рысінскага, перакладаў з лацінскай і польскай моваў.
2007 — Цімох Вострыкаў, удзельнік антысавецкага збройнага супраціву пачатку 1950-х, палітвязень, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1990-х – пачатку ХХІ стагодзьдзя.