Скончылася галасаваньне кампаніі «Расьліна году — 2027». Вызначэньне расьліны году ладзіла «Батанічнае таварыства» пры падтрымцы рэдакцыі «Смартпрэс» і кампаніі «Дзікая прырода».
Удзельнікі выбару аддалі 3277 галасоў на пяці онлайн-пляцоўках, піша канал «Дзікая прырода побач».
- 1 месца — чабор — 34%.
- 2 месца — дуб звычайны — 24%.
- 3 месца — вэнэрын чаравічак — 18%.
Чабор стаў лідэрам на чатырох зь пяці пляцовак і з істотным адрывам стаў пераможцам. «Расьлінай 2026 году» быў верас звычайны.
Што мы ведаем пра чабор?
Гэта нізкі шматгадовы паўхмызьняк зь непаўторным водарам. Адна з самых пазнавальных дзікарослых расьлінаў Беларусі — сустракаецца па ўсёй краіне, сьцелецца па сухіх лясных прагалінах.
Чабор квітнее ў траўні–чэрвені, утвараючы лілова-ружовыя дываны. Выкарыстоўваецца ў народнай мэдыцыне як гарбата і прыправа, а яшчэ гэта выдатны меданос — з нэктару атрымліваецца духмяны мёд. Яркі водар чабору асацыюецца зь летам.
Чабор не знаходзіцца пад пагрозай зьнікненьня, але ён заслугоўвае ўвагі як культурны сымбаль вернасьці сваім караням і любові да роднай зямлі, адзначае старонка.
Адзначым таксама, што чабор быў Беларускім словам году-2021.
Форум