З прычыны хваробы зь Дзянісам Івашыным некалькі тыдняў не было сувязі. І толькі ў 6 лістапада яго маці дачакалася тэлефанаваньня, піша БАЖ.
«З кароткай размовы высьветлілася і прычына доўгага перапынку ў камунікацыі з Дзянісам. Ён увесь гэты час (з 22.10 па 02.11) сур’ёзна хварэў, нават патрапіў у мэдчастку калёніі. Вірус настолькі моцна яго прыціснуў, што Дзяніс не меў сілы нават падняцца з лязарэтнага ложка, не тое, каб напісаць нам ліст ці падпісаць паштоўку. Пра паходы да тэлефонаў я наагул прамаўчу», — напісала Вольга Івашына, жонка зьняволенага журналіста, на сваёй старонцы ў Facebook.
Дзяніс Івашын перанёс віруснае захворваньне. Жонка палітвязьня перакананая, што менавіта цяжкія ўмовы ў калёніі і немагчымасьць апэратыўна перадаваць зьняволеным неабходныя лекі і вітаміны адыгралі злую ролю ў гэтай сытуацыі.
Івашын знаходзіцца ў ПК-15 ў Магілёве з 18 чэрвеня 2026 года.
«Наш Дзяніс захварэў менавіта праз аслаблены адсутнасьцю вітамінаў імунітэт. Апошні раз мы перадавалі яму вітаміны, здаецца, яшчэ ў СІЗА горадзенскай вязьніцы. Тыя вітаміны Дзяніс ашчадна выкарыстоўваў амаль увесь час турэмнага тэрміну. Але ж запас не можа быць бясконцым, а новыя вітаміны, як і любыя іншыя лекі, палітвязьню перадаць у рэжымныя калёніі і турмы — амаль невыканальны квэст з асобных „колаў пекла“», — зазначае Вольга Івашына.
Паводле яе зьвестак, зь 9 лістапада Дзяніс павінен працаваць у калёніі на тых самых умовах, што і да хваробы.