У 2014 годзе Ганну Норкус (тады яе прозьвішча было Шарэйка) пазбавілі статусу члена Савету Рэспублікі і арыштавалі. Паводле сьледчых, птушкафабрыка доўгі час набывала кармы за мяжой і па завышаных цэнах. Дырэктарку абвінавацілі ў прычыненьні шкоды ў буйным памеры. Віны яна не прызнала.
За кратамі яна правяла амаль два гады, яшчэ 5 месяцаў доўжыўся працэс. Пасьля вынясеньня прысуду — 2,5 года калёніі — суд вызваліў яе паводле амністыі.
На волі Ганна Шарэйка заявіла, што не крыўдуе за арышт, падзякавала за добрае абыходжаньне за кратамі — і неўзабаве вярнулася ў дырэктарскае крэсла на «Ганьне».
Адметна, што арыштаваную дырэктарку актыўна падтрымлівалі работнікі птушкафабрыкі. Яны ня верылі ў яе віну, зьвярталіся да Лукашэнкі з просьбамі вызваліць яе, прыяжджалі на суд у Менск.
Ганна Норкус узначальвае Віцебскую птушкафабрыку з 1998 году. На сёньня гэта адно з самых пасьпяховых прадпрыемстваў Віцебшчыны.
У 2018 годзе яна атрымала тытул «Чалавек году Віцебшчыны» ў намінацыі «Аграпрамысловы комплекс, ахова навакольнага асяродзьдзя, лясная гаспадарка».
У 2020-м — званьне «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь».
У 2023-м — ганаровую грамату Савету Міністраў за шматгадовую плённую працу, высокі прафэсіяналізм і значны асабісты ўнёсак у сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё Віцебскай вобласьці.
Усяго сёньня Аляксандар Лукашэнка ўзнагародзіў 83 чалавек. Апрача Ганны Норкус, Ордэн Працоўнай Славы атрымаў і дырэктар агракамбінату «Ждановічы» Рыгор Чуйко.
Форум