Гэты дзень у гісторыі
1871 — амэрыканскі журналіст Генры Мортан Стэнлі знайшоў на беразе возера Танганьіка (цяпер Танзанія) брытанскага дасьледніка Дэвіда Лівінгстана, зь якім некалькі гадоў ня было сувязі. Стэнлі адправіўся на ягоныя пошукі па заданьні газэты New York Herald. Да вясны яны дасьледавалі ваколіцы разам. Лівінгстан адмовіўся вяртацца ў Эўропу і застаўся ў Афрыцы, дзе неўзабаве памёр. Стэнлі ж па вяртаньні напісаў кнігу пра экспэдыцыю, якая прынесла яму сусьветную славу.
1920 — аддзелы Станіслава Булак-Балаховіча занялі Мазыр. Булак-Балаховіч абвясьціў незалежнасьць Беларусі і назваў сябе кіраўніком беларускай дзяржавы. Аднак ужо 20 лістапада Мазыр ізноў заняла Чырвоная Армія.
1980 — у Польшчы афіцыйна зарэгістраваная «Салідарнасьць» — першы незалежны прафсаюз у краінах сацыялістычнага блёку.
1997 — у Беларусі абвясьцілі грамадзянскую ініцыятыву «Хартыя’97», натхнёную чэхаславацкай «Хартыяй-77». У незалежных газэтах апублікавалі дэклярацыю, аўтары якой заклікалі да абароны Канстытуцыі, свабоды слова, правоў чалавека, беларускай мовы і культуры. Першымі дакумэнт падпісалі каля ста вядомых грамадзкіх дзеячоў, палітыкаў, пісьменьнікаў і журналістаў, сярод якіх былі Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Алесь Бяляцкі і Станіслаў Шушкевіч. Пазьней да ініцыятывы далучыліся больш за сто тысяч чалавек.
2020 — Армэнія і Азэрбайджан пры пасярэдніцтве Расеі падпісалі пагадненьне аб спыненьні ваенных дзеяньняў у Нагорным Карабаху. Азэрбайджан захаваў занятыя падчас вайны тэрыторыі, а ў верасьні 2023 году заваяваў увесь Нагорны Карабах.
У гэты дзень нарадзіліся
1483 — Марцін Лютэр, нямецкі рэфарматар царквы.
1749 — Мацей Радзівіл, драматург, кампазытар, аўтар лібрэта апэрэт.
1759 — Фрыдрых Шылер, нямецкі паэт, філёзаф, гісторык і драматург.
1910 — Антон Каржанеўскі, мастак.
1921 — Віктар Роўда, беларускі харавы дырыжор і пэдагог.
1934 — Іван Курбека, паэт і музэязнаўца.
У памяці
1673 — Міхал Вішнявецкі, вялікі князь літоўскі і польскі кароль. Ён памёр падчас вайны Рэчы Паспалітай з Асманскай імпэрыяй, за дзень да пераможнай бітвы пад Хацінам, у якой войска Рэчы Паспалітай разьбіла турэцкую армію. Перамога прынесла славу Яну Сабескаму, які ў 1674 годзе стаў новым каралём.
1851 — Ян Ходзька, пісьменьнік, драматург і грамадзкі дзяяч, адзін з арганізатараў масонскіх ложаў у Менску і Вільні. Удзельнічаў у паўстаньні 1830–1831 гадоў, за што быў сасланы на Ўрал. Пахаваны ў Заслаўі, магіла не захавалася.
1891 — Арцюр Рэмбо, францускі паэт.
1938 — Мустафа Кемаль Ататурк, турэцкі дзяржаўны дзеяч.
1938 — Уладзімер Тэраўскі, беларускі дырыгент, кампазытар, фальклярыст. Аўтар музыкі да «Ваяцкага маршу», які пачынаецца з радкоў «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Расстраляны НКВД у Менску.
1942 — Сымон Баранавых, беларускі празаік. Памёр у лягеры на Калыме.
1982 — Леанід Брэжнеў, кіраўнік Савецкага Саюзу з 1964 да 1982 году.
https://smarturl.click/MAzp