Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўрапарлямэнце выступілі ў падтрымку ахвяр трансьмежавых рэпрэсій з боку дыктатарскіх рэжымаў, у тым ліку беларусаў

Кіраўніца дэлегацыі Эўрапарлямэнту па сувязях зь Беларусьсю Малгажата Гасеўска прадстаўляла справаздачу па беларускай сытуацыі.
Кіраўніца дэлегацыі Эўрапарлямэнту па сувязях зь Беларусьсю Малгажата Гасеўска прадстаўляла справаздачу па беларускай сытуацыі.

5 лістапада ў Бруселі адбыліся дэбаты дэпутатаў Эўрапарлямэнту, прысьвечаныя росту транснацыянальных рэпрэсій, арганізаваных дыктатарскімі краінамі, у тым ліку Беларусьсю.

Галоўнай тэмай супольнай сустрэчы дэлегацый Эўрапарлямэнту па сувязях зь Беларусьсю, Іранам, Кітаем і Расеяй стала супрацьдзеяньне спробам аўтарытарных рэжымаў перасьледаваць і затрымліваць сваіх крытыкаў за мяжой.

Адной з сустаршынь дэбатаў выступіла польская эўрадэпутатка, кіраўніца дэлегацыі Эўрапарлямэнту па сувязях зь Беларусьсю Малгажата Гасеўска, якая прадстаўляла справаздачу па беларускай сытуацыі.

Яна падкрэсьліла, што пасьля брутальнага задушэньня пратэстаў 2020 году сотні тысяч беларусаў апынуліся ў эміграцыі.

«Мы ўжо чулі пра ўсё большую пагрозу, якую ўяўляюць сабой трансмежавыя рэпрэсіі. Беларусь — асабліва яскравы прыклад гэтага. Паводле ацэнак, цяпер за мяжой жыве прыкладна 800 000 беларусаў. Аднак перасячэньне мяжы зусім не азначае, што чалавек апынуўся ў бясьпецы. Для многіх беларусаў уплыў рэжыму не сканчаецца з момантам выезду з краіны», — заявіла Гасеўска.

Паводле Гасеўскай, тыдзень за тыднем беларускія ўлады арыштоўваюць палітычных актывістаў, праваабаронцаў і журналістаў; на сёньняшні дзень колькасьць палітвязьняў складае прыкладна 880 чалавек. Гэтыя няспынныя рэпрэсіі ўнутры краіны служаць фонам для намаганьняў рэжыму прымусіць змоўкнуць і крытыкаў за мяжой.

«Уцёкі зь Беларусі больш не гарантуюць бясьпекі. Паколькі рэжым Лукашэнкі пашырае маштабы сваіх транснацыянальных рэпрэсій, беларусы, якія шукаюць прытулку ў Эўропе і іншых рэгіёнах сьвету, працягваюць сутыкацца з пагрозамі, запалохваньнем і перасьледам па-за межамі сваёй краіны. Крытыкі рэжыму могуць апынуцца ў сытуацыі, калі яны «нідзе не знаходзяцца ў бясьпецы», — заявіла эўрадэпутатка ад Польшчы.

Гасеўская згадала Сьвятлану Ціханоўскую — яна і яе каманда неаднаразова сутыкаліся з пагрозамі і кібэратакамі, і падкрэсьліла:

«Дыктатуры навучыліся перасьледаваць сваіх апанэнтаў, дзе б тыя ні знаходзіліся».

Прыклады трансьмежавых рэпрэсій

Паводле яе словаў, тактыкі рэжыму розныя — судовыя працэсы і вынясеньне прысудаў завочна, канфіскацыя маёмасьці, ціск на сваякоў, якія засталіся ў Беларусі, прызнаньне асоб і арганізацый, што знаходзяцца ў выгнаньні, «экстрэмісцкімі» або «тэрарыстычнымі».

Рэжым злоўжывае міжнародным супрацоўніцтвам праваахоўных органаў — у тым ліку мэханізмамі Інтэрполу, — а таксама імкнецца вэрбаваць або прымушаць асоб, якія жывуць за мяжой, сачыць за беларускай дыяспарай і запалохваць яе.

Паводле Гасеўскай, асабліва цяжкім прыкладам зьяўляецца выкарыстаньне пытаньняў грамадзянства і консульскіх паслуг у якасьці інструмэнту рэпрэсій. З 2023 года беларусы, якія жывуць за мяжой, ня могуць абнавіць або атрымаць пашпарты праз консульствы.

У былых палітвязьняў, вызваленых і высланых зь Беларусі, канфіскавалі дакумэнты, якія сьведчаць асобу, або прызналі іх несапраўднымі. У выніку яны сутыкнуліся з сур’ёзнымі перашкодамі ў легалізацыі свайго пражываньня, працаўладкаваньні і доступе да неабходных паслуг.

Беларускія чыноўнікі і дзяржаўныя СМІ адкрыта пагражаюць тым, хто знаходзіцца ў выгнаньні, хвалячыся тым, што ўлады могуць знайсьці і пакараць іх нават за мяжой, заявіла Гасеўска.

«Эўрапейскі парлямэнт выразна заявіў, што гэтая пагроза патрабуе нечага большага, чым простага асуджэньня. Ён настойваў на выпрацоўцы агульнага для ўсяго ЭЗ вызначэньня, паляпшэньні збору дадзеных і справаздачнасьці, больш цесным супрацоўніцтве паміж нацыянальнымі органамі ўлады, а таксама на ўзмацненьні абароны, арыентаванай на патрэбы ахвяр. Таксама прагучаў заклік да больш строгага кантролю за злоўжываньнямі мэханізмамі Інтэрполу. Цяпер галоўная задача — ператварыць гэтае разуменьне сытуацыі ў рэальную і эфэктыўную абарону на практыцы», — заклікала Малгажата Гасеўска.

Якія прапановы прагучалі

Як паведамляе Польскае Радыё, на дэбатах былі вызначаныя галоўныя задачы Эўрапарлямэнту і ЭЗ па барацьбе з гэтай пагрозай:

  • Комплексная стратэгія ЭЗ: стварэньне адзінай сыстэмы збору інфармацыі, паляпшэньне каардынацыі паміж краінамі-чальцамі і выразнае рэагаваньне на пагрозы.
  • Абарона ахвяр рэпрэсій: забесьпячэньне даступных каналаў паведамленьня пра небясьпеку, юрыдычнай дапамогі і рэальнай аховы, а таксама недапушчэньне выкарыстаньня палітычна матываваных арыштаў і Інтэрполу.
  • Прыцягненьне да адказнасьці: увядзеньне санкцый і правядзеньне расьследаваньняў у дачыненьні да тых, хто арганізуе і фінансуе транснацыянальны ціск.
  • Міжнароднае супрацоўніцтва: падтрымка незалежных журналістаў, праваабаронцаў і дыяспар, каб межы эўрапейскіх краін не служылі інструмэнтам для экспарту рэпрэсій.
  • Неабходнасьць канкрэтных дзеяньняў з боку Эўракамісіі, Рады ЭЗі ўрадаў асобных краін.
Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG