Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень памяці Стэфаніі Станюты

Стэфанія Станюта (1905 — 2000)
Стэфанія Станюта (1905 — 2000)

Падзеі 6 лістапада ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Гэты дзень у гісторыі

1595 — Слуцак занялі запароскія казакі атамана Севярына Налівайкі.

1860 — Абрагама Лінкальна выбралі прэзыдэнтам ЗША.

Абрагам Лінкальн
Абрагам Лінкальн

1917 — у Менску завяршылася першая сэсія Беларускай вайсковай цэнтральнай рады, створанай паводле пастановы зьезду беларускіх вайскоўцаў Заходняга фронту. Яна імкнулася аб’яднаць вайскоўцаў-беларусаў і дамагалася фармаваньня нацыянальных вайсковых частак.

1927 — у Вільні заснавалі партыю «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя».

1940 — у Менску адкрыўся першы ў Беларусі радыёзавод.

1945 — заснаваны Менскі матацыклетна-роварны завод.

1987 — заснаваны Дзяржаўны музэй гісторыі беларускай літаратуры. Для наведнікаў музэй адкрыўся ў 1991 годзе.

2018 — у Курапатах усталявалі дзяржаўны мэмарыяльны знак. Ягонага ўрачыстага адкрыцьця не было.

Усталяваньне дзяржаўнага мэмарыяльнага знаку ў Курапатах, 6 лістапада 2018 году
Усталяваньне дзяржаўнага мэмарыяльнага знаку ў Курапатах, 6 лістапада 2018 году

2019 — у Слоніме ўрачыста адкрылі бюст Міхала Казімера Агінскага, вялікага гетмана літоўскага, кампазытара і мэцэната XVIII стагодзьдзя. Дзякуючы яму Слонім стаў адным з культурных цэнтраў Рэчы Паспалітай — з опэрным тэатрам, аркестрам і балетнай трупай.

У гэты дзень нарадзіліся

1742 — Фабіян Саковіч, паэт, перакладчык, пэдагог і каталіцкі сьвятар, які паходзіў зь беларускіх земляў Рэчы Паспалітай.

Навучаўся ў езуіцкіх калегіюмах Віцебску і Нясьвіжу, выкладаў у Нясьвіжы, пазьней працаваў у Варшаве. Пісаў па-польску, перакладаў творы антычных аўтараў.

1800 — Леанард Ходзька, гісторык, публіцыст, географ і выдавец, ураджэнец Ашмяншчыны.

Вучыўся ў Віленскім унівэрсытэце, належаў да таварыства філярэтаў, быў асабістым сакратаром кампазытара і дзяржаўнага дзеяча Міхала Клеафаса Агінскага.

1887 — Радаслаў Астроўскі, удзельнік Слуцкага паўстаньня, дырэктар Віленскай беларускай гімназіі. Пасьля вайны жыў у эміграцыі, памёр у ЗША ў 1976 годзе.

1890 — Лейб Найдус, габрэйскі паэт і перакладчык з Горадзеншчыны, адзін з наватараў паэзіі на ідышы.

У творчасьці спалучаў габрэйскія літаратурныя традыцыі з эўрапейскім мадэрнізмам, перакладаў Гётэ, Гейнэ, Пушкіна, Лермантава, Бадлера, Вэрлена і іншых клясыкаў. Памёр ад дыфтэрыі ў Горадні ў 1918 годзе, маючы 28 гадоў. Ягоныя творы перакладаў на беларускую мову Максім Танк.

1891 — Язэп Воўк-Левановіч, беларускі мовазнавец. У 1937 годзе быў арыштаваны. Ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў.

1912 — Віктар Войтанка, беларускі палітычны і рэлігійны дзяяч, лекар.

1919 — Мікола Гарулёў, беларускі пісьменьнік.

1968 — Аляксандар Баль, беларускі бард, паэт і кампазытар, аўтар песьні «На родине моей беда, беда», прысьвечанай падзеям 2020 году ў Беларусі.

Больш за два дзесяцігодзьдзі працаваў у Магілёўскім абласным драматычным тэатры. У 2023 годзе быў пакараны 15 соднямі адміністрацыйнага арышту з палітычных матываў, пазьней вымушана зьехаў зь Беларусі.

1977 — Марына Золатава, беларуская журналістка, галоўная рэдактарка парталу Tut.by.

У траўні 2021 году яе арыштавалі пасьля разгрому рэдакцыі парталу, а ў 2023-м асудзілі на 12 гадоў калёніі. Праваабаронцы прызналі журналістку палітзьняволенай. 13 сьнежня 2025 году Золатаву вызвалілі і прымусова вывезьлі зь Беларусі.

У памяці

1862 — Віктар Каліноўскі, беларускі археограф, брат Кастуся Каліноўскага.

Ён дасьледаваў гістарычныя дакумэнты Вялікага Княства Літоўскага, удзельнічаў у дзейнасьці падпольных гурткоў у Пецярбургу і паўплываў на палітычныя погляды брата, будучага кіраўніка паўстаньня, да пачатку якога Віктар не дажыў некалькіх месяцаў. Яму было 29 гадоў.

1863 — Міхал Кулеша, мастак, літограф.

1940— Лявон Вітан-Дубейкаўскі, архітэктар, дзяяч беларускага нацыянальнага руху, паэт.

Будаўнічую адукацыю атрымаў у Варшаве. Аўтар царквы ў Відзах і касьцёла ў Дрысьвятах, цэркваў на Смаленшчыне. Працаваў у стылях нэаготыкі і мадэрну. Выкладаў на беларускіх настаўніцкіх курсах у Горадні і Вільні. У 1918 годзе ён быў прызначаны галоўным архітэктарам БНР, а ў 1919-м — ейным консулам у Польшчы.

1947 — Лукаш Голад, беларусізатар праваслаўя ў Заходняй Беларусі, рэдактар і выдавец часопіса «Праваслаўная Беларусь».

1980 — Станіслаў Станкевіч, літаратуразнаўца, дзяяч беларускай дыяспары ў ЗША, шмат гадоў рэдагаваў газэту «Беларус».

2000 — Стэфанія Станюта, беларуская акторка.

Упершыню выйшла на сцэну ў 1919-м у Першым таварыстве беларускай драмы і камэдыі. З 1931-га і да апошніх дзён — амаль сем дзесяцігодзьдзяў — яе жыцьцё было зьвязанае з купалаўскай трупай.

2006 — Мікалай Ільніцкі, беларускі грамадзкі і культурны дзяяч, шматгадовы дырэктар Полацкага нацыянальнага гісторыка-культурнага запаведніка.

2019 — Алесь Шут, беларускі лекар, палітык і грамадзкі дзяяч, дэпутат Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня.

Алесь Шут
Алесь Шут
Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG